Рыхтавацца да “сталічнага года” муніцыпальныя ўлады пачалі загадзя. У прыватнасці, яшчэ ў мінулым кастрычніку яны аб’явілі конкурс на стварэнне лагатыпу акцыі. Перамаглі ў ім брэсцкія дызайнеры Уладзімір Грышкут і Уладзімір Любчук. Іх графічная выява мае глыбокую канцэпцыю: у ёй зашыфраваныя вобразы сэрца, чалавека, сонца і кветкі. А цэнтральнае месца займае герб старажытнага Берасця, якому сёлета спаўняецца тысяча гадоў.
Ва ўрачыстым канцэрце з нагоды “інаўгурацыі” выступілі вядучыя артысты краін Садружнасці. Сярод іх — народны артыст Азербайджана Палад Бюль-бюль аглы і народны артыст СССР Яўген Дога. Праграму склалі выступленні калектываў і выканаўцаў з Украіны, Узбекістана, Туркменістана, Таджыкістана, Расіі, Кыргызстана, Казахстана, Арменіі. Беларусь прадстаўлялі Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр, Дзяржаўны ансамбль танца Беларусі, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Алена Ланская, народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка, а таксама — лепшыя артысты Брэста і Брэсцкай вобласці.
Перадачы сталічнага сертыфікату папярэднічалі дзве падзеі: “круглы стол” на тэму “Інтэграцыя прафесійных культур у сучасным свеце” і традыцыйная акцыя “Мінская ініцыятыва”. Гэтым разам міжнародны гуманітарны праект Украіны, Беларусі і Расіі прапанаваў літаратурныя чытанні ў гонар паэта-франтавіка Барыса Слуцкага, якому сёлета споўнілася б сто гадоў.
Як распавяла “К” начальнік аддзела культуры Брэсцкага гарвыканкама Святлана Сямашка, праграма “сталічнага года” будзе надзвычай насычнай — агулам яна ўключае больш за тысячу розных мерапрыемстваў! У іх ліку — і міжнародны конкурс піяністаў імя Святаслава Рыхтара, і харэаграфічны фестываль, і спаборніцтва скрыпачоў, і скульптурны пленэр, і парад аркестраў…
А супадзенне гэтай акцыі са святкаваннем тысячагоддзя адно надасць ёй маштабнасці. Сталічны статус Брэста — гэта яшчэ адна яскравая іміджавая грань, якая павінна прывабіць турыстаў з краін СНД. Па меркаванні мясцовых уладаў, імпрэзы, прысвечаныя юбілею, павінны чаргавацца з міжнароднымі мерапрыемствамі, якімі і адметная культурная сталіца Садружнасці.