Упершыню з 2014-га года “Дзіцячае Еўрабачанне” праводзіцца не ў сталіцы краіны, паколькі ў Варшаве няма адпаведнага для мерапрыемства такога маштабу месца, а вялікая арэна ў Глівіцэ змяшчае 17 тысяч чалавек. Мінулагодні конкурс з рэкорднай колькасцю краін-удзельніц — 20, сярод якіх былі дзве краіны-дэбютанткі Уэльс і Казахстан, гасцяваў у сталіцы Беларусі Мінску, пераможцай на ім стала Раксана Венгель з Польшчы.
А на гэтым тыдні вызначыліся ўдзельнікі беларускага нацыянальнага фіналу. Жывое праслухоўванне 38-мі прэтэндэнтаў адбылося ў самай вялікай тэлевізійнай студыі Белтэлерадыёкампаніі, адзінага ў нашай краіне члена Еўрапейскага вяшчальнага саюза. У складзе журы былі прызнаныя музыканты, прадзюсары і кампазітары, а таксама маладыя артысты Аляксандр Міненок і Лідзія Заблоцкая, што ў свой час прадстаўлялі Беларусь на “Дзіцячым Еўрабачанні”.
У наступны тур конкурсу прайшлі восем салістаў, трыа і квартэт. Яны прадставяць песні на рускай, беларускай і англійскай мовах. Адметна, што ў беларускім нацыянальным адборы мы сёлета пачуем толькі дзявочыя галасы.
На сцэну фіналу нацыянальнага адбору да “Дзіцячага Еўрабачання — 2019” выйдуць: Елізавета Міснікава, Анастасія Жабко, Марыя Жыліна, Ксенія Галецкая, Група Monkey Tops, Сафія Храловіч, Сафія Рустамава, група “Зефір”, Арына Пехцерава, Марыя Ермакова.