Такім чынам, практычна ўся гісторыя плакатнага мастацтва Беларусі на выстаўцы пачынаецца з пасляваеннага перыяду і праходзіць праз усе буйныя сацыяльна-эканамічныя, палітычныя і культурныя пачынанні дзяржавы, уключаючы і дзень сённяшні. І тут арганізатары экспазіцыі сапраўды пастараліся: творы літаральна ўсіх плакатных жанраў і стыляў пісьменна, адпаведна гістарычным перыядам жыцця краіны, размешчаны ў дзвюх залах Палаца. Сярод іх шмат высокапрафесійных твораў, асабліва тых, што былі створаны ў час культурнага Адраджэння і ў апошнія два дзесяцігоддзі — у незалежнай Беларусі.
Што да плаката пасляваеннага і плаката 60-80-х гадоў, то тут — асобая гаворка. Для адных гледачоў, асабліва старэйшага пакалення, пэўныя творы навяваюць настальгію па маладосці, калі нас горача заклікалі ісці на выбары ў Вярхоўныя саветы СССР і БССР, калі Ленін быў яшчэ “живее всех живых”, калі кампартыя была “розумам, гонарам і сумленнем нашай эпохі”, калі савецкія людзі гераічна змагаліся за мір і дружбу народаў, за высокія ўраджаі кукурузы, калі выступалі супраць п’янства ды раскрадальнікаў сацыялістычнай маёмасці і г.д. У іншых, асабліва ў моладзі, — такія творы выклікаюць нейкае недаўменне, у лепшым выпадку — здзіўленне: няўжо так было? Было! У тыя часы плакат сярод усіх відаў выяўленчага мастацтва, мабыць, быў самай дзейснай і магутнай зброяй агітацыі і прапаганды савецкага ладу жыцця, бо атачаў людзей літаральна з усіх бакоў і валодаў такой жанравай спецыфікай і такімі адмысловымі пластычнымі сродкамі, якія адразу аказваліся зразумелымі кожнаму чалавеку любога ўзросту. Я далёкі ад думкі папракаць аўтараў такіх твораў у канфармізме, вядома, што плакат — гэта твор, які звычайна рабіўся на заказ. Аўтары ж таго пакалення былі высокапрафесійнымі майстрамі і людзьмі, якія горача верылі ў тое, што прапаведвалі: Яфім Тарас (а не Яўген Тарас, як значыцца на этыкетках да работ), М.Гуціеў, У.Жук, Л.Замах, Т.Ігнаценка… Я ўжо не кажу пра тую вялікую ідэалагічную ролю, якую адыграла ў свой час выдавецтва Саюза мастакоў БССР “Агітплакат”, дзе працавалі літаральна ўсе плакатысты краіны.
Хочацца адзначыць плакаты, створаныя ў перыяд 1980 — 1990-х гадоў, калі, мабыць, упершыню ў краіне пачала прачынацца нацыянальная самасвядомасць, калі народ беларускі зразумеў, што у яго ёсць свая вялікая гісторыя, свае вялікія продкі, свая вялікая культура. І ў гэтых адносінах шмат чаго зрабілі такія плакатысты, як У.Крукоўскі, У.Васюк, А.Кітаева, Л.Кальмаева. П.Гонта, С.Саркісаў, Р.Найдзен… Канешне, зусім новыя формы прыняў і беларускі кінаплакат, і тэатральны, і рэкламны — тут таксама ёсць чым ганарыцца: дастаткова паглядзець творы Міхала Анемпадыстава, Аляксандры Галенка, таго ж Уладзіміра Васюка ці Яны Герасімовіч…
Канешне, плакаты сённяшняга дня — зусім іншыя, чым былі нават 30 гадоў таму. Новыя тэхнікі друку, новыя тэхналогіі, зусім іншы аўтарскі погляд на свет, на ідэалогію, на грамадства, на філасофію жыцця, калі мяжа паміж плакатам і рэкламай стала амаль нябачнай — усё гэта вельмі моцна паўплывала на плакатнае мастацтва ды графічны дызайн. Дастаткова паглядзець на творы Д.Сурскага, У.Цэслера, Ю.Тарэева, Г.Мацура, У.Цярэнцьева, І.Лукінскага, А.Баранава, Г.Лазарчык і іншых таленавітых мастакоў сучаснасці, каб зразумець, што ў мастацтва плаката прыйшоў новы час — час інтэлектуальных і дзіўных метафар, алегорый, сімвалаў, час нейкай спецыфічна-плакатнай інфарматыўнай філасофіі, якую можна адразу і не спасцігнуць, бо патрабуюцца пэўныя намаганні розуму. Плакат XXI стагоддя — гэта асэнсаваны вынік бурнага дынамічнага жыцця краіны і свету, і таму патрабуюцца новыя вобразна-пластычныя ідэі — арыгінальныя, свежыя, выразныя, экспрэсіўныя і ў той жа час лёгкія для ўспрымання гледачом. Простыя плакатныя “агіткі” і пафасныя заклікі з кімсьці ці з чымсьці змагацца або нешта любіць ужо мала спрацоўваюць…
Калі я пакінуў выстаўку, зноў падумаў: дык усё ж колькі гадоў нашаму плакату? Дзе тая кропка адліку? Адкуль аб’ектыўна трэба весці нашу плакатную гісторыю? Лічачы па сённяшняй прадстаўленай экспазіцыі, плакату — за 60 гадоў. Урэшце, думаю, што не вельмі важна шукаць тут дакладную дату і звязваць яе абавязкова з нейкім круглым юбілеем. Хто мне, напрыклад, скажа, колькі гадоў беларускаму жывапісу, графіцы ці скульптуры?
І яшчэ. Век плаката рукатворнага паступова адыходзіць. На змену яму прыйшлі камп’ютарныя тэхналогіі, якія, на жаль, не заўсёды “намацваюць” жывы пульс аўтарскага асэнсавання гісторыі і сённяшняй рэчаіснасці…