У манастыры і па ўсёй вёсцы падрыхтоўка да святкавання ідзе напоўніцу — рэстаўруецца званіца манастыра, рэканструюецца стары брацкі корпус, добраўпарадкуюцца святыя крыніцы, а ля сцен Успенскага сабора рыхтуецца месца для ўсталявання помніка архімандрыту Серафіму Жыровіцкаму.
Хто жыве ў “Эдэмскім садзе”
Не забываюць у манастыры і пра іншыя мясціны, звязаныя з гісторыяй з’яўлення цудатворнага абраза. Як вядома, першым уладальнікам святыні ў XV стагоддзі быў літоўскі падскрабі Аляксандр Солтан, маёнтак якога стаяў у мясціне, якую сёння завуць Старымі Жыровічамі — за некалькі кіламетраў ад сучаснай вёскі. Тут захаваліся рэшткі старадаўняга шляхецкага парку з руінамі сядзібнага дома.
Крыжаўзвіжанская царква.
Адказны за манастырскую гаспадарку протаіерэй Дзмітрый Сёмуха распавядае, што пасля 1939 года апошнія жыхары гэтай мясціны былі рэпрэсаваныя, а іх маёнтак неўзабаве разбураны і прыйшоў у занядбанне. Не захавалася нават ніводнага старога здымка ці малюнка сядзібнага дома — а значыць, яго аднаўленне, на жаль, не ўяўляецца магчымым.
З 2010 года на гэтай тэрыторыі знаходзіцца манастырскае падвор’е, і парк пакрысе набывае колішні прывабны выгляд. Тут расчышчаныя старыя зараснікі, адноўленыя сажалкі, а цяпер вядзецца праца па стварэнні парку адпачынку пад сімвалічнай назвай “Эдэмскі сад” — на памяць аб мясціне, дзе некалі жылі да грэхападзення Адам і Ева.
Падабенства з райскімі краявідамі колішняй сядзібе Солтанаў надае створаны тут дбаннем манастыра заалагічны сад, дзе жывуць дзікія звяры, ахвяраваныя рознымі людзьмі і фермерскімі гаспадаркамі. Тут можна пабачыць мядзведзя, ваўкоў, лісіц, янотаў і нават экзатычных, як на нашыя ўмовы, сурыкатаў ды страўсаў. Усе гэтыя “райскія жыхары” нязменна выклікаюць захапленне ў гасцей манастырскага падвор’я, а асабліва ў дзяцей, у тым ліку з цэнтра карэкцыі, з якім падтрымліваецца сталае супрацоўніцтва.
Успенскі сабор.
Манастыр мае вялікую падсобную гаспадарку, плён яе працы ідзе на патрэбы манахаў і семінарыстаў — у трапезнай можна знайсці “свае”, мясцовыя яблыкі, тварог, сыр, хлеб і булкі. Семінарысты сведчаць, што харчуюцца выдатна — часам нават лепш, чым дома.
Музейныя скарбы Жыровічаў
Адноўленая духоўная семінарыя дзейнічае ў Жыровічах з 1989 года. Сёння тут навучаюцца больш за 400 чалавек, з іх больш за 120 — на пастырскім аддзяленні і аддзяленні мастацтваў. Курс навучання ў гэтай установе складае пяць гадоў, кожны семінарыст абірае накірунак, які яму больш да душы — нехта надае больш увагі гісторыі і мовам, нехта — асновам працы з дакументамі, нехта — багаслоўю, але валодаць ведамі ў кожнай з гэтых галін мусяць усе выхаванцы.
Руіны палаца ў Старых Жыровічах.
Летапіс абіцелі, складзены відавочцамі
Гісторыя Жыровіцкага манастыра працягвае стварацца ў нас на вачах. 4 лютага тут адбылася прэзентацыя кнігі “Всерадостное заступление Белой Руси” і сустрэча з яе аўтарам, ігуменняй Гродзенскага Свята-Раства-Багародзічнага жаночага манастыра Гаўрыілай (Глухавай).
Падзагаловак кнігі — “Гісторыя Жыровіцкага Успенскага манастыра паводле пісьмовых крыніц, паданняў і сведчанняў сучаснікаў”. Ігумення Гаўрыіла шмат гадоў збірала гістарычныя факты і цікавосткі з мінулага абіцелі, але абапіралася ў стварэнні свайго твора не толькі на архіўныя дакументы ці старадаўнія паданні.
Рэч у тым, што стваральніца кнігі сама вырасла ў Жыровічах, і з гонарам кажа, хаця і паўжартам, што нават навучалася тут у семінарыі — бо яшчэ чатырохгадовай дзяўчынкай семінарысты бралі яе з сабой на заняткі, і яна вырасла ў атачэнні і пад апекай выкладчыкаў гэтай установы ды насельнікаў манастыра.
Сярод мноства архіўных здымкаў, змешчаных у кнізе, ёсць і фота, зробленыя ў 1960 — 1970-х самой матушкай Гаўрыілай, калі яна была яшчэ дзіцём. Дарэчы, на прэзентацыі прысутнічалі таксама настаўніца геаграфіі, якая вучыла будучую ігуменню ў школе, і адна з яе аднакласніц.
Лёс кнігі і яе натхняльнікі
Працу над гісторыяй Жыровіцкага манастыра ігумення Гаўрыіла распачала даўно — яшчэ ў 1999 годзе яна падрыхтавала брашуру аб мінулым абіцелі, якая некалькі разоў перавыдавалася агульным накладам да 15 тысяч асобнікаў. Да сёлетняга святкавання было вырашана сабраць і абагуліць новаадкрытыя матэрыялы аб гісторыі манастыра, якія, у тым ліку, пацвярджаюць і дакладнасць самой даты юбілею з’яўлення цудатворнага абраза Жыровіцкай Божай Маці. Адпаведныя дакументы былі знойдзеныя ў віленскіх архівах, іх рэпрадукцыі таксама можна пабачыць у кнізе.
Работа над новай кнігай пачалася ў 2017 годзе. Пісаць яе ігуменні Гаўрыіле даводзілася па начах, у вольны ад асноўных абавязкаў час, у самых розных мясцінах — ад саміх Жыровічаў да святой гары Афон. Кніга выйшла ў трох варыянтах — з мяккай, цвёрдай і скураной вокладкамі.
У заалагічным садзе манастырскага падвор’я.
Прадмову да кнігі напісаў Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, а першым чытачом быў яго папярэднік на гэтай пасадзе мітрапаліт Філарэт. Ігумення Гаўрыіла падкрэсліла, што імкнулася стварыць кнігу, якая была б зразумелай не толькі для людзей духоўнага сану і багасловаў, але і для простага чытача.
Разам з тым, гэтае выданне, фактычна, з’яўляецца першай сур’ёзнай спробай аб’яднаць пад адной вокладкай усю гісторыю Жыровіцкага манастыра. Даследчыкі таксама адзначаюць, што дагэтуль няма ніводнай манаграфіі па гісторыі праваслаўных манастыроў Беларусі, і кніга ігуменні Гаўрыілы з’яўляецца яшчэ адным важным крокам да ўзнікнення падобнай работы.
Кніга “Всерадостное заступление Белой Руси” складаецца з васьмі частак, кожная з якіх распавядае аб пэўным перыядзе ў гісторыі абіцелі. Першы раздзел прысвечаны з’яўленню і паўторнаму здабыццю цудатворнага абраза Жыровіцкай Божай Маці, а таксама гісторыі манастыра да 1613 года. Другі раздзел распавядае аб часах царкоўнай уніі, а трэці — аб перыядзе ад ліквідацыі уніі да пачатку Другой сусветнай вайны. Наступныя часткі кнігі прысвечаныя лёсам абіцелі ў часы Вялікай Айчыннай вайны і пасля яе заканчэння, аднаўленню манастыра ў гады перабудовы і сучаснаму перыяду. Асобны раздзел — аб жыццёвых шляхах і духоўнай спадчыне насельнікаў манастыра.
Увесь тэкст кнігі неўзабаве будзе змешчаны на сайце манастыра ў інтэрнэце. Прэс-служба Беларускай праваслаўнай царквы звярнулася з просьбай да ўсіх, хто мае фотаздымкі і дакументы, звязаныя з гісторыяй Жыровіцкага манастыра, дасылаць іх для выкарыстання ў далейшых выданнях гэтай і іншых кніг, прысвечаных абіцелі.
Жыровічы і сёння, як у мінулыя вякі, багатыя на духоўныя скарбы ды гістарычныя цікавосткі. І ўсё-такі, сутыкаючыся з сучаснымі насельнікамі старых манастырскіх сцен, разумееш, што галоўная тутэйшая каштоўнасць — самі гэтыя людзі. Дзякуючы такім працаўнікам вяртаецца жыровіцкая абіцель да сваёй ранейшай велічы і працягвае зберагаць духоўную спадчыну нашай зямлі.
Фота аўтара