Фестываль стаў папраўдзе міжнародным: сваё майстэрства дэманструюць на манежы артысты з пятнаццаці краін свету. Усяго на форум было пададзена больш за дзвесце заявак, адабралі з якіх каля трыццаці. Геаграфія неверагодна шырокая: за ўзнагароды спрачаюцца прадстаўнікі Аўстраліі, Венгрыі, В’етнама, Егіпта, Казахстана, Расіі, Румыніі, Паўночнай Карэі, ЗША, Латвіі, Літвы, Узбекістана, Украіны, ФРГ, Эфіёпіі. Ад нашай краіны заяўлены “Беларускія наезнікі” пад кіраўніцтвам Барыса Лазарова, “Паветраныя гімнасты на палотнах” пад кіраўніцтвам Веранікі Рыбчонак, “Эксцэнтрык з малпачкай” і “Дрэсіраваныя асляняты і сабачкі” дрэсіроўшчыка Айдына Iсрафiлава.
Не ведаю, ці адзначаць якім прызам апошні нумар, але я б вушастым і касматым абавязкова што-небудзь уручыў! Пацешна было назіраць за тым, як адна з самых упартых жывёл не жадала выконваць тое, што рабілі яе калегі, а дзятва літаральна “ляжала” ад рогату, гледзячы, як па арэне носяцца маленькія сябры чалавека.
Да безумоўных фаварытаў фэсту адмыслоўцы адносяць егіпецкага ўтаймавальніка львоў і тыграў, “зорку” сусветнага ўзроўню Хамаду Кута, дрэсіроўшчыка галубоў Андрэйса Фёдараўса з Латвіі і паўночнакарэйскіх артыстаў — эквілібрыста на трысцінах Хан Гук Рэна і нумар “Рускія арэлі з трапецыяй” пад кіраўніцтвам Ры Ген Су (цыркавое мастацтва гэтай краіны славіцца на ўсю планету).
Лепшых вызначаць аж тры журы! У прафесійнае ўвайшлі знакавыя цыркавыя фігуры, дырэктары буйных сусветных фестываляў і цыркаў, у грамадскае — вядомыя ў Беларусі людзі (сярод членаў журы, напрыклад, рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Кацярына Дулава, рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхаіл Баразна, загадчыца кафедры харэаграфіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Святлана Гуткоўская, галоўны рэжысёр Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра Міхаіл Кавальчык). У дзіцячае (чатыры склады!) — юныя таленты ў розных галінах.
21 верасня прайшла конкурсная праграма “A”, у пятніцу — “B”, суботні ж дзень складаюць паўторныя выступы з абедзвюх частак. Завершыцца фестываль заўтра — аб’яўленнем імёнаў пераможцаў і ўладальнікаў спецыяльных прызоў ды гала-шоу. Лаўрэатаў узнагародзяць памятнымі статуэткамі, магчыма, нехта атрымае і Гран-пры.
Займаўся канцэпцыяй фестывалю (сцэнарнай працай, разглядам заявак і многім іншым) Вітаўтас Грыгалюнас — мастацкі кіраўнік Белдзяржцырка, а яго галоўны рэжысёр Ала Нiкалаева-Аліева разам з расіянінам Мурадам Абдулаевым ажыццяўлялі пастаноўку. Унёс сваю лепту ў падрыхтоўку форуму і ваш пакорны слуга: на адной з рэпетыцый я звярнуў увагу Алы Анатольеўны на тое, што вядучыя раз за разам прамаўлялі: у Беларусь прыедуць прадстаўнікі шаснаццаці краін. Сапраўды, чакаўся ўдзел і ізраільскіх артыстаў, але нешта пайшло не так. Таму дзякуючы мне шаснаццаць паправілі на пятнаццаць. Апладысменты, дзякуй.
— Акрамя таго, што фестываль гэты з’яўляецца творчым міжнародным спаборніцтвам, яго правядзеннем хацелася б замацаваць тыя перадавыя, па меншай меры, еўрапейскія пазіцыі, якія займаем мы як цырк стацыянарны, — сказаў Уладзімір Шабан. — І, вядома, спадзяемся, што форум стане сапраўдным вялікім святам для тых, хто наведае Беларускі дзяржаўны цырк у гэтыя дні!
Мяркуецца, што фестываль з гэтага часу будзе праходзіць у Мінску раз на два-тры гады. А пакуль... Пакуль “Культура” жадае поспеху ўсім канкурсантам, але беларускім — усё ж асабліва!