Вось і зараз у памяшканні Прэзідэнцкай бібліятэкі, што ў Доме ўрада, адбываецца чарговая выстава з цыкла “Літаратура ў мастацтве”. Яна прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння двух класікаў беларускай літаратуры — Івана Шамякіна і Івана Мележа. Аснову экспазіцыі складаюць, канешне ж, кнігі нашых класікаў з фондаў бібліятэкі. Многія з аўтографамі аўтараў.
Да арганізацыі выставы прычыніліся Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм”. У прыватнасці, кінематаграфісты прадставілі матэрыялы, датычныя стварэння фільмаў паводле твораў Мележа і Шамякіна. Пэўную настраёвасць ствараюць этнаграфічныя артэфакты мележавага Палесся.
На адкрыцці выставы бралі слова дзяржаўныя службоўцы, адказныя за стан культуры ў нашай краіне, прадстаўнікі творчых саюзаў, музейшчыкі. Гаворка ішла пра пазачасовую каштоўнасць творчасці нашых класікаў, новае прачытанне іх твораў у кантэксце новай рэчаіснасці, пра нацыянальную літаратуру і беларускую культуру ўвогуле як важныя чыннікі фарміравання нацыянальнай тоеснасці.
Эпоха, адлюстраваная ў творах Мележа і Шамякіна, ужо стала гісторыяй. Але гэта гісторыя ў значнай ступені вызначае наш сённяшні дзень. У ёй вытокі і таго, чым мы сёння можам ганарыцца, і нявырашаных праблем нашага грамадства. Выступоўцы адзначалі, што ўдумлівае прачытанне нашай літаратурнай класікі магло б спрыяць узважанаму асэнсаванню тых гістарычных падзей, драматычных і супярэчлівых, якія пасля знікнення Савецкага Саюза аказаліся на сутыкненні супрацьлеглых ацэнак і поглядаў.
Уплыў гэтых мэтраў літаратуры адчуваецца ў творчасці іншых нашых пісьменнікаў, як адносна блізкіх да Шамякіна і Мележа па часе, так і належных часу іншаму.
Агульначалавечыя каштоўнасці праз прызму беларускай рэчаіснасці — так можна коратка характарызаваць творчую спадчыну Івана Мележа і Івана Шамякіна.
Супрацоўнікі бібліятэкі распавядалі пра тое, як бывае складана патлумачыць маладым людзям, якім у прынцыпе нязвыкла ўспрымаць інфармацыю ў фармаце аповесці, рамана, а тым больш — літаратурнай эпапеі, што ў кнігах гэтых аўтараў галоўнае не апісанне побыту і этнаграфіі — яны толькі фон падзей. Але галоўнае ў іх — аповед пра адвечныя чалавечыя пачуцці і жарсці і вынікаючыя з іх адвечныя сацыяльныя праблемы.
Частку экспазіцыі гэтай выставы можна было пабачыць на сёлетнім Міжнародным Мінскім кніжным кірмашы, у якім Прэзідэнцкая бібліятэка была прадстаўлена як захавальнік і папулярызатар культурнай спадчыны краіны.