На адкрыцці выставы было людна. Дырэктар музея гісторыі беларускай літаратуры Сяргей Усік зачытаў зварот міністра культуры да прысутных: “У нашай краіне надаецца вялікая ўвага раскрыццю талента кожнага жыхара, — зазначыў Анатолій Маркевіч. — Маленькія творцы мусяць стаць годнымі грамадзянамі і займацца творчасцю на карысць сваёй Радзіме”.
Па словах загадчыцы аддзела навукова-метадычнай і каардынацыйнай работы музея Святланы Кажамяка, сённяшняй экспазіцыяй абавязаны тут шмат у чым Рыце Цімохавай. Яна, як выдатны графік, дэманструе, што з кнігі можна стварыць сапраўдны арт-аб’ект. Напрыклад, ва ілюстраваных ёй цікавостках экспазіцыі, зборніку вершаў “Запішыце мяне ў мядзведзі” Васіля Зуёнка, “Ночы жука-светлячка” Людмілы Стрыжэцкай і выданні ”Таямнічыя казкі” Ганса Хрысціяна Андэрсэна можна пабачыць, як мастак прафесійна ўвасабляе ў малюнку атмасферу кнігі.
“Падчас наладжвання гэтай выставы з’явілася ідэя прапанаваць вучням Рыты Міхайлаўны намаляваць ілюстрацыю на любы беларускі верш, — распавяла Святлана Кажамяка. — Паўдзельнічала ў акцыі 22 яе вучня, пасля чаго нашыя наведвальнікі на Ночы музеяў змаглі галасаваць за лепшыя работы”. У выніку галасавання пераможцамі сталі Анастасія Якубоўская, Аглая Лойка і Кіра Марціросава.
Мастак Рыта Цімохава падзялілася, што натхненне яна чэрпае на роднай Віцебшчыне, якая ад іншых куткоў Беларусі адрозніваецца густымі туманамі. Можа менавіта таму ёй так падабаецца маляваць ілюстрацыі да казак. Рыта Міхайлаўна ўдзячна гімназіі-каледжу мастацтваў за магчымасць весці гурток па стварэнню кніг, падобных якому ў краіне няма.
Пасля ўрачыстага адкрыцця выстава гатова прымаць гасцей, і будзе доўжыцца да 2 кастрычніка.
Павел САЛАЎЁЎ / Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ