Са словамі віншаванняў выступілі першы намеснік міністра культуры нашай краіны Ірына Дрыга і віцэ-канцлер Міністэрства культуры Эстоніі Ганэ-Лі Рэйман. Ірына Уладзіміраўна зазначыла: нашы краіны і нашы народы даўно звязваюць культурныя сувязі. “Мне вельмі прыемна, што гэтыя сувязі не страціліся і з набыццём нашай незалежнасці, ды нават узмацніліся. У 2004 годзе паміж міністэрствамі Беларусі і Эстоніі быў падпісаны дагавор аб супрацоўніцтве. Супрацоўнічаюць у выніку не толькі міністэрствы, але і нашы тэатры, бібліятэкі, нашы дзеячы культуры. На беларускіх фестывалях, якія праходзяць штогод, мы з задавальненнем сустракаем эстонскіх артыстаў. А наш балет, нашы музыканты ўражваюць эстонцаў падчас сваіх гастроляў”.
Вечар быў працягнуты класічнай музыкай у выкананні Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь, які гэтым разам узначаліў маэстра Эркі Пехк. Слухачы пачулі музыку эстонскіх кампазітараў. А ў другім аддзяленні аркестр бліскуча выканаў Канцэрт № 2 Сяргея Рахманінава до мінор для фартэпіяна з аркестрам разам з салістам Мікель Полам.
4 лістапада адбыўся канцэрт у памяць эстонскага спевака народнага артыста СССР Георга Отса. Мастацтва эстонскага кінематографа не абышлі на XXIII Мінскім міжнародным кінафестывалі “Лістапад”, які таксама адкрыўся ў пятніцу: у праграме фестывалю заяўлена рэтраспектыва эстонскіх фільмаў: у выхадныя дні ў мінскіх кінатэатрах можна будзе паглядзець стужкі “1944” і “Мандарыны”.