З нагоды юбілею ўкраінскай пісьменніцы 24 лютага ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся комплекс падзей. Святкаванне пачалося з пасяджэння (у фармаце online) міжнароднага круглага стала “Творчасць Лесі Украінкі ў кантэксце беларуска-ўкраінскіх літаратурных сувязей”. Падчас сустрэчы падымаліся пытанні жыцця, творчай спадчыны Лесі Украінкі, а таксама беларуска-ўкраінскія літаратурныя сувязі ХХ стагоддзя. Выступалі дакладчыкі з Беларусі і Украіны, у тым ліку з Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы, Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, Львоўскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Івана Франка, Валынскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Лесі Украінкі, Нацыянальнай бібліятэкі Украіны імя У. І. Вярнадскага, Інстытута ўкраіназнаўства імя І. Крыпякевіча НАН Украіны і іншыя.
Пазней адбылося адкрыццё кніжнай выстаўкі “Украінская Касандра”. З прывітальным словам выступіў генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі.
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Ігар Кізім падзякаваў усім прысутным і адзначыў, што правядзенне такога мерапрыемства — вялікі ўклад у дружбу паміж культурнымі ўстановамі, украінскім і беларускім народамі і нават дзяржавамі. Ганаровы госць уручыў у дар бібліятэцы тры ўнікальныя выданні, падрыхтаваныя праектам “Відчути слово” пры падтрымцы ўкраінскай дыяспары Венгрыі: “Леся Українка 150. За правду, браття, єднаймося щиро!”, “Сучасні білоруські казки”, “Казковий дивосвіт”. Выданні выйшлі на ўкраінскай мове шрыфтам Брайля спецыяльна для людзей з парушэннямі зроку.
Заслужаны работнік культуры Украіны, старшыня Мінскага грамадскага аб’яднання ўкраінцаў “Заповіт” Галіна Калюжная падкрэсліла высокае месца Ларысы Пятроўны Косач-Квiткі на небасхіле ўкраінскай літаратуры.
На мерапрыемстве выступіла і старшыня Цэнтра ўкраінскай культуры “Січ” Валянціна Логвін. Яна распавяла пра ўклад Лесі Украінкі ў гісторыю краіны і падарыла Нацыянальнай бібліятэцы трохтомнік “Історія України від Діда Свирида”.
На выстаўцы прадстаўлены каля 50 дакументаў, якія адлюстроўваюць багатую спадчыну Лесі Украінкі, паказаны поўныя зборы твораў, публіцыстыка і лісты, успаміны сучаснікаў, літаратурна-біяграфічныя партрэты. Напрыклад, каштоўнае выданне “Лариса Петрівна Косач-Квітка (Леся Українка): біографічні матеріали, спогади, іконографія” (2015), якое складаецца з арыгінальных тэкстаў Лесі Украінкі, успамінаў, артыкулаў і фотаздымкаў. Большая частка кнігі — успаміны і лісты Ізідоры Косач-Барысавай, сястры Лесі, якія ніколі не выдаваліся.
У экспазіцыі прадэманстраваны і ўнёсак выдатнай украінкі ў музычную спадчыну: копіі нотных запісаў песень, створаных на яе вершы, і зборнік украінскіх песень. Пісьменніца працавала ў галіне фалькларыстыкі, з яе голасу запісана 220 народных мелодый. Удзельнікі мерапрыемства мелі магчымасць паслухаць меладычныя вершы “ўкраінскай Касандры” ў выкананні кіраўніка народнага хору ўкраінскай песні “Крыніця” Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Маргарыты Кучук пад акампанемент Аляксея Апановіча.
Выстаўка будзе працаваць да 25 мая 2021 года ў кальцавым калідоры 2-га паверха. Дата яе заканчэння можа быць зменена.