Кіраўнік дзяржавы вызначыў некалькі важных, ключавых пастулатаў. Ён падкрэсліў, што нашы каштоўнасці і ідэалы былі і застануцца непарушнымі, а незалежная Беларусь з’яўляецца найвышэйшым здабыткам, які нельга страціць.
Звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка і на той факт, што жыццяздольнасць нацыі залежыць ад глыбіні і багацця духоўнай спадчыны нашага народа, і менавіта таму неабходна працягваць будаваць беларускую дзяржаву, зыходзячы з нашых ментальных традыцый. Для гэтага ўсё ёсць, а Год народнага адзінства паказаў усяму свету згуртаванасць і стойкасць беларусаў.
“Мы зробім усё, каб наш народ жыў мірна і спакойна. Мы працавалі, працуем і будзем працаваць у імя нашага адзінства, у імя нашага народа. Мір — гэта абсалютная каштоўнасць для беларусаў…” — запэўніў Прэзідэнт Беларусі.
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што крыніцай беларускіх каштоўнасцей з’яўляецца гістарычная памяць. Таму ініцыятыва па маштабным расследаванні злачынстваў супраць беларускага народа, здзейсненых нацысцкімі акупантамі і іх памагатымі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, з’яўляецца важнай і актуальнай.
У рамках гэтага расследавання сёння ўжо выяўляюцца новыя факты і падрабязнасці злачынстваў часоў гітлераўскай акупацыі, вынікам якой было знішчэнне больш чым трох мільёнаў жыхароў Беларусі.
“У найскладанейшых умовах загартаваліся нашы шматвекавыя духоўна-маральныя арыенціры, сфарміраваўся сапраўдны беларускі характар. Сёння мы больш гаворым аб Вялікай Айчыннай вайне, але гэта не азначае забыццё або непрыманне іншых этапаў развіцця нашай дзяржаўнасці. Цягам года мы павінны да гэтага вярнуцца, каб паказаць усім, а асабліва нашым дзецям і моладзі, хто мы і адкуль, што мы прайшлі і колькі страцілі чалавечых жыццяў, імкнучыся да нашай незалежнасці”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. Менавіта для вырашэння гэтых задач бягучы год абвешчаны Годам гістарычнай памяці: ён будзе насычаны знакавымі для Беларусі датамі і юбілеямі, звязанымі з гісторыяй, навукай і культурай.
Напрыканцы мерапрыемства для яго гасцей адбыўся канцэрт майстроў мастацтваў Беларусі “Мільёны сэрцаў”, удзельнікамі якога зрабіліся як вядомыя выканаўцы і калектывы, так і прадстаўнікі маладога пакалення творцаў.