Рашэнне стала лагічным вынікам амаль 25-гадовай гісторыі дыпламатычных зносін дзяржаў, а таксама пагаднення ад 10 мая 2015 года паміж старшынёй Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзыньпінам і Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам аб узаемным устанаўленні культурных цэнтраў.
На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў зазначыў, што ў 2017 годзе плануецца правесці Дні культуры Беларусі ў Кітаі. Менавіта да гэтай падзеі і будзе прымеркавана адкрыццё Беларускага культурнага цэнтра ў Паднябеснай. Дарэчы, прадстаўляць краіну ў рамках такой падзеі будуць артысты Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета і айчынныя мастакі, якія прывязуць у Кітай выставу.
Работа Кітайскага культурнага цэнтра будзе скіравана на азнаямленне з гэтай краінай, інтэлектуальныя абмены і дыялогі, дэманстрацыю культуры і навучанне. У цэнтры рэгулярна плануюць праводзіць мерапрыемствы рознага кшталту, напрыклад, прадстаўленні ды выставы, навуковыя семінары, пераклады і рэкамендацыі літаратуры, мяркуецца наладзіць культурныя абмены і іншыя актыўнасці.
Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Цуй Цымін упэўнены, што гэты культурны цэнтр выканае ролю пляцоўкі для бесперапыннага паглыблення ўзаемадзеяння і супрацоўніцтва ў сферы кітайскай і беларускай культур, узмацніць разуменне, сяброўства паміж народамі краін, як і сацыяльную аснову ўзаемнага даверу.