3 жніўня ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы адкрылася першая чарга абноўленай экспазіцыі, якая па сваім тэхнічным забеспячэнні цалкам адпавядае сучасным патрабаванням. Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця выставачных залаў, што па-новаму распавядаюць пра геній Песняра, прыняў удзел міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка.
Як адзначыў пад час урачыстага мерапрыемства міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка, 2012-ы — не толькі Год Кнігі і 130-годдзя з часу нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа. Сёлетні год праходзіць таксама пад знакам музеяў.
Павел Латушка згадаў, што сёлета ўжо былі адкрыты Музеі беларускай дзяржаўнасці і Нясвіжскі палацава-паркавы ансамбль, добраўпарадкаваны і праведзнены неабходныя рамонтныя работы ў філіялах Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы ў Акопах, Вязынцы і Ляўках, іншых музеях краіны. Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам прынята важнае рашэнне аб адкрыцці музея Васіля Быкава. Таксама, як вядома, у хуткім часе ў Гродне адбудзецца Першы Нацыянальны музейны форум.
Што да новай экспазіцыі, дык, па словах міністра культуры, яна зроблена з улікам усіх найноўшых дасягненняў у музейнай справе.
— Гэта першы такі музей на Беларусі, у якім шырока выкарыстоўваюцца 3D-тэхналогіі, — адзначыў Павел Латушка. — Пад новую экспазіцыю было выдаткавана прыкладна 900 мільёнаў рублёў. І я ўпэўнены, што моладзь ды і ўсё наша грамадства ацэняць тыя тэхналагічныя навінкі, якія з’явіліся цяпер у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы, і будуць яшчэ часцей наведваць сцены ўстановы культуры.
Скразная тэма абноўленай экспазіцыі, размешчанай у трох залах, распавядае загадчык музейнага аддзела навукова-экспазіцыйнай і выставачнай работы Глафіра Кушаль, — гэта тэма шляхоў роду Луцэвічаў, што вядомы з XVII стагоддзя, шляхоў самога Янкі Купалы да сябе, Беларусі і беларускай нацыі. Канцэпцыя гэтых сцежак і пуцявін дакладна і вобразна ўвасоблена дызайнерам Аляксандрам Давідовічам. У кожнай зале на верставых слупах пазначаны галоўныя вехі-даты жыцця і творчасці Янкі Купалы. На сценах — таксама акрэслены маршруты-вузельчыкі, лёсавызначальныя для Песняра. А вялізныя фонавыя фотаздымкі адлюстроўваюць Мінск, Пецярбург, Вільню, Полацк, Смаленск, Маскву, праз якія і пралёг пакручасты шлях чалавека, што ўсё жыццё дбаў пра незалежнасць нашай дзяржавы. А на верхнім поясе экспазіцыі — вершаваныя радкі Купалы ў атачэнні папараці. Ёсць і такія: “Я — шлях, якому век няма спакою ні ў чорны дзень, ні ў месячную ноч…”
Першая зала прысвечана роду Луцэвічаў. Менавіта тут “вырасла” генеалагічнае дрэва, навершам “кроны” якога стаў шляхецкі родавы герб “Навіна”. Шмат новых экспанатаў. Сярод іх — матэрыялы, прысвечаныя родзічам жонкі Янкі Купалы — Уладзіславы Францаўны Станкевіч. Маці яе, як вядома, — Эмілія Манэ (з роду Клода Манэ), прыехала калісьці на Валожыншчыну, выкладала ў Вішневе французскую мову, пабралася шлюбам з мясцовым лесніком Францам Станкевічам… Менавіта ў першай зале ў фармаце 3D праз спецыяльныя акуляры можна паглядзець святкаванне Купалля, запісанае ў мясцінах, дзе нарадзіўся пісьменнік. Апрача таго, працягвае экскурсію Глафіра Кушаль, у кожнай зале ёсць маніторы, з дапамогай якіх “прагортваюцца” каштоўныя матэрыялы, якія не ўвайшлі ў экспазіцыю. Да прыкладу, выявы вязынскай хаты ў самыя розныя гады. Ці — рукапісны варыянт зборніка “Шляхам жыцця”…
Фрагментамі інтэр’ера з’яўляюцца мемарыяльныя куткі. Да прыкладу, у віленскім — тагачасная мэбля, лямпа, скрынка для карэспандэнцыі. Янка Купала, працуе на той момант у бібліятэцы і адначасова — у рэдакцыі газеты “Наша ніва” ды беларускім выдавецкім таварыстве…
Асобны раздзел прысвечаны перакладчыцкай дзейнасці Песняра. А перакладаў Купала з украінскай, рускай, польскай моў. Упершыню прэзентуецца рукапісны пераклад верша “У мгле”, на які беларускі кампазітар Якаў Прохараў напісаў аднайменны раманс.
Выключна цікавы і інтэр’ерны фрагмент, што тычыцца пецярбургскага перыяду, калі пісьменнік жыў на кватэры патрыярха беларускага адраджэння прафесара Браніслава Эпімах-Шыпілы. На сцяне — імітацыя акна Купалавага пакоя. Аконная рама — сапраўдная, прывезеная з тады яшчэ Ленінграда. Від з акна — фатаграфічны, але таксама адпавядае рэчаіснасці. У шафе — кніжкі, што чытаў на той час Пясняр.
Упершыню, распавядае Глафіра Кушаль, падаецца тэма купалаўскіх санетаў. Пісьменнік стварыў 22 творы ў гэтым жанры, і кожны з іх мае не любоўную, а сацыяльную тэматыку. Ёсць тут беларускамоўныя і польскамоўныя санеты. А паколькі ў экспазіцыі прасочваецца трывалая літаратурная повязь паміж мінуўшчынай, сучаснасцю і будучыняй, паміж Беларуссю ды іншымі краінамі, у раздзеле прысутнічае купалаўскі томік санетаў на васьмі мовах свету, выдадзены ў 2002-м. А на сценцы адлюстраваны Млечны шлях, асветлены зоркамі Петраркі, Шэкспіра, Міцкевіча, Гётэ, Багдановіча, Купалы… На верставым слупку апошняй залы пазначаны 1913 год пецярбургскага перыяду жыцця і творчасці першага народнага паэта Беларусі.
Цягам года мяркуецца абнавіць яшчэ чатыры залы. Апошні верставы слуп Купалавага шляху будзе пазначаны 1942 годам.
Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ, Яўген РАГІН
Фота Юрыя ІВАНОВА
Дарэчы
"Белая вежа" — класікам
Выява Янкі Купалы поруч з вобразамі Уільяма Шэкспіра і Антона Чэхава з'явілася на постарах сёлетняга Міжнароднага тэатральнага форуму "Белая вежа", які ў верасні прыме Брэст. Тэма форуму — "Класіка плюс".