Золата і ружы "Песняроў"
Які раз пераконваюся: бываюць у жыцці абсалютна выпадковыя - невыпадковыя сустрэчы. І яшчэ раз упэўніваюся: ёсць і будуць у нашым жыцці генетычна закладзеныя за некалькі пакаленняў святыя дні, калі мы, незалежна ад узростаў і межаў, імкнёмся быць разам. Сярод іх адной з найярчэйшых пуцяводных зорак - Дзень Перамогі. І зусім побач з гэтай датай у календары - 22 чэрвеня, дзень нашай Памяці аб ахвярах Вялікай Айчыннай вайны і дзень нашага слаўлення мужнасці - мужнасці абаронцаў Брэсцкай крэпасці... Напярэдадні ж святкавання 65-й гадавіны Перамогі, 8 мая, на пляцоўцы каля стэлы "Мінск - горад-герой" зрокавая памяць выразна зафіксавала вобраз чалавека з прафесійнай фотакамерай, што старанна "занатоўваў" моманты канцэрта Беларускага дзяржаўнага ансамбля "Песняры". "Мусіць, калега-журналіст", - падумалася мне тады. І якім жа было маё здзіўленне, калі сустрэўся не толькі з Яўгенам Аверыным - так клічуць таго незнаёмца, - але і з ягоным сябрам Ігарам Есвейнам акурат... у рэдакцыі "Культуры".