Работнікі культуры пачаставалі прысутных духмяным караваем, народным сімвалам павагі і добразычлівасці. Пра мудрую вясковую культуру, якая фарміравалася на працягу многіх стагоддзяў, нагадалі вядучыя мерапрыемства.
Народныя святы і абрады ў Бакштах, як, дарэчы, і ва ўсёй Беларусі, ніколі не абыходзіліся без песні і танца. Яны з’яўляліся неабходнай часткай народнага вяселля, святкавання Купалля, Калядак, Зажынак і Дажынак... Добрыя і вясёлыя песні ў выкананні ўдзельнікаў калектываў аматарскай творчасці вёскі Бакшты і народнага ансамбля народнай песні “Спадчына” з аграгарадка Лаздуны стварылі святочны настрой.
Асаблівасцю сёлетняга мерапрыемства стаў конкурс побытавых танцаў “Танцуем па-даўнейшаму”, дзе яго ўдзельнікамі сталі гледачы. Першым этапам конкурсу быў майстар-клас побытавых танцаў ад арганізатараў фестывалю. Гэта былі танцы “Лысы”, “На рэчаньку”, “Каханачка”. Потым была рэпетыцыя з тымі, хто пажадаў прыняць удзел у конкурсе. А затым пачаліся конкурсныя выступленні пар. Пераможцы атрымалі дыпломы Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу з сувенірамі аддзела культурна-масавай і асветніцкай работы вёскі Бакшты.
На фестывалі адбылася прэзентацыя-дэгустацыя дранікаў і дранкі па сямейных рэцэптах Святланы Варанюк і Валянціны Буцько, намінаваных на статус нематэрыяльнай культурнай спадчыны “Традыцыі гатавання дранікаў у Гродзенскай вобласці”.
На працягу мерапрыемства працавалі выставы народнай творчасці, прадметаў народнага побыту, дзіцячыя атракцыёны, гандлёвыя рады.
Лілія КІШКЕЛЬ, загадчык аддзела метадычнай работы Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу.