Учорашні справавод
Гаворка ішла пра апошняга рэктара Віцебскага мастацка-практычнага інстытута Івана Трафімавіча Гаўрыса. Нарадзіўся ён у 1890 годзе ў вёсцы Кухчыцы, што на Міншчыне. Быў удзельнікам Першай сусветнай вайны. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі стаў працаваць справаводам Віцебскага губваенкамата. Але цяга да адукацыі ўзяла сваё.
У 1918 годзе Іван — чый век тады быў ужо зусім не студэнцкім — паступае на фізіка-хімічны факультэт Віцебскага настаўніцкага інстытута. А ўжо ў наступным годзе, калі ў горадзе пачала працаваць заснаваная Маркам Шагалам Народная мастацкая вучэльня, Гаўрыс ідзе вучыцца туды.
Учорашні справавод робіцца сведкам знамянальных для сусветнай мастацкай культуры падзей. Па запрашэнні Шагала ў Віцебск адзін за адным з’язджаюцца выдатныя мастакі з Петраграда і Масквы: Мсціслаў Дабужынскі, Вера Ермалаева, Лазар Лісіцкі, Казімір Малевіч… Пасля іх з’яўлення культурнае жыццё закіпела з небывалай для невялікага правінцыйнага горада сілай. У Віцебску ствараецца першы ў савецкай краіне музей сучаснага мастацтва — на аснове калекцыі карцін, якая была накіравана з Петраграда Аддзелам выяўленчых мастацтваў Наркамасветы. Народнае мастацкае вучылішча пераўтвараецца ў Віцебскія дзяржаўныя свабодныя мастацкія майстэрні, а затым у Мастацка-практычны інстытут. У 1920 годзе па ініцыятыве Малевіча і Ермалаевай на базе гэтай навучальнай установы ствараецца аб’яднанне левых мастакоў УНОВИС — “Утвердители нового искусства”. Яго членам становіцца і Іван Гаўрыс. Неўзабаве ён уваходзіць у Творчы камітэт аб’яднання.
Адэпт новага мастацтва
У майстэрнях, дзе тварылі ўновісаўцы, работа кіпела і дзень, і ноч. Планы былі грандыёзныя: яны ўключалі распрацоўку праектаў мэблі, розных інтэр’ераў, архітэктурных аб’ектаў, у тым ліку ўтылітарных будынкаў, прадметаў побыту, афармленне кніг…
Лідар новага руху Казімір Малевіч пісаў: “Як у нашым тэхнічным жыцці: мы не можам карыстацца толькі караблямі, на якіх ездзілі сарацыны, — так і ў мастацтве мы павінны шукаць формы, якія адпавядаюць сучаснаму жыццю... Тэхнічны бок нашага часу ідзе ўсё далей наперад, а мастацтва стараюцца пасунуць далей назад. Вось чаму больш высокія, значныя і каштоўныя тыя людзі, якія ідуць за сваім часам”.
Гаўрыс актыўна ўдзельнічае ў творчай дзейнасці УНОВИСа, з’яўляецца членам студэнцкага камітэта. У чэрвені 1920 года разам з 60 сваімі аднакашнікамі ён ездзе ў Маскву на 1-ю Усерасійскую канферэнцыю навучэнцаў Дзяржаўных свабодных мастацкіх майстэрняў.
Як мастак, Іван Гаўрыс адразу аддае перавагу авангарду: кубізму, футурызму, супрэматызму. У інстытуце ён хутка займеў рэпутацыю аднаго з найбольш верных вучняў Малевіча і Ермалаевай.
Са студэнтаў — у рэктары
Менавіта апошняя заняла месца кіраўніка ўстановы пасля таго, як у 1920 годзе Шагал пакінуў Віцебск. У 1921 годзе, калі Гаўрыс яшчэ толькі вучыўся на трэцім курсе, ён, як чалавек ужо даволі сталага ўзросту, быў прызначаны Ермалаевай на пасаду яе намеснікам. А падчас камандзіровак рэктара Іван ажыццяўляе кіраўніцтва інстытутам — не спыняючы пры гэтым навучанне ў ім!
Тое, што студэнт стаў прарэктарам, тлумачыцца вельмі проста. Да таго часу з-за дрэнных умоў, у якіх тады апынулася ВНУ, Віцебск пакінулі многія з мастакоў, якія не так даўно сюды прыехалі ў надзеі перажыць тут нішчымніцу. Пазней Гаўрыс так успамінаў гэты час: “Інстытут у 1921 — 1922 гг. перажываў незвычайна цяжкія эканамічныя ўмовы. Выкладчыкі галадалі, у Малевіча з-за голаду развіліся сухоты. Былі прададзены неабходныя асабістыя рэчы. Падтрымкі і інструктавання як ад “Галоўпрафорба”, так і “Губпрафорба” і прафорганаў не было. Інстытут быў кінуты на волю лёсу”.
У 1922 годзе Гаўрыс заканчвае навучанне ў Віцебскім мастацка-практычным інстытуце і атрымлівае званне “майстра выяўленчых мастацтваў па жывапісе і малюнку”. Тады разам з Іванам дыпломнікамі сталі 11 чалавек — і тут жа разляцеліся па свеце. Большасць услед за Малевічам з’ехала ў Петраград. У Віцебску з выпускнікоў застаўся адзін Гаўрыс — што сведчыць пра яго адданасць інстытуту.
Ажыццявіўшы выпуск навучэнцаў, з’язджае і Ермалаева. Праз адсутнасць іншых кандыдатур у жніўні 1922 года на пасаду рэктара інстытута прызначаецца яе былы намеснік. Так Гаўрыс становіцца кіраўніком той навучальнай установы, якую ён толькі што скончыў. Выпадак, пагадзіцеся, унікальны!
Але кіраваць яму давялося нядоўга. Ужо ўвесну 1923-га рэвізія губернскага аддзела Рабоча-сялянскай інспекцыі вынесла свой жорсткі прысуд. У выніку Гаўрыс быў змешчаны са сваёй пасады, а выконваць абавязкі рэктара стаў нехта П.А. Тарасаў — фігура зусім выпадковая. Трохі пазней інстытут будзе пазбаўлены статусу вышэйшай навучальнай установы і пераў-
творыцца ў мастацкі тэхнікум. Яго кіраўніком прызначаецца паборнік акадэмічнай традыцыі Міхаіл Керзін, які прыехаў у Віцебск з Веліжа, са Смаленшчыны. Яго вучнямі стане цэлая плеяда мэтраў айчыннай скульптуры. Але гэта ўжо — зусім іншая гісторыя.
* * *
Пасля разгрому Віцебскага мастацка-практычнага інстытута Іван Гаўрыс выкладае ў розных навучальных установах Віцебска. Адначасова ён займаецца мастацкай творчасцю, актыўна ўдзельнічае ў беларускім адраджэнні, імкнецца на этнаграфічнай глебе стварыць сучаснае нацыянальнае мастацтва. Яго творы паказваюцца на дзвюх Усебеларускіх мастацкіх выставах і Усебеларускай выставе карцін, графікі, скульптуры, архітэктуры.
Але ў 1937 годзе мастак быў арыштаваны па сфабрыкаванай справе “Польскай арганізацыі вайсковай” і 4 лістапада таго ж года растраляны недалёка ад Віцебска, ва ўрочышчы Хайсы.
У красавіку 2018 года, на Радаўніцу, вялікая група прадстаўнікоў беларускай грамадскасці зрабіла ўборку ва ўрочышчы Хайсы, і ў месцы масавых растрэлаў, якія рабіліся тут ў перыяд 1937 — 1938 гадоў, былі ўстаноўлены таблічкі ў памяць 108 прадстаўнікоў інтэлігенцыі, што былі пакараны смерцю ў той дзень, 4 лістапада 1937 года. З’явілася і таблічка, прысвечаная мастаку Гаўрысу Івану Трафімавічу.
Якаў ЛЕНСУ, кандыдат мастацтвазнаўства