Так, зусім нядаўна ў бібліятэкараў Гродзенскага раёна з’явіліся новыя формы работы пад прывабнымі назвамі ай-стопер і дэматэка.
Ай-стопер — гэта яркі, неардынарны элемент, які вылучаецца, прыцягвае ўвагу. Таму бібліятэкары вырашылі ўвесці гэтую форму працы ў сваіх бібліятэках для прыцягнення ўвагі да кнігі і папулярызацыі чытання.
Цяпер можна сказаць, што ай-стопер не толькі затрымлівае погляды наведвальнікаў бібліятэкі, а і з’яўляецца таксама бясплатнай крэатыўнай фотазоной, дзе можна зрабіць маляўнічыя фатаграфіі. Напрыклад, у Скідзельскай гарадской бібліятэцы сямейнага чытання стварылі двух’ярусны “торт” з кніг. Падрыхтаваны “торт” карыстаўся вялікай папулярнасцю, упершыню яго прэзентавалі на свяце, прысвечаным Дню бібліятэк. Наведвальнікі Путрышкоўскай сельскай бібліятэкі рабілі фота ў самаробнай бібліятэцы, фасад якой складаецца з кніг, а дах — з часопісаў. А ў Гожскай сельскай бібліятэцы гасцей сустракаў чытач на крэсле, створаны з кніг. Свае крэатыўныя знаходкі былі і ў іншых бібліятэках Гродзенскага раёна.
Яшчэ адна новая форма работы — гэта дэматэка. Бібліятэкары выдзелілі аддзел у бібліятэцы, дзе карыстальнікі пакідаюць свае ўласныя творчыя работы. У Путрышкоўскай сельскай бібліятэцы і Адэльскай сельскай бібліятэцы дзеці пакінулі свае малюнкі, прысвечаныя Году народнага адзінства. На мерапрыемствах, прысвечаных Дню Святога Валянціна, 8 сакавіка, Дню маці ўдзельнікі пакідаюць свае работы ў выглядзе паштовак, якія робяць сумесна з бібліятэкарамі.
Яшчэ адна новая форма — бібліяперфоманс, які бібліятэкары робяць з мэтай ажывіць герояў казкі пры дапамогай тэатралізацыі і сумесных дзеянняў, а таксама, каб выклікаць цікавасць да твораў у маленькіх чытачоў. Для ўдзельнікаў мерапрыемстваў бібліятэкары рыхтуюць тэатралізаваныя паказы ў касцюмах казачных герояў. У Свіслацкай сельскай бібліятэцы, у Індурскай сельскай бібліятэцы часты госць — Нязнайка, у Скідзельскай гарадской бібліятэцы сямейнага чытання — Мікі Маўс. Работнікі аўтабібліятэкі традыцыйна ладзяць акцыі да Новага Года ў касцюмах Дзеда Мароза і Снягуркі, а на калядкі далучаецца яшчэ і каза.
Ад традыцыйных выставаў бібліятэкары таксама перайшлі на новы фармат, які ў апошнія гады набыў папулярнасць сярод чытачоў, — гэта бібліясушка. Так, бібліятэкары развешваюць на дрэвах вяроўкі, на якія з дапамогай прышчэпак прымацоўваюць фатаграфіі або малюнкі. Гэтак жа, дзякуючы бібліясушцы, бібліятэкары ладзяць конкурсы на лепшы малюнак ці фатаграфію.
Мазгавы штурм “Міф ці праўда” — гэта новая для ўдзельнікаў гульня, якая ўяўляе з сябе таблічку, дзе з аднаго боку зададзены пытанні, а з другога боку можна адразу ж даведацца адказы. Пытанні падрыхтаваныя для разнаўзроставых удзельнікаў. Названая гульня ўзнікла сёлета і з самага пачатку пачала карыстацца вялікай папулярнасцю сярод наведвальнікаў на імпрэзах Аўгустоўскага канала, на акцыі “Мы — за чытаючы аграгарадок” на свяце вакзала ў аграгарадку Парэчча, а таксама на іншых мерапрыемствах, зладжаных да знамянальных дат.
Яшчэ адна новая інтэлектуальна-забаўляльная гульня — гэта квэст і QR-квэст. Гульня, як правіла, заснаваная на адным або некалькіх мастацкіх творах, яна мае сцэнарый, маршрут і пэўныя правілы. Удзельнікі гульні адпраўляюцца па слядах галоўных герояў твораў, па маршрутах памятных месцаў, мясцінах Беларусі ці роднага краю, горада ці населенага пункта.
QR-квэст — гэта інтэрактыўная гульня, у якой заданні і загадкі зашыфраваныя ў QR-кодах. Напрыклад, бібліятэкар Свіслацкай сельскай бібліятэкі правяла падобную гульню, падчас якой удзельнікі адправіліся ў падарожжа “Загадкі маёй Радзімы”. На кожнай станцыі QR-квэста аматараў гульні чакаў персанальны код з асабістым заданнем. Падарожжа з дапамогай мабільнага тэлефона, з яркімі і пазнавальнымі малюнкамі вельмі спадабалася ўсім удзельнікам мерапрыемства.
А вось бібліятэкары, якія вядуць акаўнты ў Інстаграм, выкарыстоўваюць новую форму работы пад назвай флэшбук. Ён прадстаўляе сабой кніжны флэшмоб у Інтэрнэце, знаёмства з выданнямі па фрагментах тэксту ў Інстаграм. Бібліятэкары знаёмяць падпісчыкаў з цікавымі кнігамі з дапамогай цытат, фатаграфіямі розных выданняў, дзеляцца сваімі эмоцыямі ад чытання той або іншай кніжнай навінкі.
Карына ОШВА, галоўны бібліятэкар па арганізацыйна-маркетынгавай дзейнасці інфармацыйна-бібліятэчнага аддзела Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра