Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага ўваходзіць у структуру Музея гісторыі горада Мінска і месціцца ў гістарычным цэнтры сталіцы ў будынку — помніку архітэктуры ХІХ стагоддзя. Менавіта там да канца кастрычніка будзе працаваць экспазіцыя “Ізноў у школу”. Слова “крэатыўны” ўжо прагучала, і недарма: музей запрасіў да супрацоўніцтва цэлы шэраг сваіх партнёраў, каб стварыць нешта цікавае, запамінальнае, а калі мець на ўвазе такую мэтавую катэгорыю наведвальнікаў, як школьнікі, то і досыць займальнае. На ўрачыстым адкрыцці дырэктар музея Галіна Ладзісава згадала асаблівую блізкасць тэмы стваральнікам выстаўкі: бо гэта цяпер яны музейшчыкі, а па першай прафесіі многія з іх — педагогі, сама Галіна Пятроўна калісьці працавала ў сельскай школе.
Канешне, у першую чаргу той, хто зойдзе на выставу, убачыць маленькую драўляную школьную парту — сучасныя навучэнцы такіх ніколі і не бачылі, над ёй — школьную дошку з напісанай формулай, а побач — цемнаскурую дзяўчынку ў школьнай форме і з піянерскім гальштукам: колер скуры манекена даў нагоду пажартаваць, што вось такімі пасля гарачага беларускага лета дзеці ідуць у школу 1 верасня. Уся разам кампазіцыя быццам вяртае гадоў на 50 назад, і справа не ў піянерскім гальштуку, а ў парце: экспанат для выстаўкі прадаставіў Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, гэта дакладная копія адной з першых мадэлей школьнай парты, якую яшчэ напрыканцы ХІХ стагоддзя распрацаваў швейцарска-расійскі гігіеніст, афтальмолаг Фёдар Эрысман. Такія парты з нахіленай працоўнай паверхняй, спінкай і падстаўкай для ног дапамагалі дзецям захоўваць правільную постаць і берагчы зрок. Савецкія школы карысталіся “партамі Эрысмана” яшчэ і ў 70-я, 80-я гады — потым парты пачалі замяняць сталамі. А новая хваля клопату пра здароўе школьнікаў ізноў вывела на паверхню пытанне пра правільную постаць, і прынцыпы “парты Эрысмана” ўжо выкарыстоўваюцца ў сучаснай школьнай мэблі.
І другі экспанат мае цікавую гісторыю — дошка. Насамрэч яна не школьная, а вучэбная, і гэта мемарыяльны прадмет, звязаны з памяццю знакамітага беларускага фізіка Мікалая Барысевіча, які многа гадоў узначальваў Акадэмію навук БССР, атрымаў званне Героя Сацыялістычнай Працы, за свае вынаходніцтвы стаў лаўрэатам і Дзяржаўнай прэміі, і Ленінскай. Мікалай Аляксандравіч дажыў да 92 гадоў і пакінуў гэты свет у 2015-м. Згодна з яго пажаданнямі архіў і шэраг каштоўных рэчаў былі перададзены менавіта Музею гісторыі горада Мінска. Як расказала Галіна Ладзісава, проста ён сябраваў з мастаком Міхаілам Савіцкім і хацеў, каб дарагія для яго рэчы знаходзіліся ў галерэі імя яго сябра. Акрамя дакументаў, фотаздымкаў і кніг, ёсць, напрыклад, і чатыры ордэны Леніна, і партрэт Мікалая Барысевіча, напісаны знакамітым мастаком Маем Данцыгам, і карціна, якую яму калісьці падарыў Міхаіл Савіцкі, і многае іншае. Ёсць і дошка з кабінета акадэміка ў Інстытуце фізікі Акадэміі навук Беларусі: формулу аднаго з навуковых адкрыццяў Мікалая Барысевіч на дошцы запісаў яго вучань-аспірант.
На некалькіх вітрынах погляды завабяць кнігі — старадаўнія і не вельмі старадаўнія, але ўжо з пэўнай гістарычнай каштоўнасцю, што называюцца “Буквар”, “Буквар для дарослых”, “Чытанка”, “Лемантар” і г. д. Некаторыя выданні можна назваць проста ўнікальнымі, а тэксты з іх разгорнутых старонак, даступныя для прачытання, здольныя пазабавіць сучасных людзей. Гэтую найкаштоўнейшую калекцыю для выставы падрыхтавала Нацыянальная бібліятэка Рэспублікі Беларусь. Самае старое выданне і самае значнае — “Беларускі лемэнтар, або Першая навука чытання” Каруся Каганца 1906 года: кнізе 115 гадоў. Гэта першы буквар на беларускай мове! Выдадзены ён быў у Санкт-Пецярбургу выдавецкай суполкай “Загляне сонца і ў наша аконца” ажно ў дзвюх версіях — на лацініцы і на кірыліцы. На лацініцы назва пішацца так: Bielaruski lementar abo Pierszaja nawuka czytannia. У гэтым “лемэнтары” ўпершыню была выкарыстана беларуская лінгвістычная тэрміналогія. І гэты буквар, і многія іншыя падручнікі, сабраныя за ўвесь час навучання грамаце па-беларуску, несумненна, выклічуць увагу як школьнікаў, так і людзей, абазнаных у гісторыі, аматараў беларускай культуры і літаратуры. Сярод рэдкіх выданняў — “Лемантар” 1925 года навукоўца-лінгвіста, першага старшыні Інстытута беларускай культуры Сцяпана Некрашэвіча, а таксама падручнікі 1930 года “Ударнік: лемантар для гарадскіх школ граматы”, “Чырвоныя зоркі: лемантар для вёскі. Падручнік для 1-й групы вясковых школ”, “Буквар для дарослых” 1941 года.
Прадстаўлены і пасляваенныя выданні буквароў, у тым ліку славутыя буквары аўтара Анатоля Клышкі, па якіх вучыліся многія пакаленні: на выставе з радасцю я пазнала чырвоны буквар, які быў у мяне ў першым класе! Якраз сёлета “эпоха Клышкі” скончылася — з гэтага навучальнага года ў школах новыя буквары. Першае выданне буквара Анатоля Клышкі адбылося ў 1969 годзе: з некаторымі ўдакладненнямі і пад рознымі вокладкамі ён перавыдаваўся больш за 40 разоў! Буквар узнагароджваўся залатым медалём Міжнароднай Лейпцыгскай выставы ў 1977 годзе, сярэбраным медалём на ВДНГ СССР, у 1999 годзе атрымаў першую прэмію на конкурсе “Падручнік года” і г. д. Такім чынам, больш за паўстагоддзя дзеці вучыліся па гэтай кнізе. Паўгода таму пісьменнік, паэт і педагог Анатоль Клышка пакінуў гэты свет, разам з ім у гісторыю адышоў і ягоны буквар. На выставе “Ізноў у школу” якраз можна развітацца з эпохай, паглядзеўшы на ўсе выданні беларускіх буквароў, і буквароў Анатоля Клышкі ў тым ліку, па якіх дзеці вучыліся роднай мове.
Свае экспанаты для “школьнай” выставы падабраў і знакаміты мінскі калекцыянер Віктар Сувораў: ён паказаў унікальную падборку фарфоравых прадметаў — чарнільніцы, аловачніцы, розныя іншыя прыборы для пісьма. Плюс — разнастайныя статуэткі на тэмы, звязаныя з літаратурай, якую вывучаюць у школе: бюсты пісьменнікаў — ад рускіх класікаў да Якуба Коласа, Янкі Купалы, Адама Міцкевіча, фарфоравыя літаратурныя героі. Асабліва многа на выставе “Ізноў у школу” прадстаўлена рознага роду чарнільніц. Так, калісьці ў школах пісалі чарніламі, і ручак поршневых, у якія чарнілы набіраліся, таксама не было: даводзілася мачаць спецыяльным металічным пяром, ад чаго нярэдка з’яўляліся кляксы. Чарнільніцы-непралівайкі прыдумалі ў XVII стагоддзі ў Англіі, а ў савецкіх школах імі карысталіся яшчэ і ў 80-я гады. Віктар Сувораў прадставіў для выстаўкі досыць значную калекцыю падобных прадметаў: і зусім простых, і сапраўдных фарфоравых твораў мастацтва малой пластыкі. І нават прадэманстраваў усім прысутным на адкрыцці выставы 1 верасня, якім чынам працаваў прынцып “непраліваек”. Выпускалі іх заводы Украіны і Расіі, а адзіны на той час у БССР Мінскі фарфоравы завод чарнільніц не вырабляў.
Увогуле на выставе ёсць што паразглядаць доўга і ўважліва — напрыклад, статуэткі ўсіх герояў твораў Мікалая Гогаля “Рэвізор” і “Мёртвыя душы” ці традыцыйныя для савецкага часу статуэткі школьніка Валодзі Ульянава і г. д. А яшчэ — вялікую, у 336 экзэмпляраў, калекцыю сашчэпак з розных краін, сабраную за гады і дзесяцігоддзі іншым калекцыянерам — Аляксандрам Лугіным. Можна сканцэнтраваць увагу на рэпрадукцыях карцін, прысвечаных школьнай тэматыцы, а за маленькую парту можна і прысесці… Нагадаю, выстава “Ізноў у школу” працуе ў адным з памяшканняў Музея гісторыі горада Мінска — Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага — да 31 кастрычніка. Ёсць цудоўная магчымасць і самім паглядзець, і дзецям паказаць нешта з гісторыі нашай школы.