Дзіўны народ славяне: быццам бы шануюць вялікіх сваіх мастакоў, а нашчадкам пакідаюць да крыўднага мала дакладных звестак пра іх жыццё ды творчасць. Потым, праз гады ды дзесяцігоддзі, а то і стагоддзі, спахопяцца ды пачынаюць пісаць манаграфію за манаграфіяй. Імкнуцца стварыць біяграфіі сваіх продкаў па некалькіх кароткіх радках у мастацкім летапісе. Так здарылася і з адным з лепшых рускіх пейзажыстаў другой паловы XIX стагоддзя Мікалаем Аляксеевічам Атрыганьевым, лёс якога не мінуў і Беларусь.
Не памылюся, калі скажу, што гэтае імя стала вядомым у нашай краіне толькі дзякуючы дырэктару Дзяржаўнага мастацкага музея БССР Алене Васільеўне Аладавай. На пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя Аладава, знаходзячыся ў Маскве, пазнаёмілася з прыватным калекцыянерам Юрыем Няўзоравым і ў ягонай кватэры пабачыла цудоўны пейзаж “Вечар” невядомага для яе тады мастака Атрыганьева. А калі даведалася, што гэты тонкі ды пранікнёны пейзажыст нейкім чынам звязаны з Беларуссю і некалькі гадоў працаваў на Магілёўшчыне, угаварыла Няўзорава прадаць тую работу для беларускага музея. Потом “здабыла” з другіх мясцін яшчэ два палатны майстра. Дабралася і да Омска, дзе ў мясцовым Мастацкім музеі імя М.Урубеля знаходзілася іншая карціна Атрыганьева. Тут жа прапанавала “абмяняць” яе на “беларускага” Сурыкава (“Паранены казак” — эцюд да карціны “Скарэнне Сібіры Ермаком”). Але штосьці не атрымалася. Вось наконт абмену сурыкаўскага эцюда “Царэўна” (да карціны “Наведанне царэўнай жаночага манастыра”), які Аладава яшчэ напрыканцы 1940-х набыла ў масквічкі Яўгеньевай, на пейзаж Атрыганьева омскія музейшчыкі маглі падумаць, а так… Словам, як мне распавядала Алена Васільеўна, “пагадненне не атрымалася, бо маё сумленне не дазволіла расстацца з цудоўным партрэтным эцюдам Сурыкава да яго апошняй у жыцці карціны…”
...У снежаньскі халодны вечар 1870 года ў пецярбургскую кватэру Атрыганьевых, што на вуліцы Махавой, было падкінута месячнае дзіця “мужеского пола” невядомых бацькоў. Яго ахрысцілі 13 снежня ў Сімяонаўскай царкве і назвалі Уладзімірам. Так пачыналася жыццё будучага мастака, гісторыка-краязнаўца, арганізатара музейнай справы ў г. Ліпецку Уладзіміра Іларыёнавіча Жукава. Незадоўга да сваёй смерці ён і раскрые тайну свайго паходжання.
У пачатку 60-х гадоў XIX ст. былая прыгонная Дуняша выйшла замуж за пецярбуржца, адстаўнога салдата Пятроўскага палка, слесара інструментальнай майстэрні пры Ваенна-медыцынскай акадэміі на Апцекарскім востраве. Была Дуняша родам з Задонскага павета, дзе ў якасці прыгоннай была прыпісана да маёнтка памешчыка, баявога генерал-маёра Іларыёна Жукава. Пасля адмены прыгоннага права працягвала працаваць прачкай у сваіх былых гаспадароў, а ў сярэдзіне лістапада 1870 года нарадзіла ў дапаможным радзільным прытулку дзявятае (!) дзіця. Па папярэдняй змове бяздзетнай дачкі генерала Кацярыны Іларыёнаўны Атрыганьевай з Дуняшай, дзіця было падкінута на генеральскую кватэру і, зразумела, са згоды гаспадароў дома, прынята на выхаванне. Муж Кацярыны, ужо вельмі вядомы мастак, Мікалай Аляксеевіч Атрыганьеў быў толькі рады такому павароту справы.
М.Атрыганьеў. "Вечар у Мінскай губерні".
З будучай жонкай мастак пазнаёміўся яшчэ ў маладосці. У 1846-м, у час ваеннай экспедыцыі супраць горцаў, сотнік казачага палка Мікалай Атрыганьеў сустрэў Мікалая Жукава, брата Кацярыны, а праз год у Пецярбургу адбылося і знаёмства мастака з сям’ёй Жукавых. Атрыганьеў і Жукава пакахалі адно аднаго. Пабраліся шлюбам. Але радасць азмрочвала адна бяда: не было дзяцей. Што было б далей у сям’і — невядома, аднак падкінутае чужое дзіця аднавіла сямейную раўнавагу і мір, прынамсі, на наступныя пяць-сем гадоў.
Прайшоў нейкі час. Мастак ужо стаў так званым “вольным общником” Імператарскай Акадэміі мастацтваў. Мабыць, не ўсе ведаюць, што гэта за званне. Тлумачу: “вольный общник” — ад царкоўнаславянскага “общник” — саўдзельнік, удзельнік, член добраахвотнага таварыства ў Расійскай імперыі. Гэтае званне прысуджалася за вялікія заслугі ў галіне мастацтва жывапісцам, скульптарам, архітэктарам, гравёрам, гісторыкам ды тэарэтыкам мастацтва, крытыкам і калекцыянерам, нават літаратарам, у тым ліку замежным. Сярод іх — В.Трапінін, К.Брулоў, К.Флавіцкі, У.Стасаў, Ф.Васільеў, К.Росі, Ф.Пранішнікаў, П.Траццякоў, І.Трутнеў, Б.Ф. Растрэлі, Э.М. Фальконэ, Д.Дзідро, Д.Доу, А.Калам, В.Жукоўскі, У.Адоеўскі, І.Крылоў, Н.Кукольнік… Думаю, што ў такой кампаніі Атрыганьеў мог бы пачуваць сябе вельмі ўтульна. Тым больш, што “акадэмій ён не канчаў”.
Дык вось, калі маленькаму Валодзю споўнілася пяць гадкоў, яго прыёмныя бацькі — Мікалай і Кацярына Атрыганьевы — адвезлі хлапчука ў вёску Аляксандраўку Задонскага павета (цяпер — Аляксандрава-Жукава), у маёнтак генерала Іларыёна Жукава, які толькі што выйшаў у адстаўку і актыўна займаўся сельскай гаспадаркай, конегадоўлей, уладкаваннем тых земляў, што яму належылі на Тамбоўшчыне ды ў іншых губернях. Ну а потым атрымалася так, што галоўная роля ў далейшым лёсе Валодзі стала належаць Арэсту Фёдаравічу Мілеру — вядомаму прафесару рускай славеснасці і гісторыку літаратуры.
У пачатку 1880-х гадоў Іларыён Іванавіч Жукаў і яго жонка Лізавета Мікалаеўна (народжаная Лермантава) з дазволу самога імператара ўсынавілі хлопца, які вельмі рана заахвоціўся рысаваннем (пад уплывам Мікалая Атрыганьева) і паэзіяй (пад уплывам Арэста Мілера). Усё ішло добра, пакуль нечакана ў 1887-м не памерла Кацярына Іларыёнаўна, жонка мастака, нашага героя. Уладзімір Жукаў па яе завяшчанні атрымаў хутар, але з-за сваёй непрыстасаванасці да гаспадарства не здолеў яго ўтрымліваць. Таму здаў маёнтак у арэнду, з’ехаў у варонежскі край, дзе і пачаў новае жыццё на ніве выяўленчага мастацтва ды сцэнаграфіі. Шмат стварыў розных ілюстрацый і экслібрысаў. У 1920-я гады працаваў у ліпецкім драмтэатры. У тым жа Ліпецку восенню 1944-га ён пайшоў з жыцця...
Ну а зараз вяртаюся да Мікалая Аляксеевіча Атрыганьева. Скажу адразу: ягонае жыццё, па сутнасці, — суцэльныя белыя плямы! Пра яго ніхто ніколі не пісаў манаграфій і нават разгорнутых артыкулаў, хаця ягонае імя скупа мільгае тут і там у Інтэрнэце, у мастацкіх слоўніках; штосьці, вельмі эскізна ды не заўсёды дакладна, у 1974 годзе пісаў пра яго Леанід Дробаў. Яно і не дзіва: біяграфія мастака дайшла да нас літаральна ў чатырох-пяці абзацах, якія і пераходзяць, быццам бы пад капірку, з адной крыніцы ў іншую. Я нават здымка яго нідзе не знайшоў, хаця пры ягоным жыцці мастацтва фатаграфіі ўжо займела добры статус. Няўжо ж яго ніхто не здымаў? Зараз, пасля руплівага, стараннага, пільнага “ўваходжання” ў жыццё ды творчасць цікавага пейзажыста другой паловы “стагоддзя перадзвіжнікаў”, я паспрабую аднавіць страчаныя старонкі ягонай біяграфіі.
Магчыма, радаслоўнае дрэва ідзе ад святога праведнага пакутніка Васіля Мангазейскага, які нарадзіўся ў горадзе Яраслаўлі на пачатку 80-х гадоў XVI ст. у сям’і небагатага гандляра. Ягонага бацьку звалі Фёдар. Ён быў вельмі набожным, і свайго сына выхоўваў у тым жа духу. Яшчэ ў раннім узросце аддаў яго ў паслужэнне багатаму яраслаўскаму купцу, чыё імя ў гісторыі не захавалася. У некаторых жа старых архіўных крыніцах даецца прозвішча Васіля — Атрыганьеў.
Чытаючы гістарычную аповесць Усевалада Іванова “Імператрыца Фіке” (пра маладосць Екацярыны Вялікай), у 6 раздзеле “Перамога пры Грос-Егерсдорфе” знайшоў такую фразу: “…Пяты, з ніжагародскіх дваран, паручнік Павел Атрыганьеў, выбягае з хмызняка і з салдацкай стрэльбай кідаецца ў штыкі на ворага, не разбіраючы іх колькасці…”. Гаворка ішла пра бітву рускіх палкоў генерал-фельдмаршала Сцяпана Апраксіна з прускімі войскамі караля Фрыдрыха II у сярэдзіне 50-х гадоў XVIII ст. Вось я і падумаў: можа, той самы Павел Атрыганьеў — адзін з продкаў нашага мастака?
А вось бліжэй да XIX стагоддзя “сямейная карціна” роду Атрыганьевых праясняецца больш дакладна. Бацька мастака — Аляксей Ульянавіч Атрыганьеў. Калісьці ён утрымліваў яраслаўскі піцейны водкуп. Потым, ужо ў Пецярбургу, стаў знакамітым купцом 1-й гільдыі, ганаровым грамадзянінам горада. У 30-я гады XIX ст. разам з жонкай, багатай купчыхай Вольгай Іванаўнай, маці будучага мастака, даў 20 тысяч рублей (тады вельмі вялікія грошы) на будаўніцтва двухпавярховай Ільінска-Ціханавай царквы ў стыле класіцызму ў Яраслаўлі. У сваю чаргу, Вольга Іванаўна перад смерцю ў 1849 годзе завяшчала сыну Мікалаю Аляксеевічу, на той час ужо адстаўному казацкаму сотніку, свой маёнтак з вялікім паркам, храмам-альтанкай і летнім домікам, пабудаваным Кварэнгі, у вёсцы Лялічы Чарнігаўскай губерні. Калісьці яна перакупіла яго ў графіні Алены Завадоўскай, блізкай сяброўкі паэтаў І.Казлова і П.Вяземскага, ды ейнага мужа, графа Васіля Завадоўскага.
А што да Аляксея Ульянавіча Атрыганьева, то ён пайшоў з жыцця яшчэ 30 жніўня 1834-га, калі Міколку было ўсяго адзінаццаць гадоў. Пахаваны на Ціхвінскіх могілках Аляксандра-Неўскай лаўры ў Пецярбургу, якія ў 30-я гады ХХ ст. былі “рэканструяваны” пад “Некропаль майстроў мастацтваў”. У выніку пад адзін грэбень былі знішчаны многія помнікі, якія, на думку жданаўскіх улад горада, не мелі ніякай гістарычнай і мастацкай каштоўнасці. Цудам захаваўся надмагільны помнік “ганароваму грамадзяніну Пецярбурга” Аляксею Атрыганьеву — бацьку выдатнага мастака. Зараз яго можна паглядзець на рагу 1-й Папярочнай дарогі і Галоўнай алеі некропаля…
(Працяг будзе.)