Кіраўнік аддзела знешніх сувязяў Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Дыяна Даражок прызналася, што з цікавасцю ставіцца да праектных тэатраў і сапраўды разглядае іх у якасці канкурэнтаў.
— Але лічу, што канкурэнтнае поле будзе толькі нараджаць цікавасць да любых відаў і формаў тэатральнага мастацтва, — дадала яна. — Таму мы не супраць таго, каб нашы артысты прымалі ўдзел у праектных пастаноўках. З аднаго боку — гэта пашырэнне іх мастацкага вопыту, з іншага — новая аўдыторыя для тэатра, якая ўбачыць акцёра, зацікавіцца і прыйдзе да нас. Ад такой канкурэнцыі выйграюць абодва бакі.
Мастацкі кіраўнік Камернага драматычнага тэатра Наталля Башава таксама станоўча ставіцца да супрацоўніцтва з дзяржаўнымі тэатрамі:
— У мяне сабраліся тыя людзі, якія хацелі працаваць разам, аднак колькі б ні было ў антрэпрызе штатных акцёраў, мы ўсё роўна не
абыдземся без запрошаных. Я вітаю, каб мае акцёры былі задзейнічаны ў розных праектах, паколькі разумею, што яны творчыя людзі.
Размову падсумавала кансультант упраўлення прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры краіны Кацярына Панамарова, адзначыўшы, што праектная форма з’яўляецца часткай працэсу развіцця сучаснага беларускага тэатра.
— Дзяржаўнаму тэатру і антрэпрызе трэба ісці насустрач адзін аднаму. Даваць магчымасць эксперыментальным рэжысёрам працаваць на дзяржаўных пляцоўках, — адзначыла яна. — Сёння ўжо можна назіраць такую тэндэнцыю, але не настолькі актыўна, як бы хацелася. І ад нас залежыць, як яна будзе развівацца і наколькі паўплывае на ўсіх удзельнікаў працэсу.