Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА
Такія сустрэчы, як вядома, ладзяцца рэгулярна, а шэрагі таленавітай ды адоранай моладзі пастаянна папаўняюцца. Калі за садам дбайна даглядаць, ён заўжды пладаносіць. Маімі суседкамі па бенуары ў актавай зале кансерваторыі сталі выхаванкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў (спецыяльнасць “Мастацтва эстрады”) Наталля Ламака і Лізавета Ванека. Першая адвучылася і неўзабаве ўзначаліць эстрадную студыю Палаца культуры Маладзечна (адсюль яна родам), двойчы з’яўлялася стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Другая — толькі на другім курсе, а родам — з Бабруйска. Ёй яшчэ вучыцца і вучыцца. Так што скарэнне вяршынь наперадзе. Хоць выкананне дзвюх галоўных роляў у знакамітых універсітэцкіх мюзіклах — справа ўжо рэальная.
Па словах Васіля Жарко, больш за шэсць тысяч чалавек уключаны ў інтэграваны банк дадзеных па адоранай і таленавітай моладзі Беларусі. Працалюбнасць гэтай моладзі, зазначыў намеснік Прэм’ер-мінстра Беларусі, дадае надзеі, што кадравы патэнцыял застанецца ў нас залатым. Яскравы доказ таму можна было адшукаць і на выставе, арганізаванай на першым паверсе акадэміі — там было прадстаўлена не толькі разнажанравае выяўленчае мастацтва, але і дасягненні ў навукова-тэхнічнай творчасці. Сёлета, падкрэсліў Васіль Жарко, работа па пошуку і прасоўванні талентаў будзе больш праграмнай.
Падчас сустрэчы адбылася і цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў спецыяльных фондаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за мінулы год. Намеснік прэм’ер-міністра зазначыў, што летась спецыяльны фонд Прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў заахвоціў больш за дзве тысячы маладых людзей, 71 чалавек стаў лаўрэатам. А спецыяльным фондам Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі адзначаны больш за 100 чалавек і 17 творчых калектываў, Гран-пры атрымалі 20 намінантаў.
У цырымоніі ўзнагароджання прынялі ўдзел міністр культуры Рэспублікі Беларусь Юрый Бондар, а таксама старшыні спецыяльных фондаў Кацярына Дулава і Алег Румо.