Але сёлета ў віцебскага форума будзе новы фармат, паводле слоў міністра культуры Рэспублікі Беларусь Юрыя Бондара:
— У “Славянскага базару ў Віцебску” ёсць усе шансы стаць адным з самых маштабных фестываляў open-air. Ён выйдзе з закрытых залаў на адкрытую прастору — у гэтым асаблівасць арганізацыйнай мадэлі сёлетняга фестывалю.
Дырэктар “Славянскага базару ў Віцебску” Глеб Лапіцкі дадае:
— Пляцоўкай фестывалю стане тэрыторыя цэлага горада. Мерапрыемстваў у закрытых памяшканнях не будзе — усе яны пройдуць на вуліцах на свежым паветры ў выглядзе перформансаў і для гледачоў будуць бясплатнымі.
Галоўнай фестывальнай сцэнай па-ранейшаму застанецца Летні Амфітэатр. Натуральна, у абвешчаную раней, багатую на падзеі праграму, унесеныя карэктывы. Так, усе заяўленыя сольныя канцэрты — Філіпа Кіркорава, Ціны Караль, Лаліты, Валерыя Меладзэ, Алёны Ланской — адмененыя. Аднак гэта не азначае, што саміх артыстаў у Віцебску не ўбачаць — яны выступяць у іншых зборных канцэртах. Акрамя ўсяго, Алег Газманаў узначаліць журы дарослага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск-2020”, Лаліце ж прапанавалі ролю вядучай канцэрта-закрыцця фестывалю.
Падзея, якая традыцыйна знаходзіцца ў цэнтры “Славянскага базару” — дзіцячы і дарослы конкурсы — адбудзецца, і ўсе, хто перамог у адборах у сваіх краінах, змогуць прыняць удзел у спаборніцтве за Гран-пры і іншыя каштоўныя прэміі конкурсу. Адзінае што, трохі зменяцца месца і фармат правядзення конкурсных канцэртаў. Так, другі заключны тур дарослага конкурсу будзе ўключаны ў праграму канцэрта-закрыцця, і такім чынам канкурсанты будуць выходзіць на сцэну Летняга амфітэатра разам з папулярнымі артыстамі. На гэты момант для ўдзелу ў дарослым конкурсе заяўлены прадстаўнікі 18-ці краін свету, у дзіцячым — 21-й. Дарэчы, журы дзіцячага конкурсу сёлета ўзначаліць Аляксандр Саладуха. Убачым мы і заяўленага ў якасці зорнага госця конкурсных канцэртаў Томаса Андэрса.
Увогуле, у Летнім амфітэатры адбудзецца сем маштабных мерапрыемстваў. Акрамя традыцыйных канцэртаў адкрыцця і закрыцця фестывалю, пройдуць і некаторыя іншыя раней заяўленыя канцэрты, сярод іх праграмы “Залаты хіт”, “Шансон ТБ — усе зоркі”, “Рок на ўсе часы”, “Жывая музыка кіно” з аркестрам “Фанограф” пад кіраўніцтвам Сяргея Жыліна. Паводле слоў галоўнага рэжысёра ўрачыстага адкрыцця фестывалю Аляксандра Вавілава, усе заяўленыя для ўдзелу ў гэтым шоу артысты прымуць у ім удзел, ніхто не адмовіўся. Наконт скразной тэмы шоу рэжысёр выказаўся так:
— Мы хацелі б агучыць у нашым канцэрце-адкрыцці простую думку: “Я люблю цябе, жыццё, і спадзяюся, гэта ўзаемна”. Пра жыццё, якое павінна працягвацца і якое павінна перамагчы, і будзе гэты музычны расповед з дапамогай лепшых песень, лепшых артыстаў, лепшага відэакантэнту і лепшых знаходак, якія сёння ёсць у пастановачнай групы.
Спецыяльна для сёлетняга форума мастацтваў у сувязі з новымі ўмовамі, якія дыктуе жыццё, у горадзе з’явяцца новыя канцэртныя пляцоўкі. Адна з іх — адкрытая сцэна ля канцэртнай залы “Віцебск”, прычым сцэна суперсучасная — са светладыёднымі экранамі, сцэнаграфічнымі канструкцыямі і нават партэрам для гледачоў. У першую чаргу такая сцэна з’явілася дзеля правядзення канцэртаў дзіцячага музычнага конкурсу.
Можна згадаць і яшчэ адну пляцоўку, якая сёлета дадасца ў фестывальную праграму — яна будзе месціцца на тэрыторыі загараднага парку “Мазурына”: там пройдзе вялікі фестываль аўтагуку. На гарадской плошчы Перамогі адбудзецца мноства цікавых мерапрыемстваў для моладзі. Фэст вулічнага мастацтва “На сямі вятрах” узбагаціцца новымі ўдзельнікамі, якія з прывычных для сябе камерных залаў таксама выйдуць на гарадскія вуліцы і будуць радаваць фестывальную публіку. Вулічным відам мастацтва будзе аддадзена пляцоўка на Пушкінскай плошчы. Як заўсёды, у праграме задзейнічаны і філарманічны дворык — тэрыторыя акадэмічных жанраў музыкі, там жа будзе паказана падборка лялечных спектакляў тэатра “Лялька”.“Горад майстроў” звыкла зойме свае месцы ў цэнтры Віцебска.
Такім чынам, змены ў фестывальнай праграме адбудуцца, але сам фэст пройдзе, як спадзяюцца арганізатары, не менш яскрава і святочна. “Да фестывалю яшчэ месяц, — зазначае дырэктар “Славянскага базару ў Віцебску” Глеб Лапіцкі. — І штосьці цікавае яшчэ можа з’явіцца”. Такім чынам, сачыце за афішамі. А абноўленую падрабязную праграму віцебскага свята мастацтваў можна ўбачыць на афіцыйным сайце фестывалю.