Адкуль?
“У грамадскай свядомасці паняцці "плот" і "культура" традыцыйна лічацца неспалучальнымі. Дык ці не ўспрымуць гэтую акцыю як прафанацыю мастацтва?” — пытаюся ў куратара акцыі, дырэктара па маркетынгу кіраўнічай кампаніі “Зубр Капітал” Ільі Прохарава. Не, мяркуе спадар Прохароў. Сусветны досвед, на ягоную думку, сведчыць пра адваротнае. Падобныя акцыі мелі поспех у еўрапейскіх краінах, нядаўна рэпрадукцыі твораў сучасных расійскіх мастакоў дэманстраваліся ў Пецярбургскім метро. “Так што мы не вынаходнікі веласіпеда”, — зазначае ён. Ініцыятарамі гэтай выстаўкі сталі міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка і кіраўнік згаданай кампаніі Алег Хусаінаў.
Апошні вядомы і як калекцыянер твораў беларускага мастацтва, і арт-праект “Zabor” — гэта ягоны ўклад у сучасную культуру. Міністр жа лічыць, што людзям мастацтва патрэбна шукаць нестандартныя шляхі да гледача. Куратар гэтай незвычайнай выстаўкі цалкам упэўнены ў поспеху праекта, вынікам якога стане далучэнне да мастацтва тых, хто пакуль што без яго абыходзіцца…
Чаму?
— Чым цікавая гэтая акцыя менавіта вам? — пытанне да аднаго з удзельнікаў выстаўкі — жывапісца Руслана Вашкевіча.
— Так званы паблік-арт, або “вулічнае мастацтва”, уяўляецца мне напрамкам перспектыўным, — адказвае ён. — Арт-праект “Zabor” — спроба вывесці мастацтва за межы выставачных залаў. Гэта, калі хочаце, своеасаблівая форма эстэтычнага “захопу тэрыторыі”. Беларускае сучаснае мастацтва ўжо экспанавалася і ў музейнай прасторы, і ў памяшканнях, для гэтага не прыстасаваных — як на заводзе “Гарызонт”. Наступны крок — гарадская вуліца. Я бачу ва ўсім гэтым пазітыўную тэндэнцыю.
— А тэма “Беларусь і беларусы” вам блізкая?
— Мяркую, такой выстаўцы тэма і назва ўвогуле не патрэбны, тым больш, нацыянальная прывязка. Праблемы паўсюль — аднолькавыя. Як мастак я хацеў бы засяродзіцца на гэтай акалічнасці...
Як?
Другі ўдзельнік праекта — Віктар Альшэўскі трактуе выстаўку як мадэль глабальнай культурнай прасторы. Гэта ўжо ёсць у свеце. У прыватнасці, падобныя акцыі звыклыя для Масквы: калі ўвесь горад паўстае перад жыхаром і госцем суцэльнай экспазіцыйнай прасторай. На думку спадара Віктара, арт-праект не падмяняе музейную залу, але дапаўняе яе. Пасля экспанавання вялікіх рэпрадукцый на гарадской вуліцы варта зладзіць выстаўку ўжо саміх твораў у экспазіцыйнай зале. І можна спадзявацца, што людзі пойдуць глядзець на арыгінал, пасля таго, як пабачылі эфектна пададзеныя рэпрадукцыі. А апошнія могуць паехаць далей па краіне альбо за мяжу.
Колькі?
На “заборнай” выстаўцы будуць экспанавацца рэпрадукцыі работ чатырох мастакоў. Акрамя згаданых вышэй творцаў, гэта Сяргей Ковель і Уладзімір Стальмахоў. Уявіць карціны такіх розных аўтараў пад адным дахам даволі цяжка. — Цікава, як яны спалучацца на адным “Zabor’ы”?
Вісець на "плоце" выстаўка будзе два з паловай месяцы.