Наталля Пачобут і Леанід Калядзінскі. / Фота Антаніны ХАТЭНКА
Помнік гэты знаходзіцца за дзесяць кіламетраў на поўдзень ад Карэлічаў і ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Пляцоўка гарадзішча размешчана ў рэчышчы ракі Сэрвач і мае форму прамавугольніка з закругленымі вугламі, памеры якога — прыблізна 95х45 м. Культурны пласт на тэрыторыі гарадзішча — звыш 2,5 метра! Дадзены факт пацвярджае актыўнасць жыцця ў гэтым месцы і магчымасць адвядзення замку важнай ролі ў рэгіёне. Раскопкі выявілі сляды трох пажараў, пасля якіх ён адбудоўваўся. Месцамі захаваліся абарончыя збудаванні — вал і роў.
Чым прывабіла мясціна дапытлівых археолагаў? Адразу прыцягнула ўвагу наступная рэч: гарадзішча высілася на дзясятак метраў над балоцістым поплавам ракі Сэрвач. Да таго ж, на гэтым месцы ніколі не праводзіліся археалагічныя раскопкі. Таксама дапамагла мясцовая жыхарка Марыя Сянюта: ад яе археолагі пачулі паданне, згодна з якім на гарадзішчы некалькі стагоддзяў таму размяшчаўся замак князя Кміты.
Летась раскопкі праводзіліся на самім гарадзішчы. Знойдзены матэрыялы XVI ст.: цікавыя фрагменты аконнага шкла рамбічнай і дыскападобнай формы, пячная кафля, прылады працы, пяць сярэбраных манет, рэчы хатняга побыту (нажы, цвікі, ключ). Даследчыкі выявілі ўзбраенне, у прыватнасці, рушніцу (агняпальную зброю), наканечнік стралы. Былі знойдзены ўпрыгожанні: фурнітура на рэмень, фрагменты бронзавых пярсцёнкаў ды бронзавыя накладкі. Цікавасць уяўляе касцяны выраб, упрыгожаны цыркульным арнаментам: яго можна аднесці да прылады, звязанай з такой гульнёй, як шашкі.
А ўжо сёлета даследаванні былі праведзены на селішчы, якое ахоплівае гарадзішча з поўдня. Пад час раскопак ускрылі рэшткі жытла XV ст. Знойдзены развал печы-каменкі, пры расчыстцы якой адшукалі пячную міскападобную кафлю XV ст. Самая ж каштоўная знаходка гэтага сезона — сярэбраная манета. Датуецца яна першай паловай XV стагоддзя, а гэта значыць, што і выяўленыя побач з ёй знаходкі можна аднесці да гэтага часу. Сустрэты таксама фрагменты нажэй, цвікі, ключы, скрыжаванне мяча і замок круглай формы шведскага тыпу, які адносіцца да XVI ст.
Знойдзеныя матэрыялы паступяць у Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей і Карэліцкі краязнаўчы музей.
“Археолагі прадоўжаць даследаванні ў наступным годзе, — адзначыў старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАНБ Леанід Калядзінскі, удзельнік экспедыцыі. — Акрамя раскопачных работ, варта правесці геамагнітную і электрамагнітную разведку пляцоўкі гарадзішча і селішча. Таксама патрэбны архіўныя пошукі звестак пра фальварак, замак ды яго ўладальнікаў. Добра было б стварыць комплексную экспедыцыю з прыцягненнем спецыялістаў з археалагічных цэнтраў Літвы і Польшчы”.
Вераніка УЛАСЕВІЧ, студэнтка II курса Інстытута журналістыкі БДУ