За плячыма гэтага творцы — гады ўпартай працы, настойлівых пошукаў, адданасці і поўнай самааддачы любімай справе — справе развіцця і працвітання беларускага харэаграфічнага мастацтва. 30 кастрычніка 2021 года народны артыст Беларусі, кавалер ордэнаў “Дружбы народаў” і “Францыска Скарыны” Анатоль Міхайлавіч Вараб’ёў адзначыў 80-годдзе.
Усё, што рабіў і робіць Анатоль Міхайлавіч, адзначана своеасаблівым знакам якасці. Ён заўсёды ставіць перад сабой высокія мэты і выкладваецца па поўнай для таго, каб іх дасягнуць і пераадолець. Сёння яго калектыў — гэта імя, сапраўдны культурны здабытак Брэста і Беларусі. “Радасць” — гэта менавіта “яго калектыў”, вылеплены яго працамі, яго талентам, яго незвычайнай воляй да стварэння яркай творчай адзінкі ў культурнай прасторы нашай краіны.
Як можна ахарактарызаваць 60-70-я гады ў беларускім харэаграфічным мастацтве, калі пачынаў свой творчы шлях Анатоль Міхайлавіч? З аднаго боку, гэта час утварэння прафесійных дзяржаўных калектываў, з другога боку, магутная хваля з’яўлення і развіцця самадзейных ансамбляў. У кожным Доме культуры, пры клубах буйных прадпрыемстваў па ўсёй краіне ўзнікалі і працавалі хоры, танцавальныя групы, інструментальныя ансамблі, да ўдзелу ў якіх прыцягвалі самыя розныя пласты насельніцтва. З 1963 года шырокае распаўсюджванне атрымала практыка адкрыцця “народных філармоній”, якія арганізуюць канцэрты і гастролі самадзейных калектываў. Так, гэта быў жыватворны час для ўвасаблення ўсіх сваіх творчых памкненняў, калі ты запатрабаваны, цябе падтрымліваюць і ўсяляк заахвочваюць, але ж, з іншага боку, была і небяспека згубіцца, растварыцца ў вялізным моры іншых, зусім не дрэнных калектываў і таленавітых артыстаў.
Угорад Брэст Анатоль Міхайлавіч трапіў у 1967 годзе, і перад ім адразу паставілі сур’ёзную задачу: прыняць на сябе кіраўніцтва гарадскім самадзейным танцавальным калектывам, які ўжо існуе з 1962 года. Яркі ўзлёт і сур’ёзныя праблемы ансамбля — вось тое, што дасталася ў спадчыну 26-гадоваму маладому чалавеку. За плячыма ў яго была кар’ера артыста дзяржаўных харэаграфічных калектываў і некалькі гадоў кіраўніцтва самадзейным ансамблем танца “Юнацтва” ў горадзе Баранавічы. Ён павінен быў знайсці падыход да ўжо існуючага складу і пераканаць танцораў у сваёй прафесійнай кампетэнцыі, у тым, што, даверыўшыся яму, яны змогуць дасягнуць высокага майстэрства.
Ён бліскуча справіўся з гэтай задачай і, больш за тое, літаральна праз некалькі гадоў здолеў знайсці і выпрацаваць свой індывідуальны харэаграфічны почырк, тое, што робіць “Радасць” вядомым, ні да каго не падобным ансамблем характэрнага танца і дагэтуль.
Для маладога і амбіцыйнага харэографа не было сумневаў у тым, з чаго неабходна пачаць: “Фундамент для самадзейнага калектыву — гэта дысцыпліна! Маеш сэрца да танца — будзь ласкавы адказна ставіцца да сваёй справы. Няма месца спазненням, тым больш нез’яўленню на рэпетыцыю. Так, усё было даволі жорстка, але гэта дало свой плён”. Зусім за кароткі час сфармаваўся касцяк ансамбля, людзі таленавітыя і неабыякавыя, з якімі можна было тварыць, эксперыментаваць, выкладвацца і атрымліваць ад іх аддачу. За 55 гадоў працы ў Анатоля Міхайлавіча змянілася не менш як 9 танцавальных складаў, якія захоўваюць і перадаюць ад пакалення ў пакаленне традыцыі ансамбля. Адна з такіх традыцый: “Ансамбль — гэта сям’я. Я тата, танцоры — мае дзеці. Я заўсёды літаральна ўдзёўбваў, што трэба паважліва ставіцца адно да аднаго, нельга хаміць, нельга абражаць, нельга варагаваць. Уцякайце ад зайздрасці, бо ў нас агульныя інтарэсы, мы павінны несці са сцэны прыгажосць і мастацтва”.
Не было сумневаў і ў тым, як дасягнуць неабходнага ўзроўню выканальніцкага майстэрства, той самай тэхнікі, якая дазваляе ўвасабляць арыгінальныя харэаграфічныя ідэі: “З першага дня, як я прыйшоў у ансамбль, я апранаў рэпетыцыйную форму, круціў піруэты, рабіў трукі. Я заўсёды мог паказаць тое, чаго хачу дабіцца ў руху танцора, і дамагаўся гэтага. У харэаграфіі ёсць рэчы, якія на пальцах паказаць немагчыма, вельмі важны наглядны прыклад. Для таго каб трымаць сябе ў форме, для выпраўкі і добрага корпуса важная класіка. Пасля ідзе пераход да народнага танца, бярэцца канкрэтная камбінацыя, і яна адпрацоўваецца. Важна дабіцца чысціні і дакладнасці руху, каб абсалютна выключыць фальш і мазню. Гэта можа быць доўгі і нудны працэс, але без яго — нікуды. У працы з жаночай групай дапамагала жонка, заслужаная артыстка Беларусі Марыя Ігнатаўна Гулінская, у мінулым артыстка Дзяржаўнага ансамбля танца. Менавіта яна прыўнесла зачараванне і жаноцкасць, мяккасць у пластыцы рухаў танцорак. Яна стала салісткай ансамбля, тым прыкладам і стрыжнем, на які можна было абаперціся”.
Самае важнае для калектыву — рэпертуар; яго трэба шукаць, прыдумляць, збіраць і захоўваць. Тут спатрэбіўся балетмайстарскі досвед пастаноўкі танцаў у ансамблі «Юнацтва» (г.Баранавічы). Напрыклад, знакамітая кампазіцыя па матывах рускіх народных танцаў “За аколіцай”, якой да гэтага часу апантана апладзіруюць гледачы і ў нас, і на замежных гастролях. У пошуку новых, свежых ідэй, па прыкладзе Генадзя Цітовіча, які казаў, што «вытокі трэба шукаць у куфрах», Анатоль Міхайлавіч адпраўляецца ў этнаграфічныя экспедыцыі. Назірае за пластыкай, манерай выканання, элементамі касцюмаў. Шукае і знаходзіць той самы “фальклорны код” танца, які дапаможа данесці да гледача народны характар мастацкімі сродкамі.
Так з’явілася выдатная харэаграфічная кампазіцыя “Дажынкі” з яе запальнай “Ойрай”. Тут і «этнаграфічная інтанацыя», і тонкі густ у яе абагульненні і ўвасабленні, і дакладнасць касцюма, у аснову якога былі ўзятыя сапраўдныя андаракі (славянская жаночая адзежа тыпу спадніцы. — “К”), знойдзеныя ў куфрах майстрыц у Маларыцкім раёне. Адштурхнуўшыся ад тых знаходак, Анатоль Міхайлавіч стварае праграму “Святы і абрады беларусаў”, дзе ў чарадзе маляўнічых замалёвак змяняюць адзін аднаго “Каляды”, “Вяснянка”, “Купальская рапсодыя”, “Кірмаш” і інш.
Рэпертуар “Радасці”, створаны балетмайстарскім натхненнем Анатоля Міхайлавіча, не замыкаецца толькі на беларускім фальклоры. Можна назваць і харэаграфічную паэму «Сімфонія мужнасці», у якой ажываюць карціны гераічнага мінулага абароны Брэсцкай крэпасці, і дзівосную па тонкасці харэаграфічнага гумару гістарычную замалёўку «У гарадскім садзе Брэст-Літоўска», і вырашаную ў сучаснай эстраднай манеры стылізаваную кампазіцыю “Валёнкі” і шмат іншых.
Вывучаючы лепшыя традыцыі савецкага характэрнага танца, дзе кумірамі былі Ігар Майсееў і Павел Вірскі, Анатоль Міхайлавіч прыйшоў да найбольш аптымальнай для свайго калектыву мадэлі “танца — міні-спектакля”. Пастаноўкі Вараб’ёва-балетмайстра заўсёды сцэнічныя і сюжэтныя: «Для мяне танец нараджаецца толькі тады, калі ёсць драматургія. Калі ёсць пра што расказаць, тады і нараджаецца “нумар — карціна”. Зразумейце, рух, сам па сабе, можа быць прыгожым, але пры гэтым нясмачным, як маргарын. Гэта не мая харэаграфія».
Адметная асаблівасць “Радасці”, і ў тым вялізная заслуга Анатоля Міхайлавіча, — гэта выразны артыстызм танцораў. У калектыве практычна няма статыстаў, кожнаму балетмайстар умее знайсці яго характэрны вобраз, раскрыць закладзеныя ў ім акцёрскія здольнасці і дапамагчы выказаць іх харэаграфічнымі сродкамі: «Кожны чалавек — артыст, трэба толькі адкрыць яго магчымасці. Гэта цяжка, але спрабаваць трэба заўжды. Акцёра з танцора трэба выкалупваць, як разынкі з булкі. Танцор не можа быць халодным, ён павінен пасылаць біятокі ў залу, інакш у ім няма сэнсу. Гэта сумна, калі танчаць выразна, роўна, а душы няма. Заўсёды кажу танцорам: вы павінны глядзець у вочы гледачу і падаваць магутны энергетычны пасыл. Калі няма аддачы — гэта пусты калектыў. І гэтага трэба пазбягаць усяляк».
“Радасць” — гэта ансамбль, сцэнічныя праграмы якога заўсёды відовішчныя і арыентаваныя на гледача. Не мае калектыў такога канцэрта, дзе ў фінале зала б не скандавала “брава”. Сакрэт такога поспеху заключаны ў асаблівым таленце рэжысуры, які мае Анатоль Міхайлавіч. Ён беспамылкова адчувае форму і кампазіцыйную лінію і ў пабудове танца, і ў складанні праграмы выступлення ў цэлым. І ведае цалкам дакладна, як якасна і густоўна падаць харэаграфічнае майстэрства свайго калектыву, як падарыць гледачу радасць зносін з мастацтвам. Тым больш мае багаты досвед рэжысёрскай працы на разнастайных гарадскіх, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных канцэртах і святах.
Цяжка пісаць пра творчасць Анатоля Міхайлавіча і не звярнуцца да слова “ўнікальны”. Ён адзіны на сённяшні дзень народны артыст Беларусі, які заслужыў гэтае званне працай з самадзейным калектывам. Яго «Радасць» стала першым беларускім ансамблем танца, з якім стаў супрацоўнічаць прэзідэнт Міжнароднай рады арганізацый фальклорных фестываляў Філіп Босан. Яго «Радасць» паспяхова гастралявала больш чым у 35 краінах свету, і геаграфія паездак дзівіць — ад Амерыкі да Азіі, больш за 115 выездаў за мяжу, дзе былі і Мексіка, і Індыя, і Тайвань, і ЗША, практычна ўсе еўрапейскія краіны. Яго «Радасць» і сёння самы яскравы танцавальны калектыў Брэстчыны, і гэта бясспрэчна!
Унікальны Анатоль Міхайлавіч яшчэ і таму, што менавіта ён трымае сёння калектыў у якасным творчым стане, выношвае планы новых пастановак, унікае ў цяжкасці рэпетыцыйнага працэсу, хвалюецца за сваіх артыстаў на канцэртах. Ён адухаўляе сваім талентам жыццё ансамбля і перадае маладым пакаленням сваю бязмежную любоў да народнага танца і беларускай культуры.
Наталля ДРОЗД, Брэст