4 чэрвеня.
Наперадзе — Вільнюс. Таму — паспешлівыя зборы, таксі і цягнік.
Дарога ляціць стралой! І вось ён — старажытны і дарагі горад!
Пад музыку званоў уваходжу ў касцёл і ў думках звяртаюся да Усявышняга. Вочы разглядаюць залатую рызу Вострабрамскай Марыі. Сёння на яе твары чытаецца нейкі сум. Падаецца, яе прамяністае святло чысціць мяне з галавы да ног. Яна была так блізка! У гэтыя хвіліны пагружэння я быў узрушаны ад малітваў і разгляду Марыі. Чалавек такі слабы! Як дзіўна адчуваць у сабе ўздзеянне розных энергій: прыродныя — каля каскадаў — і духоўныя, хрысціянскія — тут, ля абразоў…
Але наперадзе была работа ў ЕГУ.
Гэтым разам у мяне былі шыкоўныя апартаменты: пяціпакаёвая кватэра на адзінаццатым паверсе. Праўда, у пакоях жылі дзве асобы. Я прадставіўся, сказаў, колькі дзён буду тут жыць, і засяліўся ў вольны пакой. З акна быў найпрыгажэйшы выгляд усходаў і захадаў сонца.
У мяне пяць дзён працы. Я прывёз шмат рэквізіту і вельмі хачу паспрабаваць з удзельнікамі абраду пласцінку, уплесці разам з тканінамі сімвалізм і магію Дабра, Любові і пакланення Продкам.
Я заварыў сабе чай і выйшаў на балкон. Вільнюс — зялёны горад. Тут іншыя аблокі. На Кургане я шмат медытаваў з аблокамі і нябеснай прасторай. Сколькі вобразаў намаляваў! А тут сцішыўся, бо бела-шэрыя аблокі загрувасцілі неба і віселі над прыгарадам.
5 чэрвеня.
5:45. Неверагоднае бяссонне! Сколькі думак, якія пагружэнні, якія ўспаміны! Не хвілінамі — гадзінамі! Дзе я? Што тут раблю?
Насупраць — будынак у дваццаць паверхаў, нагадвае прыгожы шматузроўневы лайнер. Плыве ў аблоках! Шкляныя балконы і агромністыя вокны, у якіх усё бачна…
10:20. У касцёл дабіраўся хвілін сорак. У капліцы былі адчынены вокны, і абраз Дзевы Марыі дыхаў свежым ранкам і чысцінёй. Людзей, якія маліліся, было няшмат. Я прайшоў чатыры колы пацерак за Продкаў. Потым устаў на калені і маліўся за здароўе мамы і Машы. Доўга “гаварыў” з Дзевай Марыяй пра свае праблемы. Золатам чысціў свой непаслухмяны застылы мозг.
Зайшоў у праваслаўны манастыр, пакланіўся Віленскім мучанікам, напісаў запіскі. Адкрылі мошчы, і вернікі пачалі прыкладаць да іх іконкі. Я таксама ўстаў у чаргу. Потым сеў і пачаў разглядаць іконы: Пачаеўская, Мікалай Цудатворац, Серафім Сароўскі, Панцеляймон Ацаляльнік. Падышоў да кожнай, прыціснуўся да халоднага шкла: “Дапамажыце!” У суботу — Троіцкія Дзяды, значыць, тут я не проста так.
14:30. З’ездзіў у касцёл Пятра і Паўла. Мноства твараў, фігур, скульптур глядзяць на ўсіх тых, хто ўваходзіць у храм, сваімі звыклымі позіркамі. Змяняюцца часы, сыходзяць людзі, а яны як застылі ў тым часе, так і жывуць у гэтым. Будуць жыць і ў іншым. Засяродзіцца на малітве перашкаджалі турысты: яны бегалі і шчоўкалі фотаапаратамі, шчоўкалі і бегалі! Толькі пару чалавек укленчылі. Я зноў адзначаў мноства розных дэталей. Вось пара літовак, вельмі стыльна апранутых. Вось сціплыя пенсіянеры. Бабулі з торбамі не такія, як у Беларусі. Вось і гучная моладзь — гонар на тварах і не пустыя вочы. Ёсць і “бамжы”, але яны падобны на нашых. Учора бачыў двух мужчын ля кантэйнераў са смеццем. Дык у іх — банкет на ўвесь свет! Нават слоікі з агуркамі і сумкі адзення…
21.40. Са студэнтамі гаварыў пра магію Купалля, пра ведзьмаў, пра энергіі, пра пляцоўку і тое, як яна павінна выглядаць. Як бачна, гэтая інфармацыя была для іх новай. Закранулі і любоўную магію, прывароты. Што можна ўключыць у дэманстрацыю, а што нельга. Працавалі паводле сцэнарыя, і было бачна, што яны стаміліся ад такога націску кіраўніка. Але месцамі ўсё глядзіцца даволі прыстойна, рытуальна. Шкада, заўтра частка студэнтаў з’язджае, і мы будзем глядзець толькі “відэа”...
(Працяг будзе.)