Падчас мерапрыемства намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша перадаў у фонды найбуйнейшай бібліятэкі Украіны 20-томны камплект выдання і выступіў з паведамленнем аб выніках пяцігадовай працы па падрыхтоўцы ўнікальнай публікацыі.
Прымаючы кніжныя падарункі з Беларусі, генеральны дырэктар бібліятэкі Уладзімір Попік адзначыў, што дзейнасць беларускіх калег па падрыхтоўцы і святкаванні 500-годдзя беларускага кнігадрукавання не проста заслугоўвае вялікай павагі, але і з’яўляецца сапраўды гераічным учынкам, які прымушае ўсіх бібліятэкараў з суседніх краін актывізаваць сваю працу па вывучэнні і папулярызацыі сваёй кніжнай спадчыны.
Нагадаем, што ў адпаведнасці са зваротамі і запытамі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі на працягу 2014 — 2017 гадоў былі алічбаваны ўсе выданні Ф. Скарыны, якія захоўваюцца ва Украіне: у Нацыянальнай бібліятэцы Украіны імя У.І. Вярнадскага, Львоўскай нацыянальнай навуковай бібліятэцы імя В.Стэфаныка, Адэскай нацыянальнай навуковай бібліятэцы, Нацыянальным музеі імя А.Шаптыцкага ў Львове і Закарпацкім абласным краязнаўчым музеі імя Т.Лягоцкага ва Ужгарадзе. Адсканаваныя копіі былі перададзены Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі для выкарыстання ў выдавецкай дзейнасці і ў складзе электронных калекцый.