Галоўны рэжысёр Дня беларускага пісьменства ў Хойніках Ніна Осіпава паведамляе "К", што канцэпцыя ўсіх мерапрыемстваў цесна знітавана з палескімі матывамі і творчасцю Івана Мележа. Сцэнарыем, што падрыхтаваў пісьменнік Алесь Бадак, Ніна Віктараўна вельмі задаволена: па яе словах, ён- арыгінальны і досыць нечаканы паводле сюжэтных ліній. Словам, глеба для рэжысёрскіх фантазій - самая ўрадлівая.
Пад час урачыстай цырымоніі адкрыцця Дня беларускага пісьменства, як распавядае Ніна Осіпава, госці пабачаць героя "Палескай хронікі" Васіля Дзятліка, які з кніжнай "рэальнасці" раптоўна трапіў у сённяшні час. Аднымі з герояў свята стануць унукі і праўнукі Васіля і Ганны. У тэатралізацыі будзе браць удзел каля сотні чалавек: апрача мастацкіх калектываў рэжысёрскую задуму рэалізуюць маладыя акцёры сталічных тэатраў. Гэта, так бы мовіць, - генеральная канцэпцыя свята.
Але Дзень беларускага пісьменства ў Хойніках - вялізная і маляўнічая мазаіка. І ў кожнага яе "фрагмента" - свой рэжысёр. Да прыкладу, Уладзімір Клінчук адказвае за відовішчнасць выступлення мастацкіх калектываў Гомельшчыны, а таксама - за канцэрты беларускіх і ўкраінскіх салістаў ды ансамбляў.
А.С.