Выязджаючы з даждлівага і змрочнага Мінска, удзельнікі фестывалю і падумаць не маглі, што літаральна праз паўтары гадзіны, нібы дзякуючы ўмяшальніцтву добрага чараўніка, яны перанясуцца ў самую сапраўдную залатую восень. Сядзіба Адама Міцкевіча ў Завоссі была дашчэнту заліта сонечным святлом, мабыць, таму фэст прайшоў у дзівоснай узнёсла-радаснай атмасферы.
Мы прыехалі за гадзіну да фестывалю, у нас быў час агледзецца, абысці падворак сядзібы, які стаў мізансцэнай для правядзення мерапрыемства. Пераканаліся: задзейнічаны літаральна кожны вольны куток і кожны будынак сядзібнага комплексу. Сцены гаспадарчых пабудоў сталі выставачнымі плошчамі для экспазіцый як маладых мастакоў-пачаткоўцаў, так і прафесіяналаў. Напрыклад, вядомы мінскі мастак Алесь Родзін выставіў шэраг прац, прысвечаных жыццярысу Яна Чачота і дзейнасці таварыства Філаматаў. Мастачка Марыя Сыракваш разгарнула на сценах свіронка выставу акварэляў з выявамі мясцінаў Адама Міцкевіча, Яна Чачота, Тамаша Зана і Тадэвуша Рэйтана. Дарэчы, побач са свіронкам Юрась Усціновіч са сваімі калегамі прэзентаваў узоры зброі і даспехаў розных часоў, а падчас фэсту праводзіў лекцыі і курс “маладога шляхціца”, навучаючы трымаць шаблю ці меч, а таксама страляць з лука. Дзякуючы гэтаму кожны наведвальнік мог адчуць сябе тым самым “шляхціцам на загродзе, які роўны ваяводзе”. І ўсё тое — на падворку сапраўднай (хоць і адноўленай) шляхецкай сядзібы. Прынамсі асабіста я, аўтар гэтага рэпартажу, быў запрошаны распавесці прысутным пра радаводныя таямніцы Адама Міцкевіча, сяброўства Чачота з выбітным паэтам, пра тое, як апошні стаў у ХІХ стагоддзі самым галоўным папулярызатарам постаці Тадэвуша Рэйтана.
На галоўнай сцэне выступалі і нашы паэты-сучаснікі Серж Мінскевіч, Ніна Лістота, Цімур Буйко, Святлана Танюкевіч і Зоя Кулік. Іх потым змянялі артысты ў вобразах Адама Міцкевіча і яго сябра Яна Чачота, а таксама народныя ансамблі.
А вось свіран, як гэта было і раней, пераўтварыўся ў камерную канцэртную пляцоўку. Тут ва ўтульнай атмасферы выступіў народны літаратурны тэатр “Жывое слова”: Алеся Сівохіна і Алесь Мойскі, а яшчэ прагучала музычна-спеўная праграма Святлены Немагай і Тамары Рэмез “Хай радасць з вачэй вашых блісне”.
Праграма была вельмі насычанай, але ж, разам з тым, хацелася, каб былі больш шырока прадстаўлены асобы сяброў Адама Міцкевіча, каб гучалі вершы іншых паэтаў філаматаў і філарэтаў, каб удзельнікі імпрэзы з гонарам прайшліся па падворку сядзібы ў “Паланэзе”.
Пацікавіліся мы аб мэтах фестывалю і ў яго арганізатараў.
Валянціна Кароткіна, навуковы супрацоўнік Літаратурнага музея Максіма Багдановіча:
— Традыцыйна ўжо ў трэці раз залатой восеньскай парой фестываль сабраў гасцей, каб узгадаць аднаго з найслыннейшых беларускіх творцаў — Адама Міцкевіча. Акурат папулярызацыю творчасці выдатнага ўраджэнца Наваградчыны і ўнікальнай мясціны памяці — Завосся — і меў на мэце фестываль.
Арганізатарамі фэсту выступілі Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры сумесна з Баранавіцкім раённым выканаўчым камітэтам пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.
Як вы пераканаліся, у праграму фестывалю былі ўключаны самыя разнастайныя тэматычныя музычныя, паэтычныя і выставачныя пляцоўкі. Адметна, што ўрыўкі з паэмы Адама Міцкевіча “Пан Тадэвуш” гучалі і па-польску, і па-беларуску. Словам, паэтычную тэму мы імкнуліся расквеціць самымі разнастайнымі вершаванымі радкамі — ад Міцкевічавых перакладаў да сучаснай паэзіі і рэгіянальных літаратурных замалёвак. Не магу не сказаць словы ўдзячнасці калектывам Баранавіцкага раёна, якія прэзентавалі гледачам яркую і маштабную праграму на галоўнай сцэне фестывалю. Так, сапраўды, пашанцавала ўдзельнікам фэсту і з выдатным сонечным надвор’ем. Але, на жаль, унесла свае карэктывы ў спадзевы арганізатараў актуальная эпідэміялагічная сітуацыя: гасцей у Завоссі магло быць нашмат болей, але, тым не менш, з майго пункту погляду, свята атрымалася і атрымала свой розгалас. Спадзяемся, што і на будучы год збяромся ў Завоссі, каб акунуцца ў атмасферу шляхецкага жыцця Міцкевічавай пары. А ў бліжэйшых планах — адзначэнне дня народзінаў паэта і тэматычныя сустрэчы, прысвечаныя філамацкай ды шляхецкай гісторыі ў сценах мінскага Музея гісторыі беларускай літаратуры.
Таццяна Лайша, дырэктар Навамышскай бібліятэкі імя Яна Чачота:
— Фестываль гэты мае вельмі доўгую гісторыю. Упершыню ён прайшоў у Завоссі яшчэ ў 2006 годзе. Па нейкіх прычынах, на нейкі час аб ім забыліся. Аднавіўся ж фестываль увосень 2018 года. Тады нагодай для яго правядзення стаў юбілей нашага славутага земляка-паэта Адама Міцкевіча, а менавіта 220-годдзе з дня нараджэння. У 2018 годзе асноўная ўвага надавалася асобе паэта, яго творчасці. Тэмай наступнага фестывалю, які адбыўся ў 2019 годзе, стала рэпрэзентацыя шляхецкай культуры пачатку і сярэдзіны ХІХ стагоддзя, часу Адама Міцкевіча. У 2020 годзе з-за пандэміі фестываль прыйшлося адмяніць, але сёлета ён вярнуўся. Як і ў мінулыя разы, наша пляцоўка на “Бібліятэчным падворку” была вельмі рознабаковай, асобае месца ў праграме мы імкнуліся адвесці паказу сувязі паміж Адамам Міцкевічам і Янам Чачотам, таму сяброўству, якое зарадзілася тут, на Баранавіцкай зямлі, калі яны былі яшчэ падлеткамі, і якое яны пранеслі праз усё жыццё.
Аўтарская зацемка на апошняй старонцы:
Ужо пасля фестывалю давялося паразмаўляць з гасцямі і ўдзельнікамі імпрэзы. Прагучала прапанова пасунуць правядзенне фэсту на больш цёплы час, напрыклад на верасень. Сапраўды, кастрычнік з яго непрадказальным і даволі прахалодным надвор’ем мог паўплываць на рашэнне “ехаць/не ехаць” некаторых патэнцыйных гледачоў, асабліва тых, хто любіць вандраваць з дзецьмі.
Мінск — Завоссе — Мінск
Здымкі аўтара і з архіва Літаратурнага музея Максіма Багдановіча
На здымках: падчас фэсту.