“Без Зэнькі ў вёсцы не рабілася нічога”
На жаль, Зыгмунда Бабека даўно няма ў жывых. Ён памёр у 2001 годзе, а годам раней пайшла на той свет яго жонка. Гэты невысокі, хударлявы, вельмі рухавы, надзвычай працавіты і таленавіты чалавек — яшчэ адзін самародак зямлі смаргонскай.
Нарадзіўся ён у 1937 годзе ў вёсцы Пільцы. Сям’я была вялікая — сямёра дзяцей, Зыгмунд — пяты па ліку. З ранніх гадоў шмат працаваў. Тэрміновая служба закінула яго ў Азербайджан, пасля арміі накіраваўся ў Карэла-фінскую рэспубліку, зарабляў грошы на лесасплаве. Вярнуўся дадому, ажаніўся на сіраце і разам з маладой жонкай паехаў у Казахстан падымаць цаліну. Мужчына ніколі не баяўся цяжкай работы і заўсёды стараўся, каб сям’я мела хлеб і да хлеба. Чатыры гады прабылі Бабекі ў Казахстане — і вярнуліся дадому. Іх цягнула да сябе Беларусь.
Дадому яны прыехалі ўжо ўтраіх, у Казахстане нарадзілася іх дачка Святлана, а неўзабаве ў Беларусі — сынок. Хату ў Пільцах Зыгмунд пачаў будаваць яшчэ да жаніцьбы. Калі вярнуўся, хутка дабудаваў яе — і сям’я справіла наваселле.
— Бацька быў цудоўным будаўніком, — згадвае Святлана. — Сваю хату будаваў разам з жонкай удваіх. Нікога на дапамогу не звалі. І ў акрузе татка столькі дамоў узвёў! Не пералічыць. На любую вялікую справу яго людзі клікалі. Асабліва на будаўніцтва дамоў, лазняў, гаспадарчых пабудоў. “Без Зэнькі ў вёсцы не рабілася нічога”, — казалі тады. І я не помню, каб бацька за гэта меў нейкія грошы, усё рабілася па дружбе ці як для радні.
Зыгмунд сам майстраваў арэлі і дзіцячыя цацкі, дачка ўспамінае пра драўляных чалавечкаў, калі іх усталёўвалі на вуліцы, то ад подыху ветру яны махалі рукамі. Рабіў мэблю — зэдлікі, сталы, ложкі (у тым ліку дзіцячыя), невялікія канапы… Быў выдатны пячнік і… мастак.
Маляванне — дзверы ва ўнутраны свет
Доўгімі зімовымі вечарамі, усталяваўшы на самаробным мальберце прамавугольнік з ДВП, ён маляваў. Колькі было радасці, калі родная сястра прывезла Зыгмусю з Вільнюса чамаданчык з фарбамі!
“Звычайна ён маляваў пейзажы, — успамінае дачка Святлана. — Не капіраваў чужыя работы. Хіба толькі партрэты па клетачках. Намаляваў сваіх бацькоў, а таксама сваякоў пасля іх вяселля. Больш за ўсё я запомніла вялікі партрэт Васіля Цёркіна, памерам больш чым 2х2 метры. На вялікую сцяну. Маляваў прыкладна ў 1976 годзе па просьбе камандзіра часці, якая стаяла ў Дзевятнях (суседняя вёска з Пільцамі — аўт.)”.
А на сцяне ў доме захоўваецца карціна, якую падарыў дзед Зыгмунд унуку на дзень нараджэння ў 1984 годзе. На ёй — мужчына з хлопчыкам на рыбалцы. Не ведаю, як іншыя, а я ў сталым рыбаку дакладна бачу самога Зыгмунда Іванавіча.
У 1972 годзе яго звалі ў Маладзечна, мастаком-афарміцелем у Дом культуры, кватэру нават прапаноўвалі. Не паехаў. Не любіў ён шумныя гарады.
Увогуле Зыгмунд даволі шмат маляваў. Свае работы ніколі не прадаваў, толькі дарыў — як правіла, родным і сябрам.
Ахайнасць (па-руску “чистоплотность”) ва ўсіх адносінах — была ці не галоўнай рысай Зыгмунда Іванавіча. “Ён ніколі за жыццё не дазволіў сабе не тое, што брыдкаслоўя, нават рэзкасці ў адносінах да людзей. Ніколі ні з кім не высвятляў адносін, толькі па-добраму да людзей, — робіць важны акцэнт мая суразмоўца. — З мамай жыў душа ў душу. Быў адналюбам. Калі мама ляжала ў бальніцы, пісаў ёй запісачкі, кароткія шчырыя пісьмы, якія яна складала сабе ў сумку. Тады гэта здавалася дзівацтвам — у сталым узросце пісаць нейкія запіскі. Але цяпер з гадамі разумееш усю глыбіню гэтых бацькоўскіх стасункаў.
Калі мамка памерла, татка штодня хадзіў на могілкі ў Жодзішкі, ніяк не мог змірыцца з яе смерцю і вельмі прасіў, каб забрала да сябе. Праз год забрала…”
У Зыгмундзе Бабеку была такая ўнутраная (можа, прыродная) культура, выхаванасць. Адкуль у простым вясковым чалавеку столькі інтэлігентнасці і далікатнасці? Нават родным цяжка адказаць на гэта пытанне.
“Ён быў такі акуратыст, што і дагэтуль дзіву даешся. Нас, малых, прывучаў да чысціні з маленства. Сам заўсёды хадзіў чысценькі і асабліва ў чыстаце трымаў свае рукі. Гэта пры тым, што выконваў і самую брудную работу”, — яшчэ адзін штрышок да партрэта майстра.
Дома Бабекі мелі вялікую гаспадарку. Дзве каровы, быка, свіней шмат, курэй. Усё жыццё разам з жонкай Зыгмунд Іванавіч адпрацаваў на ферме “Дзевятні”. Даглядчыкам жывёлы і слесарам, пазней — вартаўніком. Вельмі любіў жывёлу, прыроду. Ён хату сабе паставіў у жывапісным месцы — праз вакно, як на далоні, лес і рака Вілія.
На бярозах паблізу хаты дагэтуль вісяць шпакоўні, кармушкі, якія майстар зрабіў для любімых птушак.
Ён памёр у сакавіку, а восенню родныя, калі наводзілі парадак на магіле, у вянку ля крыжа знайшлі ў іх птушынае гняздзечка са шкарлупінамі ад яек. Неверагодна! Птушкі тут звілі гняздо і вывелі птушанят. “Гэта татку была падзяка за тое, што ён так любіў прыроду”, — так растлумачыла знаходку Святлана Зыгмундаўна.
Гісторыя пачалася з калыскі
Гэтага нарысу магло б і не быць, калі б аднойчы выхавальніца дзіцячага садка № 8 Эдзіта Бранцэвіч не расказала, што ў іх групе з’явіўся часовы “экспанат” — калыска, якую прывёз у садок Ігар Найдзіч, бацька выхаванкі. Выдатная, сучасная, хоць цяпер у магазін — абавязкова купяць.
Гісторыю гэтага старадаўняга вырабу распавёў тата дзяўчынкі, Ігар Найдзіч: “У калысцы выгадавалася некалькі пакаленняў нашай сям’і. Існавала нават традыцыя — усе дзеці павінны былі паспаць у гэтым ложачку, каб быць здаровымі. Калыска, зробленая з сасны і лазы, матрац быў напоўнены сенам. Зрабіў калыску пад замову сваяк сям’і, майстар-самавучка Зыгмунд Бабек, чалавек з залатымі сэрцам і рукамі. Майстар умеў усё: будаваць хаты, рабіць мэблю і маляваць карціны. Яго работы ёсць у многіх кутках Беларусі і нават у Польшчы. Гэты чалавек з чулай душой, вельмі любіў прыроду і перадаў гэту любоў сваім дзецям. Разам з сынам ён пасадзіў вакол сваёй хаты бярозавы гай, якому зараз ужо 60 гадоў”.
“Каб зразумела распавесці малым пра гэту калыску, я спецыяльна распрацавала серыю заняткаў. Малыя даведаліся пра прызначэнне і ўладкаванне калыскі, розныя якасці драўніны, з якіх рабілі гэту дзіцячую мэблю, пра старадаўнюю пасцельную бялізну і яе аздабленне. А яшчэ дзеці практыкуюцца самі засцілаць ложачак, маляваць розныя разьбяныя калыскі, адмыслова змешваючы фарбы пад колер драўніны, — распавядае Эдзіта Эдуардаўна. — Выхаванцы захіналі ў пялюшкі лялек-немаўлят, спявалі ім калыханкі, даведваліся пра сяброў немаўлят — лялек-мотанак, зернавушак і злую ведзьму Стрыгу з беларускіх міфаў, якой страшылі калісьці малых дзяцей.
У змесце заняткаў я выкарыстоўвала шмат фальклорных і музычных твораў. Распрацавала назіранні, імітацыйныя практыкаванні і фізкультхвілінкі, рухомыя і карагодныя гульні, практычную работу. Метадычныя распрацоўкі заняткаў можна выкарыстоўваць у дзіцячых цэнтрах творчасці, гуртковай рабоце. Такім чынам заняткі — не толькі пазнавальныя, але і маюць глыбокі выхаваўчы ўплыў. Бо ўсе мы — родам з калыскі: спачатку з сямейнай драўлянай, а потым з роднай Беларусі”.
З садка калыска перакачавала ў Смаргонскі краязнаўчы музей. Тут ацанілі яе ўнікальнасць і каштоўнасць. Размясцілі калыску ў пакоі, дзе музейшчыкі праводзяць анімацыйную праграму “Побыт беларускага селяніна”.
Галіна АНТОНАВА