Цэнтральная камісія на падставе пратаколаў абласных і Мінскай гарадской камісій па рэферэндуме ўстанавіла наступныя даныя, якія датычацца праведзенага рэферэндуму.
“Агульная колькасць грамадзян, якія маюць права ўдзельнічаць у рэферэндуме, склала 6815635 чалавек, — адзначыла сакратар Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Алена Балдоўская. — У галасаванні прынялі ўдзел 5 359 403 чалавекі. Яўка склала 78,63 працэнта ад агульнага спіса грамадзян, якія маюць права ўдзельнічаць у рэферэндуме. З іх датэрмінова прагаласавалі 2 922 738 чалавек. Па месцы знаходжання ўдзельнічалі ў рэферэндуме 336 159 чалавек. У памяшканні ўчастка для галасавання ў дзень рэферэндуму прагаласавалі 2 100 506 чалавек”.
Паводле яе слоў, за прыняцце змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі прагаласавалі 4 440 830 грамадзян, што склала 82,86% тых, хто галасаваў, або 65,16% ад унесеных у спісы для галасавання.
“Колькасць грамадзян, якія прагаласавалі супраць адабрэння вынесенага на рэферэндум пытання, склала 684 946 чалавек (12,78% удзельнікаў рэферэндуму)”, — паведаміла Алена Балдоўская. Несапраўднымі прызнаны 4,36 працэнта бюлетэняў, апушчаных у скрыні для галасавання.