Усяго ў Чырвонай Арміі служылі больш за 800 тысяч жанчын. Яны былі медыкамі, сувязістамі, снайперамі, лётчыкамі, танкістамі. 70 тысяч жанчын удзельнічалі у партызанскім руху і падпольнай барацьбе на зямлі акупаванай Беларусі. Па словах памочніка дырэктара музея Мікалая Шаўчэнкі, гэта выстава праз аповеды пра лёс канкрэтных асоб раскрывае тэму гераізму цэлага народа. А сярод асоб, пра чый лёс пайшла прыватная гаворка, — Вера Харэцкая, медсястра, абаронца Брэсцкай крэпасці; санінструктар Зінаіда Самсонава, што загінула пры вызваленні Беларусі, Галіна Дакутовіч, штурман палка начных бамбардзіроўшчыкаў... Канцэпцыя выставы была распрацаваная на падставе дакументаў з фондаў музея. Такога роду выставы лагічна дапаўняюць асноўную экспазіцыю і знаёмяць наведвальнікаў з запаснікамі ўстановы.
За паўтара года, што музей месціцца ў новым будынку, яго наведалі 700 тысяч чалавек. Сярод іх — госці з 26 краін. Па словах Мікалая Шаўчэнкі, найбольшую цікавасць для музея маюць тыя праекты, што пасуюць ягонай ідэйнай канцэпцыі і структурнай пабудове. Экспазіцыя ўстановы, як вядома, распавядае не толькі пра саму вайну, але і пра перадваенны час, і пра цяжкія пасляваенныя гады. Напрыклад, дзявятая экспазіцыйная зала прысвечана адраджэнню нашай параненай зямлі пасля пераможнага завяршэння вайны. Гэта значыць, выставу, якая адлюстроўвала б у дакументах, фотаздымках і матэрыяльных аб’ектах перыяд з сярэдзіны 1940-х па сярэдзіну 1950-х, прымуць тут як родную. Тое ж тычыцца і іншых тэм, грунтоўна ці фрагментарна паказаных у экспазіцыі.
Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны працуе не толькі дзеля памяці, але і на перспектыву. Таму ён адкрыты для цікавых ідэй і сацыяльна значных праектаў.
Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ