(Працяг. Пачатак у № 36)
Скаргі, што езуіты паклёпнічалі на Капіевіча, што ён ерэтык і здраднік, таксама ўспрымаюцца па-рознаму. Сапраўды, падчас і пасля вайны 1654 — 1667 гадоў кальвіністаў ВКЛ з падачы езуітаў пачалі адносіць да пятай калоны, якую варта было б выправіць у лепшы свет. Бо яны падпісаліся пад Кейданскай уніяй (1655), згодна з якой Унія з Польшчай разрывалася і завязвалася новая “гульня” — гэтым разам з магутнай Шведскай дзяржавай. Асабліва дасталася радыкальным пратэстантам-арыянам. У 1658 годзе Мікалай Ціхоўскі, польскі езуіт, прыхільнік методыкі “фінальнага вырашэння” ў спрэчных рэлігійных пытаннях, дабіўся ад караля Рэчы Паспалітай Яна-Казіміра ІІІ Вазы выдання эдыкта, згодна з якім арыяне, пад пагрозай страты жыцця, мусілі неадкладна пакінуць тэрыторыю ВКЛ і Польшчы. Нялёгка было і “памяркоўным” кальвіністам. Аб чым пісаў Ян Краінскі, сваяк Адама Міцкевіча, у сваёй брашуры “Рэляцыя пра гаротны стан Царквы Хрыстовае, што вызнае Пратэстанцкую Рэлігію ў Вялікім Княстве Літоўскім. Пададзеная да ўвагі ўсіх спагадлівых хрысціянаў” (Лондан, 1661). Уразлівым асобам чытаць яе не параіш.
... і фота пачатку ХХ стагоддзя.
Але мы пакуль абсалютна нічога не ведаем пра маёмасныя справы нейкага Фёдара і Гальяша Капіевічаў. Прычым звесткі пра Капіевічаў, якія, пачынаючы з 1660-х толькі множацца і множацца на прасторах паміж Капылём і Койданава, паказваюць, што сваякоў у будучага друкара было багата, і не застаўся ён адзін па “вяртанні з палону”. Прычым, некаторыя з Капіевічаў, як вынікае з метрычных кніг розных збораў, стала займалі “кіруючыя пасады” ў кальвінісцкай вертыкалі, і, увогуле, мелі шчыльныя стасункі з рознымі старымі шляхецкімі родамі з Наваградскага і Менскага ваяводстваў. Таму сумневы множацца, множацца і яшчэ раз множацца.
Вяртанне
Калі верыць, што Капіевіч быў вызвалены з палону ў 1666 — 1667-м і неўзабаве вярнуўся на радзіму, то не зусім зразумела, дзе ён быў два гады, да 1669 года. Менавіта на 2 студзеня 1669 года прыпадае першая дакладная згадка яго імя ў дакументах. У гэты дзень, у Ляскавічах, “пан Гальяш Капіевіч стаў кумам сына аршанскага стольніка Гераніма-Уладзіслава і Аляксандры Бруханскі. Кумой жа стала Іхмосць Пані Леанора Пшаздзецкая, жонка ўпіцкага стольніка (верагодна, Мікалая-Уладзіслава, праўда, упіцкім стольнікам ён быў да 1666)”. Цікава, што адзін з Бруханскіх, слонімскі земскі суддзя Стафан, валодаў у 1670 — 1690-х маёнткам Грушаўка, які пасля яго смерці набыў дзед Тадэвуша Рэйтана —Міхал-Казімір.
Як бачым, для ўчорашняга падлетка, “сына здрадніка, калабаранта, і быццам бы, безмаёмаснага жабрака”, Гальяш Капіевіч няблага ўладкаваўся.
Ад гэтага моманту імя Гальяша Капіевіча ў метрычных кнігах Капыльскага і Койданаўскіх збораў пачынае згадвацца вельмі часта. Прычым часцей, чым любых іншых прадстаўнікоў роду. Па гэтых згадках лёгка можна прасачыць геаграфічныя і статусныя перамяшчэнні Капіевіча. У Капыльскім зборы яго імя першы раз згадана ў камуніі 17 сакавіка, прычым сярод самых першых асобаў (так будзе і надалей). Тое самае, толькі з 1670-га, рэгулярна адбываецца ў Койданаўскім зборы.
Што датычыцца часу, калі ён пачаў вучыцца і выкладаць у Слуцкай кальвінісцкай гімназіі, варта адзначыць: ужо ў 1672 годзе ў адной з камуній збору ў Койданава ён згаданы як “collega”, у 1773-м “collega et lector” , і ў тым самым 1773-м і далей проста як “lector”. Часам да “пасады” дапісвалася “L.Z.S”, “L. Z. Sluckiego” (лектар Слуцкага збору). collega — выкладчык самых ніжэйшых класаў гімназіі, lector — лепшы вучань першага класа, і выкладчык. Тобок, атрымаўшы адукацыю ў Слуцкай кальвінісцкай школе, Капіевіч распачаў “педагагічную дзейнасць”. У 1776 годзе Гальяш Капіевіч патрапіў на дзве камуніі ў Капылі і на дзве камуніі ў Койданава. Пасля чаго яго імя з дакументаў гэтых збораў знікае. Але…
Шлюб з дзесяцігадовай…
15 кастрычніка 1676 года ў жыцці пастара Гальяша Капіевіча адбыліся сур’ёзныя перамены. У гэты дзень у Койданаўскім зборы ён стаў мужам Алены з Жыдовічаў.
“Roku 1676 dnia 15 8bra dal slub we zborze Koidanowskim X. Jerzy Lutomierski superattendens Npwogrodzki xiedzu Eliaszowi Kopieiewiczowi z Panna Helena Zydowiczowna przy gronie zacnym oboiey plci ludzi”.
Метрыка шлюбу Гальяша Капіевіча і Алены Жыдовіч. 15 кастрычніка 1676 года.
Як я ўжо казаў, першым аб гэтым, амаль сто гадоў таму, у 1936 годзе згадаў польскі даследчык Шыман Канарскі. Праўда, метрыку ён не друкаваў. Як не згадваў ён тое, што абранніцай Капіевіча стала дзяўчынка, якой толькі-толькі споўнілася дзесяць гадоў і дзесяць месяцаў. У тыя часы дазвалялася жаніцца на паненках, узрост якіх пераваліў за дванаццаць гадоў. Тут, бачым, “табу” было парушана.
Прыводзім тэкст метрыкі хросту Алены Жыдовіч, які адбыўся 10 снежня 1665 года ў тым самым Койданаўскім зборы.
Метрыка хросту Алены Жыдовіч. 10 снежня 1665 года.
“Roku 1665 dnia 10 10bra krzcilem Panu Baltazarowi Zydowiczowi corke imieniem Helena kumem byl Pan Philip Zydowicz, Pan Samuel Ratomski, kumami byli Jeymosc Pani Owsiedowska, Jeymosc Pani Zydowiczowa stara y Panna Barbara Zarnowcowna”.
Пра Жыдовічаў Канарскі таксама напісаў у сваім даведніку, але падрабязна пра іх радавод, і ўласна пра бацькоў Алены — беларускі даследчык, выдатны знаўца менскай шляхты, спадар Фёдар Чарняўскі. У даведніку “Ураднікі Менскага ваяводства XVI — XVIII стст.” (том ІІІ, 2009) Жыдовічам прысвечана нямала месца.
Паспрабуем прадставіць сінтэзаваную з розных інгрыдыентаў гісторыю сям’і і роду жонкі Капіевіча.
Як піша спадар Чарняўскі, род Таргоня Жыдовічаў у межах Менскага ваяводства ВКЛ вядомы з сярэдзіны XVI стагоддзя. 10 красавіка 1552 года ў Койданава князь Мікалай Радзівіл “Руды”, троцкі ваявода, лідскі, васілішскі і бялецкі дзяржаўца падрыхтаваў дакумент аб выкупе ў гаспадарскіх баяр Станіслава і Міхаіла Андрэявічаў Жыдовічаў “дварца і іх часткі маёнтка Старынкі за 270 коп літоўскіх грошаў”. Дарэчы, працягнем “кальвінісцкі ланцужок”, Мікалай Радзівіл быў адным з першых магнатаў ВКЛ, якія прынялі усім сэрцам Рэфармацыю і сталі палымянымі прапагандыстамі кальвінізму. Мяркуючы па ўсім, менавіта пад “уплывам” Радзівіла кальвіністамі сталі і Жыдовічы. Звесткі пра розных прадстаўнікоў гэтага роду, нашчадкаў Андрэя, сваякоў Галубам, Міклашэўскім, Вярэйскім і іншым даволі багатыя, але засяродзімся на бацьках Алены. Бальтазар быў сынам Міхала Фабіяна Таргоня Жыдовіча і N. Аўсядоўскай. Акрамя Бальтазара, які “меў 6 дамоў у Перасветаўшчыне і 1 у Ратамцы” (той самай, якая пад Менскам!), у Міхала былі і іншыя сыны — Герасім, Самуэль, Філіп і Ян.
Мікалай Радзівіл “Руды”.
Вяртаючыся да ягонага брата Бальтазара і яго жонкі Барбары з Музоніўшаў (Мазанікоўскіх), трэба сказаць, што звестак пра іх засталося не так шмат. Вядома, што ў 1673 годзе яны, маючы пільную патрэбу ў грошах, перадалі ў заставу Філіпу і Гальшцы Жыдовічам за 900 злотых сваю частку Ратамкі. Судзіліся яны і ў 1691 годзе з Казімірам Свірскім, менскім судзічам, падчашым ашмянскім.
Мікалай Радзівіл Чорны “Гішпанец”.
Бальтазар Жыдовіч быў жанаты двойчы. 6 студзеня 1654 года ў Рубяжэвічах ён ажаніўся з Альжбэтай Ратамскай, прадстаўніцай старога менскага роду, сваякоў князей Друцкіх-Горскіх. Нялішне будзе нагадаць, што Тэкля Ратамская была маці Тадэвуша Касцюшкі. А яе брат, Марцін, стаў асістэнтам на хросце Тадэвуша Рэйтана. Але, верагодна, яна загінула падчас вайны, бо праз дзесяць гадоў, 27 красавіка 1664 года ў Койданаўскім зборы Жыдовіч бярэ паўторны шлюб з Барбарай з Музоніўшаў. Ці былі нашчадкі ад першага шлюбу, ці яны не паспелі з’явіцца на свет, пакуль што невядома (можа, той Юзаф? — З.Ю.) Але ад другога шлюбу, акрамя Алены, вядома, што нарадзіліся Андрэй (1667) і дзяўчынка (1669).
Заканчэнне — у наступных нумарах "К"