— Людміла Альгардаўна, у чым асаблівасць цяперашняга форуму? Зірнуўшы на афішу, я звярнула ўвагу найперш на багатае прадстаўніцтва беларускіх калектываў: за тры дні — восем беларускіх спектакляў.
— Так і ёсць. Не толькі сталіца, але і той жа Салігорск прадстаўлены адразу двума творчымі праектамі. А яшчэ Бабруйск, Брэст, Гомель, Гродна, Мазыр — як бачыце, самыя розныя рэгіёны. Усяго было 27 заявак, і адбор, як заўжды, праводзіўся на конкурснай аснове. У мінулыя гады нас часцяком папракалі, што айчынных спектакляў, маўляў, малавата. Але ж хацелася наладзіць як мага больш кантактаў з замежнымі дзіцяча-юначымі тэатральнымі калектывамі, таму ім аддавалася перавага.
— Выйсце бачыцца ў анлайн-паказах: з-за пандэміі многія тэатральныя, канцэртныя падзеі, музычныя конкурсы сталі пераводзіцца ў віртуальную прастору. Куды раней да ўсяго гэтага пачалі шырока практыкавацца пераносы тэатра ў кінатэатр, калі на вялікім экране дэманструюцца ці прамыя трансляцыі нашумелых спектакляў лепшых калектываў свету, ці паказы ў запісе.
— Мы таксама гэта скарысталі: музычна-паэтычны “Кадзіш” з Кішынёва, які завяршае праграму, будзе паказвацца ў запісе. Але не ўсе патэнцыйныя ўдзельнікі на гэта пагадзіліся. Хтосьці хваляваўся за свае аўтарскія правы, бо пастаноўкі ў аматарскіх ці вучэбных дзіцячых калектывах абаронены меней, чым на прафесійнай сцэне. У кагосьці няма добрых тэхнічных магчымасцей ажыццявіць трансляцыю ці якасны запіс. Да таго ж наш форум ад самага пачатку задумваўся не столькі як спаборніцтва, колькі з мэтай творчых стасункаў, назапашвання і перадачы вопыту, метадычных распрацовак, нейкіх ноў-хаў ды проста абмеркавання агульных праблем і пошукаў іх пераадолення. Бо камунікацыя, чалавечыя зносіны, сяброўства дарослых і дзяцей розных краін і рэгіёнаў становяцца ўсё больш каштоўнымі. А ў сферы культуры і мастацтва яны ўвогуле аснова творчасці! І пераводзіць форум толькі ў прагляд відэакантэнту — гэта не той шлях, які мы абіралі і якім працягваем рухацца. Таму ў праграме форуму не толькі спектаклі, але і іх абмеркаванні з членамі журы (яго ўзначальвае прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Лідзія Манакова), з кіраўнікамі калектываў, а таксама майстар-класы, круглы стол. Прадугледжаны і карысны адпачынак. У час аглядных экскурсій дзеці з розных куткоў Беларусі змогуць паглядзець Мінск і яго славутасці, а на дыскатэцы — патанцаваць, пасябраваць. Юным артыстам будзе цікава пазнаёміцца і з творчасцю тых сваіх равеснікаў, што займаюцца іншымі відамі мастацтваў. Перад цырымоніямі адкрыцця і закрыцця форуму будуць выступаць музычныя калектывы 7-й, 13-й і 14-й сталічных музычных школ. На другім паверсе разгорнецца выстава навучэнцаў усіх трох дзіцячых мастацкіх школ Мінска. Я ж кажу: наш тэатральны форум — гэта найперш творчыя кантакты.
— Назва форуму “Крокі” шмат у чым сімвалічная. Невыпадкова ў Салігорскай школе мастацтваў некалькі гадоў таму з’явіўся ваш цёзка — узорны дзіцячы тэатр з той жа назвай.
— Так, і салігорскія “Крокі” сёлета ўдзельнічаюць у праграме, паказваюць спектакль “Дарагі Бог” паводле знакамітага рамана “Оскар і Ружовая Дама” Эрыка Эманюэля Шміта — трагічную і адначасова надзвычай прасветленую, адухоўленую гісторыю смяротна хворага хлопчыка.
— “Ружовую даму” звычайна ставяць прафесійныя тэатры, прычым ролю Оскара можа граць не проста дарослы, а сталы акцёр — гэта надзвычай складаны для ўвасаблення матэрыял. І ўжо адзін зварот да такой няпростай літаратурнай крыніцы сведчыць пра сур’ёзны падыход і да тэатральных заняткаў з дзецьмі, і да самога форуму.
— У кожнага ўдзельніка — свае цікавосткі. 1-я Дзіцячая школа мастацтваў імя кампазітара Яўгена Цікоцкага з Бабруйска прывязе фальклорна-міфалагічную казку на беларускай мове “У пошуках шчасця”, створаную паводле паданняў і легенд. Адкрыццё форуму менавіта такім спектаклем, мяркую, як найлепш адпавядае Году гістарычнай памяці. Увогуле ў праграме ёсць самыя розныя спектаклі: “Нязнайка” з Гродна, “Хронікі Нарніі” з Брэста, спектакль пра бяздомных сабакаў “Да пабачэння, яр!” з Мазыра. Ёсць і лялечны — “Насарог і Жырафа”, прычым з той жа Салігорскай школы мастацтваў, дзе, акрамя згаданага калектыву “Крокі”, ёсць і лялечна-драматычны тэатр “На далоні”. Сталічная школа-студыя “Артбум” паказвае “Кветкі для Элджэрнона” пра навуковы эксперымент па павышэнні інтэлекту, а тэатральная студыя “Бегемот” школы мастацтваў № 2, дзе я працую, прапануе гледачам павучальную казку Валянціна Катаева “Жамчужына”. Але ж ці мае сэнс адкрываць усе сакрэты? Тэатральнае мастацтва не абмяжоўваецца пэўным сюжэтам, у ім галоўнае — на якой менавіта мастацкай мове, якімі сродкамі данесці задуму. У адрозненне ад некаторых ранейшых форумаў, на цяперашнім усе прагляды — бясплатныя. І юныя гледачы, упэўнена, не засумуюць.
— Праграма папраўдзе цікавая. А мяркуючы па афішы, дзе змешчаны лагатыпы некаторых прадпрыемстваў, вы зацікавілі і спонсараў.
— На самым першым форуме сярод нашых партнёраў, як іх цяпер называюць, была нават “Белавіа”, якая аплаціла пералёт калектыву з Ізраіля. Усе гады з намі плённа супрацоўнічае фабрыка “Камунарка”: дзеці атрымліваюць салодкія пачастункі. Сёлета далучыўся новы партнёр — кампанія “Дарыда”. Экскурсіі для гасцей ладзіць Інфармацыйна-турыстычны цэнтр “Мінск”, з якім у нас наладжана сувязь на пастаяннай аснове. Удзельнікі аплачваюць уступны ўзнос, але ён і блізка не пакрывае выдаткаў. Бо пражыванне і харчаванне іншагародніх калектываў на ўсе чатыры дні форуму ажыццяўляецца за кошт прыёмнага боку. Мы вельмі ўдзячныя ўсім, хто нам дапамагае. Асаблівая падзяка — Мінгарвыканкаму і, канешне, Мінскаму гарадскому палацу культуры, дзе мы праводзім форум ужо другі раз. Пасля капітальнага рамонту і аднаўлення будынка тут вельмі добрыя ўмовы. А наяўнасць дзвюх залаў, вялікай і малой, дазваляе калектывам праводзіць рэпетыцыі і паказы, не замінаючы адно аднаму. Дый гледачам зручна, бо перапынак між спектаклямі можа складаць усяго некалькі хвілін, каб перайсці з адной залы ў другую.
— Ці лёгка сёння ўвогуле зацікавіць дзяцей тэатрам, калі ў тых ёсць шмат іншых спакус — тыя ж камп’ютарныя гульні, Інтэрнэт?
— Дзецьмі трэба займацца заўсёды, а не толькі цяпер. І вельмі многа залежыць ад таго, што і як ім прыпаднесці, бо лепей за ўсё выхоўваць на ўласным прыкладзе. Конкурс на тэатральнае аддзяленне нашай школы мастацтваў падае, як і паўсюль. Але зусім не катастрафічна. У нас займаюцца ўжо “дзеці дзяцей” — нашчадкі тых, хто ў нас калісьці вучыўся. Спрацоўвае і сарафаннае радыё. А некаторыя выпускнікі працягваюць тэатральную адукацыю не толькі ў Беларусі, але і ў замежжы, у тым ліку ў Маскве і Санкт-Пецярбургу, абіраюць тэатр сваёй прафесіяй і лёсам.
— Неаднаразова чула, што ў тую ж Акадэмію мастацтваў лепей паступаць “з чыстага аркуша”, без папярэдняга ўдзелу ў аматарскіх пастаноўках, каб не даводзілася перавучваць.
— Сапраўды, так гаварылі раней самі выкладчыкі тэатральных навучальных устаноў. А цяпер яны імкнуцца паглядзець нашы спектаклі, каб вызначыць найбольш адораных удзельнікаў і прапанаваць ім паступаць на тэатральнае. Бо існуе вялікая розніца ў працы рэжысёра і настаўніка. Пастаноўшчык імкнецца дасягнуць неабходнага для сябе выніку, таму сыходзіць з эстэтыкі пэўнага спектакля. А педагог вучыць. У нас выкладаюцца такія дысцыпліны, як гісторыя тэатра, асновы акцёрскага майстэрства, сцэнічная мова, асновы сцэнічнага руху, танца, вакал, музычная грамата. Звярніце ўвагу: Акадэмія музыкі, музычныя каледжы Беларусі ганарацца трохпрыступкавай сістэмай адукацыі, што гістарычна склалася ў нашай краіне і зарэкамендавала сябе найлепшым чынам. А тэатралы — чым горшыя? Акцёрская адукацыя таксама павінна развівацца на розных узроставых узроўнях, пачынаючы з дашкольнікаў. Мы водзім сваіх выхаванцаў на прэм’еры, абмяркоўваем з імі ўбачанае. Не ўсе становяцца прафесіяналамі, але ж прыхільнікамі тэатра — дакладна. І ў адрозненне ад многіх нават дарослых, умеюць рацыянальна распараджацца сваім вольным часам, мадэляваць розныя жыццёвыя сітуацыі і знаходзіць з іх выйсце: тэатр — унікальная мадэль грамадства, што дазваляе і артыстам, і гледачам прымерыць на сябе самыя розныя ролі і ўчынкі. Унікальны сродак выхавання чалавека і яго душы!
Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ
Даведка
Людміла Альгардаўна Семіжон нарадзілася ў Рагачове.Скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў па спецыяльнасці “рэжысура святаў”, Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы БДУ як культуролаг. У 2003 годзе стала намеснікам дырэктара Мінскага драматычнага тэатра “Дзе-Я”, пазней перайменаванага ў Новы драматычны тэатр, і адначасова дырэктарам тэатральнай школы № 1 пры тэатры.
З 2020-га — дырэктар Дзіцячай школы мастацтваў № 2 г.Мінска. З 2011-га — адзін з ініцыятараў і арганізатараў Мінскага міжнароднага дзіцячага тэатральнага форуму “Крокі”, які сёлета праходзіць у шосты раз.