— Цырымонія закрыцця — гэта заўжды падвядзенне вынікаў, — адзначае рэжысёр-пастаноўшчык шоу Аляксей Сечанаў. — Вынікаў дзесяці спаборніцкіх дзён, якія былі напоўненыя не толькі захапленнем і радасцю перамог, але і слязамі расчаравання. Каля чатырох тысяч спартсменаў сабраліся ў Мінску, каб здзейсніць свае мары. І чыесьці мары насамрэч здзейсніліся, а хтосьці паставіў сабе новыя мэты, выканаўшы работу над памылкамі. Гэта будзе яскравае, маштабнае шоу, над якім працуе вялікая шматнацыянальная рэжысёрска-пастановачная група. Госці і гледачы цырымоніі змогуць прагарнуць яркі альбом успамінаў, яшчэ раз акунуцца ў атмасферу спаборніцтваў і адчуць тыя ж самыя эмоцыі, якія перажывалі спартсмены і іх трэнеры за апошні тыдзень.
Сярод музычных гасцей, якія выступяць заўтра на закрыцці II Еўрапейскіх гульняў — народны артыст Расіі і Украіны Мікалай Баскаў, заслужаная артыста Рэспублікі Беларусь Аксана Волкава, а таксама такія гурты, як IOWA, J:Морс, Tesla Boy і “Лепрыконсы”.