Выдадзеная па ініцыятыве Міністэрства культуры краіны і пры падтрымцы Беларускага фонду культуры, кніга "Дзікае паляванне караля Стаха" на чатырох мовах у хуткім часе зойме пачэснае месца ў фондах бібліятэк краіны. А напярэдадні юбілею славутага пісьменніка ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адкрылася выстаўка "Свет шчодры. Свет мяне паўторыць...", дзе ўпершыню прадстаўлены ўнікальныя матэрыялы з прыватных архіваў, а таксама з фондаў музея, большая частка якіх была перададзена сястрой пісьменніка - Наталляй Кучкоўскай.
І ўсё ж галоўныя мерапрыемствы прайшлі на радзіме Караткевіча - у Оршы. Цягам усяго тыдня горад літаральна жыў творчасцю класіка беларускай літаратуры. Як ужо паведамляла "К", на мясцовым радыё распачаўся штодзённы цыкл радыёперадач "Пяць хвілін з Уладзімірам Караткевічам", адкрыліся мастацкія выстаўкі ў музеях і галерэях Оршы, адбылася прэзентацыя адноўленай экспазіцыі народнага музея школы № 3, які першым у рэспубліцы распачаў працу па ўшанаванні памяці пісьменніка.
Асноўныя падзеі прыпалі непасрэдна на дзень нараджэння Уладзіміра Караткевіча. У прыватнасці, раніцай 26 лістапада ў праваслаўным храме ў гонар Святога Леаніда адбылася паніхіда аб спачыне пісьменніка, пасля якой прыхільнікі яго творчасці сабраліся на ХVІІІ, традыцыйных, Літаратурных чытаннях "І не знікаць паэтам вечна", што адбыліся ля помніка Караткевічу, з удзелам знаных літаратуразнаўцаў і пісьменнікаў.
Не менш важным і ўрачыстым атрымалася спецыяльнае памятнае гашэнне канверта з маркай, прысвечаных юбілею нашага класіка, створаных мастаком Яўгенам Сіманенкам, што адбылося ў Музеі Караткевіча. Цяпер канверты з выявай знакамітага пісьменніка разляцяцца па ўсёй Беларусі, балазе іх тыраж складае 104 тысячы экзэмпляраў.
Да таго ж, як адзначыла загадчык Музея Уладзіміра Караткевіча Галіна Юркевіч, да юбілею супрацоўнікі ўстановы падрыхтавалі наборы паштовак "Мясціны Караткевіча ў Оршы" і "Пісьменнік. Грамадзянін. Чалавек", два буклеты, а таксама відэафільм Івана Шульгі "З Уладзімірам Каратевічам ад Оршы да Рагачова", прэзентацыя якога адбылася напярэдадні. Апроч таго, фонды Музея Уладзіміра Караткевіча за апошні год папоўніліся карцінамі, скульптурамі, іншымі каштоўнымі прадметамі, звязанымі з творчасцю пісьменніка, а таксама разнастайнымі падарункамі гасцей сёлетніх святочных мерапрыемстваў у Оршы.
Завяршыліся ж урачыстасці канцэртам "Быў. Ёсць. Буду", што адбыўся ў Гарадскім цэнтры культуры з удзелам зорак беларускай эстрады, мясцовых музычных калектываў.