Адмыслова для сустрэчы былі алічбаваныя рэдкія фільмы Віктара Нікіфаравіча. Каляровая стужка “Развітанне” 1980 года — неверагоднай сілы дакумент эпохі, афіцыйны фільм-развітанне з першым сакратаром ЦК Кампартыі БССР Пятром Машэравым. Чорна-белая “Дзевяноста шостая восень” 1981 года — партрэт-нарыс пра доўгажыхара, ветэрана Першай і Другой сусветных войнаў Панфіла Цімафеевіча Гаршэнтава на фоне святаў і будняў. Вянчала праграму пяцідзесяціхвілінная карціна “Васіль Быкаў. Узыходжанне” 1985 года, якая спалучае ўнікальныя кадры інтэрв’ю Алеся Адамовіча з народным пісьменнікам Беларусі, уганараванне Васіля Уладзіміравіча і вытрымкі са знакамітай экранізацыі “Сотнікава” Ларысы Шапіцька.
Пасля прагляду Віктар Дашук распавёў пра яшчэ адну стужку, прысвечаную народнаму пісьменніку — “Жаўнер Васіль Быкаў”, якую ён зрабіў ужо праз пэўны час пасля першай. Рэжысёру ўдалося зняць беларускага класіка ў 2000-я гады.
Акрамя слынных работ ХХ стагоддзя, у скарбонцы Віктара Дашука — дзесяць новых фільмаў пра нашу сучаснасць і “самаго сябе”. Таксама Віктар Нікіфаравіч прарэкламаваў сваю кнігу ўспамінаў “Мемуары вуаерыста”, якую можна знайсці ў інтэрнеце.
— Сёння адбылося маё спатканне з самім сабой таго часу, — прызнаўся майстар. — Кожны аўтар мусіць разумець, дзе ён знойдзе сваё шчасце, якая філасофія яго твораў. Усё ўзважыўшы, я прышоў да высновы, што здрады самому сабе ў маіх карцінах няма.
На пытанне аглядальніка “К” пра смеласць у выбары герояў і тэм Віктар Нікіфаравіч адказаў наступнае:
— Мяне ніколі не цікавілі рэжысёрскія вынаходствы. Я не думаў пра прыёмы. Маё кіно вызначае аб’ём і сумленне. Не смеласць прымушала мяне брацца за складаныя тэмы, а менавіта сумленне. І ў свае фільмы я ўкладаўся напоўніцу. А потым мяне выратоўвалі ўжо самі героі.
Наступная сустрэча ў рамках акцыі “Час “Летапісу” адбудзецца 24 кастрычніка. Сімптаматычна, што свае карціны “Божа мой!”, “Завядзёнка” і “Маляваны рай” будзе прадстаўляць вучаніца Віктара Дашука — Галіна Адамовіч.