Дызайну… няма?
Ігар ГЕРАСІМЕНКА, дызайнер, прафесар:
— Якім бачу музей дызайну? Такім жа, як і ўсе музеі: фонды, пастаянная экспазіцыя, прастора для зменных выставак. А паколькі музей — гэта не толькі асветніцкая, але і навукова-даследчая ўстанова, значыць, у яе штаце патрэбны навукоўцы, якія працуюць з фондамі, нешта пішуць і выдаюць. Звыклая схема. Хіба што яна абавязкова павінна быць дапоўнена камерцыйным чыннікам. Сёння ўстановам культуры без гэтага нельга.
Другое пытанне, што ў гэтым музеі можа быць прадстаўлена. Тут я ў роспачы, бо сёння, так лічу, беларускага дызайну… няма. Нашы дызайнеры часцяком займаюцца капіраваннем замежных узораў. Прамысловасць працуе, але сярод яе прадукцыі (найперш кажу пра машынабудаванне) я не бачу нічога, што было б адухоўлена дызайнам. Калі ўжо так склалася, што самі думаць над вобразам лянуемся, дык хоць бы на добрыя ўзоры арыентаваліся... Ажно не! Паглядзіце на беларускую мэблю: гэта ж увогуле, мяркую, “мёртвы сезон”. Такога “рэтра” ўжо нідзе ў свеце няма. І падобная сітуацыя сёння — у многіх галінах вытворчасці…
Калі ж выбудоўваць экспазіцыю як аповед пра той час, калі Беларусь была зборачным цэхам усяго Саюза, дык яна будзе цікавай толькі для вузкага кола спецыялістаў. Я, шчыра кажучы, даволі скептычна стаўлюся да самога паняцця “савецкі дызайн”. Ён не цікавы, бо другасны. І сілкаваўся савецкі дызайн ідэямі, што прыходзілі з Захаду.
Пэўную цікавасць для гледачоў могуць уяўляць хіба што здабыткі беларускай дызайн-графікі. Тут і дасягненні ёсць, і асобы яркія. Зрэшты, у такім музеі маглі б дэманстравацца праектныя распрацоўкі, якія праігнаравала наша прамысловасць, але такая экспазіцыя не будзе працаваць на пазітыўны імідж краіны…
Рабіць грошы?
Дзмітрый СУРСКІ, старшыня Беларускага саюза дызайнераў:
— Я, безумоўна, лічу, што такі музей у Беларусі неабходны. Але мне хацелася б, каб ён ствараўся не дзеля прэзентацыйных мэт, не дзеля таго, каб паказаць, што мы не горшыя за іншых (маўляў, ва ўсім свеце такія музеі ёсць, а цяпер і мы маем).
Музей дызайну, на маю думку, мусіць стаць асветніцкім, адукацыйным цэнтрам, а яшчэ — месцам для творчага сумоўя. На яго базе маглі б рэалізоўвацца выставачныя праекты, ладзіцца канферэнцыі ды семінары.
Паралельна з працай па арганізацыі асобнай установы мае сэнс ствараць калекцыі твораў дызайну ў музеях наяўных. Бадай у кожным мастацкім музеі, які мае статус нацыянальнага, ці то ў Варшаве, ці то ў Стакгольме, ёсць раздзел дызайну. Не лішнім ён быў бы і ў нашым Нацыянальным мастацкім. Гэта па-першае… Па-другое, можна ствараць і музеі аднаго прадмета, адной рэчы. Пасля выстаўкі “Пастулат”, дзе, як памятаеце, экспанаваліся самыя розныя крэслы, мы, Саюз дызайнераў, з нашым генеральным спонсарам запаліліся мэтай стварыць музей крэсла. Зроблена такой мэблі ў Беларусі нямала — ёсць з чаго выбіраць. А таксама маюцца цікавыя гістарычныя рэчы і аўтарскія аб’екты. Экспазіцыя “Пастулату” — больш як сто аб’ектаў. Яны маглі б стаць не выставачнай, а музейнай экспазіцыяй, якая мела б поспех і ў звычайных гледачоў, і ў спецыялістаў.
Памятаю, на абмеркаванні “Пастулату” спецыяліст бярэ ў рукі крэсла прамысловай зборкі ды тлумачыць па кожным фрагменце, дзе можна сэканоміць матэрыял, дзе зрабіць таннейшай тую самую зборку, дзе дадаць камфартабельнасці. І атрымліваецца, што гэтую рэч пры захаванні базавых якасцей можна зрабіць у два-тры разы танней. Каб быў музей дызайну, такія майстар-класы ў яго сценах сталі б завядзёнкай.
А з іншага пункта гледжання, сучасныя тэхналогіі дазваляюць ствараць рэчы ў адзіным экзэмпляры, не скарыстоўваючы ручную працу. Тое ж крэсла можна зрабіць такім чынам, што гэта будзе ўжо не функцыянальная рэч, а абстрактная скульптура. У прыватнасці, у апошнім я бачу знак таго, што межы паміж дызайнам і мастацтвам размыты альбо ўвогуле сцёрты. Музей дызайну паспрыяў бы асэнсаванню гэтага феномену.
У такой установе знайшла б прытулак і шыкоўная калекцыя беларускага плаката, сабраная нашым творчым саюзам. А побытавыя рэчы 1950 — 1960 гадоў айчыннай вытворчасці — гэта ж шэдэўры! Толькі паглядзіце на тую якасць! На тое, як працуе матэрыял, як прыстасоўваліся магчымасці тэхналогіі для максімальнага выяўлення аўтарскай задумы! Усё гэта варта музейных залаў — каб людзі бачылі ды ганарыліся краінай. Дый на “рэтра” грошы можна рабіць немалыя…
Што назваць дызайнам?
Уладзімір ГОЛУБЕЎ, дацэнт кафедры дызайну Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта:
— Стрыжнявой, а мо нават і адзінай функцыяй такога музея ў нашай краіне я назваў бы асветніцтва праз папулярызацыю дызайну. Трэба нарэшце людзям растлумачыць, што ж такое насамрэч дызайн. У нас пад такім тэрмінам разумеюць што заўгодна, толькі не тое, што з’яўляецца ягонай сутнасцю. Засяроджваюцца на вонкавых чынніках, але не разумеюць, калі хочаце, душы гэтай з’явы. Дызайнерамі сябе называюць і афарміцелі, і канструктары, і шмат хто яшчэ.
Паколькі выхоўваць і адукоўваць трэба на лепшых узорах, уласна беларускага матэрыялу можа не хапіць. Экспазіцыя мусіць распавядаць пра дызайн у глабальным маштабе, а ўзоры айчыннага дызайну ў гэтым кантэксце будуць адлюстраваннем нашай далучанасці да сусветнага мэйнстрыму.
Разумееце, дызайн не зводзіцца да стварэння зручных рэчаў, дакладней, гэта не адзіная ягоная іпастась. Дызайн — гэта фарміраванне інавацыйнага светапогляду праз матэрыяльнае асяроддзе. Мяркую, што менавіта дадзеная тэза мусіць быць стрыжнявой у канцэпцыі экспазіцыі музея дызайну…
Захаваць, пашырыць…
Якаў ЛЕНСУ, загадчык кафедры тэорыі і гісторыі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў:
— Такі музей, безумоўна, патрэбен. Гэта відавочна. Па-першае, каб захаваць аб’екты дызайну, якія маюць культурную каштоўнасць. Сёння, калі паўсюдна мода падмяняе традыцыю, рэчы вельмі хутка старэюць маральна, хоць іх матэрыяльны рэсурс далёка не выпрацаваны.
Страціўшы прывабнасць у вачах спажыўца, яны знікаюць з побыту, губляюцца, знішчаюцца. Як вынік — утвараецца лакуна ў гісторыі матэрыяльнай культуры. Наяўнасць Музея дызайну дазволіла б захаваць найбольш каштоўныя, з гледзішча эстэтыкі альбо тэхналогіі, рэчы ў якасці артэфактаў.
Па-другое, Музей дызайну, як і кожны іншы, меў бы адукацыйную функцыю: знаёміў грамаду з гісторыяй матэрыяльнай культуры ў звязцы з іншымі цывілізацыйнымі чыннікамі.
І, нарэшце, такі музей прапагандаваў бы дызайн. Не сакрэт, што ў нашым грамадстве дызайну не надаецца той увагі, якой ён варты, калі браць у разлік сацыяльную функцыю дызайну і яго патэнцыял. Сама ж наяўнасць музея павысіць у вачах грамады статус дызайну і дызайнера.
Мяркую, што фонды музея і яго экспазіцыя могуць не толькі ахопліваць беларускі гісторыка-культурны абшар, але і даваць пэўнае ўяўленне пра дызайн у сусветным маштабе. Прыблізна так, як гэта зроблена ў нашым Нацыянальным мастацкім музеі. Тут беларускае мастацтва суседнічае з мастацтвам Расіі, Заходняй Еўропы, Усходу. І, дарэчы, някепска глядзіцца ў такім кантэксце…
Межы з’явы
Ігар САЛАЎЁЎ, прамысловы дызайнер:
— У любым выпадку, такі музей патрэбен. Хаця б для таго, каб узняць культурны ўзровень грамадства. Справа ў тым, што сёння паняцце “дызайн” вельмі размытае. Дызайнераў рыхтуюць не толькі ў вышэйшых навучальных установах, але і на ўсялякіх кароткатэрміновых курсах. Ёсць і дызайнеры-самавукі. Дызайнерам можа назваць сябе хто заўгодна. Такім чынам, у масавай свядомасці адбываецца дэвальвацыя прафесіі. Музей жа, як мне падаецца, дазволіць акрэсліць межы дызайну ў тэарэтычным і практычным сэнсе. Яго экспазіцыя магла б распавядаць на прыкладзе лепшых узораў пра віды і напрамкі дызайну.
Гэты музей я бачу як лакальны. Не трэба ставіць сабе за мэту зрабіць нешта грандыёзнае. Бо гэта, беручы да ўвагі рэальны стан дызайну ў нашай краіне, яго месца ў структуры вытворчасці, нерэальна. Для вялікай экспазіцыі можа папросту не хапіць экспанатаў.
Такі музей быў бы зручнай пляцоўкай для рэалізацыі актуальных выставачных праектаў. Уласна кажучы, дызайнерам і сёння ёсць дзе выстаўляцца. Прынамсі, вельмі ўдалыя экспазіцыі ладзяцца ў сценах Беларускага саюза дызайнераў. Але яшчэ адна выставачная пляцоўка не пашкодзіць. Чым іх больш, тым лепш. Скажам, нейкая выставачная прастора больш адпавядае авангарду, іншая — традыцыі, а яшчэ недзе зручна ладзіць навуковыя канферэнцыі.
Я ў экспазіцыі музея прадугледзеў бы гістарычны раздзел. Была такая з’ява — савецкі дызайн. Беларускі філіял ВНИИТЭ (Усесаюзны навукова-даследчы інстытут тэхнічнай эстэтыкі) быў адным з вядучых цэнтраў дызайну ў СССР. Сама ягоная наяўнасць паўплывала на тое, што ў Беларусі ўтварылася ўласная школа дызайну — маю на ўвазе і сістэму навучання, і дызайн як практычную дзейнасць.
Я маю сваё ўяўленне пра гэты, пакуль неіснуючы, музей. Пра тое, як мусіць будавацца яго экспазіцыя і якія праекты могуць рэалізоўвацца на гэтай пляцоўцы. Але ўпэўнены, што гэта справа не адной асобы, а каманды куратараў. Мне ж хацелася б, каб у музеі дызайну збіралася і сістэматызавалася актуальная для людзей маёй прафесіі інфармацыя. Гэты чыннік мог бы стаць адным з галоўных у дзейнасці музея…
Што сказалі студэнты?
Так па тэме нашага абмеркавання выказаліся вядомыя дызайнеры. Днямі ж карэспандэнт "К" наведаў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, дзе ў хуткім часе распачнуцца абароны дыпломаў, і задаў тыя ж пытанні студэнтам-дызайнерам, якія навучаліся па спецыялізацыі “Віртуальнае асяроддзе” і сёлета атрымаюць дыпломы БДАМ.
Таццяна ЛАБАТАЯ:
— Такі музей патрэбен. Мне здаецца, што ў нашай краіне дызайн знаходзіцца на той стадыі развіцця, калі вельмі важна засвойваць сусветны досвед. І музей мог бы паспрыяць гэтай справе…
Што там павінна знаходзіцца? У экспазіцыі мусіць быць адлюстравана гісторыя дызайну, каб было зразумела, з чаго ён пачынаўся, у тым ліку ў Беларусі, і што ўяўляе з сябе зараз. Магчыма, гэта будзе месца, дзе змогуць выстаўляцца маладыя дызайнеры, каб ім лягчэй было зрабіць старт у кар’еры. А выстаўкі могуць быць і групавыя, і персанальныя…
Дар’я ЛЯЦЯГА:
— У нас шмат моладзі, якая хацела б зрабіць для Беларусі нешта прыгожае ды зручнае. Музей дызайну мог бы прадстаўляць такія праекты грамадзе. Ён можа знаёміць людзей з тым, што зараз модна, актуальна, запатрабавана. Форма падачы інфармацыі можа быць самай разнастайнай: аб’екты, макеты, фотаздымкі…
Мяркую, што ўстанова павінна стаць выставачнай пляцоўкай для прадстаўлення праектаў маладых прафесіяналаў, якія імкнуцца сябе творча праявіць. Можа, менавіта гэты музей дазволіць адкрыць таленты, што праславяцца на ўсю краіну…
Таццяна ГУСЕВА:
— Музей павінен быць абавязкова, і ён мусіць прадстаўляць, захоўваць самыя ўдалыя прыклады дызайну, адлюстроўваць самыя класныя, самыя яркія ды цікавыя тэндэнцыі. І было б някепска, каб ён меў нацыянальнае адценне, што вельмі важна ва ўмовах глабалізацыі. Хацелася б, каб дызайн, прадстаўлены ў гэтым музеі, быў асобасны, каб стала зразумела, адкуль ён і кім зроблены…
Аліса ЛЯХОВІЧ:
— Падобны музей патрэбен, таму што ў Беларусі сур’ёзна развіваецца школа дызайну, у прыватнасці — факультэт дызайну ў нашай Акадэміі, і было б добра, каб будучыя спецыялісты маглі паглядзець на дасягненні дызайну сусветнага. Павінны быць, зразумела, у музеі беларускія залы, бо айчынны дызайн — гэта асобная тэма для вывучэння, але нельга абмінуць і знакавыя постаці сусветнага дызайну.
Не ўсё гэта можна прадставіць фізічна, але хаця б у выглядзе фотаздымкаў або відэа, каб будучы дызайнер бачыў узровень, дасягнуты ў яго спецыяльнасці папярэднікамі…
Рэзюмэ аўтара
Як бачыце, ніхто з нашых рэспандэнтаў не сумняваецца, што музей дызайну Беларусі патрэбны. Аднак разбежка меркаванняў адносна яго канцэпцыі даволі шырокая. Яго бачаць і адукацыйным цэнтрам, і выставачнай пляцоўкай для кар’ернага старту маладых талентаў, і асяродкам прафесійнага сумоўя… Я ж мяркую, што калі справа распачнецца і пойдзе, дык усё прамоўленае на старонках “К” знойдзе месца ў музейных сценах. Хтосьці прыйдзе ў гэты музей па настальгію, хтосьці — па натхненне, хтосьці — проста паглядзець на зручныя ды прыгожыя рэчы. Галоўнае — справу распачаць.