Клопат аб продках і нашчадках
У свой час капліцы-пахавальні былі неад’емным атрыбутам шляхецкіх маёнткаў. Пераважна тых, чые гаспадары валодалі гэтымі маёнткамі не адзін дзясятак год, ад продкаў. Або планавалі жыць тут вечна. Сведкі гэтага клопату — капліцы-пахавальні ў Грушаўцы і Усаве, якія належалі Рэйтанам, Завушшы Мараўскіх, Сар’і Лапацінскіх, Верхнім Чэрніхаве Рдултоўскіх і многія іншыя. Большая частка гэтых помнікаў-сведкаў у розны час была разрабаваная і апаганеная вандаламі, а сёння закінутая і руйнуецца. Але некаторым пашанцавала атрымаць другі шанец. Тая ж капліца Святарэцкіх або Рэйтанаў у Грушаўцы, на якой год таму пачаліся аднаўленчыя працы (пра яе лёс мы плануем распавесці ў бліжэйшых нумарах). Пашанцавала і капліцы роду Арэшкаў, якая лічыцца адным з першых помнікаў архітэктуры неагатычнага стылю на беларускіх землях.
Арэшкі герба “Кораб”
Род Арэшкаў з’яўляецца адным з самых старажытных беларускіх шляхецкіх родаў. Згадкі аб іх сягаюць у самы пачатак XVI стагоддзя. У 1528 годзе мельніцкі зямянін Падляшскага ваяводства ВКЛ Ян Арэшка выставіў на попісе вялікалітоўскага войска 8 коней, што ў тыя часы сведчыла аб немалым дастатку. Нашчадкі Яна фігуруюць і ў пазнейшых попісах войска ВКЛ 1565 і 1567 гадоў. Пазней род разросся і разгалінаваўся. Частка Арэшкаў атабарылася ў Берасцейскім, Троцкім і Наваградскім ваяводствах ВКЛ. Дарэчы, з той галіны, якая паходзіла ад мельніцкага войскага Мельхіёра, паходзіць і бабуля Адама Міцкевіча, якая была замужам за Мацеем Маеўскім, чомбраўскім эканомам.
На Драгіччыне Арэшкі, акрамя Заказелля, валодалі яшчэ і Людвінавым, якое належала Пятру Арэшку. Ён у 1858 годзе ажаніўся з шаснаццацігадовай Альжбетай Паўлоўскай. Увайшла яна ў нашу гісторыю як пісьменніца Эліза Ажэшка.
Заказель жа ў той час належаў Каліксту Арэшку, маршалку шляхты гарадзенскага павета, камер-юнкеру пецярбургскага двара і сябру галоўнай камісіі па справах сялян. Разам з жонкай Эміліяй Скірмунт стаў бацькам чатырох сыноў і дзвюх дачок. Сын Нікадзім, названы ў гонар дзеда, быў удзельнікам паўстання 1863 года і ў адным з баёў з расійскім войскам быў забіты. У гонар загінулага сына і яго паплечнікаў у Заказеллі была пастаўлена невялічкая каплічка-помнік (захавалася даваеннае фота). Бралі ўдзел у паўстанні, воляй або няволяй, і гаспадары Людвінава — браты Фларыян і Пётр Арэшкі, а таксама і сама Эліза.
У 1893 годзе, ужо пасля смерці Калікста Арэшкі, яго нашчадкі прадалі Заказель графіні Надзеі Бобрынскай. Ад Бобрынскіх маёнтак перайшоў да Зыгмунта Весялоўскага (1922). А з 1923 па 1944 год гаспадаром быў Караль Талочка.
З інспірацыі жонкі
Лічыцца, што пабудаваць капліцу-пахавальню ў Заказеллі натхніла свайго мужа Нікадзіма Арэшку Фердынанда Крыжаноўская. Аўтарам праекта стаў польскі і беларускі архітэктар Францішак Яшчалд, аўтара праектаў некаторых палацаў у Беларусі — у Карчава, Кавярдзяках, Вістычах — і разам з Уладыславам Марконі ў Косаве, а таксама ў Польшчы.
Будавалася капліца ў 1830-х гадах з дазволу віленскага біскупа Андрэя Клангевіча і завершана была, верагодна, у 1839 годзе. У 1843 годзе там спачыў яе будаўнік — Нікадзім Арэшка. Пазней у крыптах капліцы былі пахаваны іншыя прадстаўнікі роду. Сама ж капліца пэўны час выконвала функцыю касцёла. Цікава, што падчас паўстання 1863 года пад страхой капліцы нібыта хаваўся цяжка паранены Рамуальд Траўгут, апошні кіраўнік паўстання. Апеквалася ім Эліза Арэшка.
Пасля таго як Заказель пакінулі Арэшкі, капліца спакваля прыйшла ў заняпад. І, калі б не Караль Талочка, які накрыў аварыйны дах ацынкаванай бляхай, магчыма, сёння не было б чаго і аднаўляць. Да Другой сусветнай вайны труны з парэшткамі Арэшкаў захоўвалі ў недатыкальнасці. Але пазней усё прыйшло ў рух.
З небыцця
Калі ў 2008 годзе ў аварыйнай і разрабаванай капліцы пачалі працаваць археолагі, ім удалося знайсці толькі расцярушаныя парэшткі чатырох асоб, рэшткі трун, гіпсавыя і драўляныя скульптуры, вопраткі, гузікі і кавалак слуцкага пояса (!). Дзякуючы іх працы нарадзілася думка аднавіць капліцу. Была падрыхтавана праектная дакументацыя, але з-за адсутнасці сродкаў работы пачаць не ўдалося.
У 2017 годзе была праведзена карэкціроўка праектнай дакументацыі, а чарговая — у 2019 годзе (па нарматывах праз два гады дакументацыя патрабуе карэкціроўкі). На той час кошт правядзення першачарговых рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ складаў 816 580 рублёў (амаль 380 000 долараў). Але ў мясцовым бюджэце такіх грошай не было. А на дабрачынны рахунак, адмыслова заведзены для збору сродкаў на аднаўленне капліцы, нічога па паступіла. І тады мясцовыя ўлады пайшлі, што называецца, ва-банк. Была пададзена заяўка на грант Прэзідэнцкага фонду. А пакуль заяўка разглядалася, са сродкаў абласнога суботніка было выдзелена 50 000 рублёў на правядзенне супрацьаварыйных работ. І ў кастрычніку 2019 года за капліцу ўзяліся спецыялісты “Брэстрэстаўрацыі” (філіял ААТ “Белрэстаўрацыя”). І пускавы комплекс (супрацьаварыйныя работы) быў разлічаны на год і завяршыўся ў лістападзе 2020. За гэты час на аднаўленне капліцы паступіла 200 000 рублёў з раённага бюджэту і 348 500 з Фонду Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва. На гэтыя грошы быў адноўлены дах, звод даху і бакавыя вежы. А ў кастрычніку 2020 года на дах капліцы была ўсталявана шасціметровая вежа-шпіль з аўтэнтычным крыжам.
Каб даведацца, што было зроблена ў 2021 годзе, мы звярнуліся па каментар да спадарыні Іны Праневіч, начальніка адзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Драгічынскага раённага выканаўчага камітэта.
“У 2021 годзе, — адзначыла яна, — на правядзенне работ мы атрымалі 300 000 рублёў з Фонду Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва і 300 000 нам выдзеліў раённы бюджэт. Да канца года мы плануем атрэстаўраваць цагляную кладку, атынкаваць фасад будынка і ўставіць у вокны каляровыя вітражы. Пасля чаго ў лістападзе будуць зняты рыштаванні і можна будзе прыехаць і пафатаграфаваць капліцу. Канчаткова ж знешнія працы будуць завершаны праз два гады, калі можна будзе дадаць ляпніну”.
Пасля завяршэння ўнутраных работ у капліцы будзе створана халодная экспазіцыя, і капліцу змогуць наведаць турысты. А пакуль уваход туды надзейна перакрыты кратамі, а ўнутры стаяць рыштаванні.
Хацелася б, каб гэты выдатны прыклад стаў узорам для пераймання і ў іншых раёнах Беларусі. Хацелася б, каб капліцы ў Завушшы і Усаве таксама знайшлі сваіх руплівых гаспадароў. Бо, вядома ж, і яны маюць сваю гісторыю.