Міністр культуры Беларусі Павел Латушка, народны артыст СССР, старшыня Беларускага саюза кампазітараў Ігар Лучанок, прадстаўнікі мясцовых улад на чале з намеснікам старшыні Віцебскага аблвыканкама Леанідам Кавалёвым, артысты Дзяржаўнага ансамбля "Песняры" пад кіраўніцтвам Вячаслава Шарапава прайшлі па чырвонай дарожцы да Алеі зорак.
Быццам з нябёсаў, загучала знакамітая "Малітва" Алега Молчана на верш Янкі Купалы. Голас Уладзіміра Мулявіна звяртаўся да кожнага і да ўсёй краіны, становячыся жывым увасабленнем яго душы. А пластычная кампазіцыя, падрыхтаваная на гэтую музыку народным маладзёжным тэатрам "Кола" Цэнтра культуры "Віцебск", дадавала песні асаблівай натхнёнасці: сямёра трапяткіх дзяўчат, апранутых у доўгія белыя строі, выглядалі пасланнікамі мулявінскай душы.
- Мулявін, - звярнуўся да прысутных міністр, - гэта анёл, які прыляцеў на зямлю Беларусі... Пэўна, сапраўды трэба было нарадзіцца ў Расіі, каб стаць сапраўдным беларусам. У дзяцінстве ён навучыў мяне спяваць беларускія народныя песні. У юнацтве - разумець, што я - беларус. А калі я пачаў сталець, ён навучыў мяне маліцца: небу, прасторы, зямлі беларускай, беларускаму народу. Гэта постаць, якая застанецца назаўсёды ў культуры нашай краіны...
І.Лучанок падзяліўся ўспамінамі пра Вялікага Песняра, сяброўства і супрацоўніцтва з ім на працягу больш як 35 гадоў. "Словам" ад "Песняроў" стала музычнае прысвячэнне - знакаміты Паланез Міхала Клеафаса Агінскага, праспяваны a cappella. А калі дзяўчаты-анёлы павольна сцягнулі з пліты белае покрыва і зорка Мулявіна заззяла не толькі з нябёсаў, стала відавочна, што яна - папраўдзе самая яркая сярод астатніх. Пэўна, не толькі таму, што самая новая. Зорка Уладзіміру Мулявіну - гэта яшчэ і наша прызнанне ўсяго нацыянальнага музычнага мастацтва Беларусі, што ззяе ў суквецці сусветных здабыткаў культуры.
Фота Андрэя СПРЫНЧАНА