Да ўсяго, для такіх праграм ёсць ідэальныя пляцоўкі — уражвальныя помнікі культавага дойлідства, шчодра рассыпаныя па ўсім захадзе Беларусі. І самае галоўнае: у дастатку ёсць зацікаўленая публіка! Падчас канцэрта касцёл апостала Андрэя быў паўнюткі — ажно даводзілася дастаўляць дадатковыя крэслы.
Як вядома, з нарачанскага краю паходзіць прадзед кампазітара Пётр Шастаковіч, які за ўдзел у паўстанні 1830 года быў высланы на Урал. І вось, праз шмат гадоў адбываецца своеасаблівае вяртанне роду на радзіму — хай сабе і ў сімвалічны спосаб, праз музыку.
Прычым вяртанне не толькі Шастаковіча. Галоўным ініцыятарам праекта стаў оперны спявак родам са Слонімшчыны Аркадзь Валадось. Яшчэ напрыканцы 70-х гадоў ён эміграваў у Парыж ды зрабіў там неблагую сцэнічную кар’еру. І маючы за плячыма такі шлях, заўсёды карыстаецца магчымасцю вярнуцца на радзіму — прычым не “па лініі настальгічнага турызму”, але шторазу з новымі творчымі ініцыятывамі.
Канцэрт у Нарачы стаў добрым прыкладам супрацоўніцтва шэрагу энтузіястаў, падтрыманых Міністэрствам культуры краіны, мясцовымі ўладамі і, зразумела ж, нарачанскай парафіяй. А таксама і сведчаннем таго, што знакавыя і якасныя культурныя падзеі можна ствараць і без сур’ёзных фінансавых рэсурсаў.
Гэтым разам па запрашэнні Аркадзя Валадося на Беларусь завітаў прафесар Ліёнскай кансерваторыі Жэром Гішар, каб сыграць свае партыі габоя разам з айчыннымі “струннікамі”. Гэтае супрацоўніцтва адбылося далёка не ўпершыню — калісьці мсье Гішар нават выкладаў па абмене ў Белдзяржакадэміі музыкі. Не дзіва, што выканаўцам удалося хутка знайсці агульную мову, сплятаючы свае партыі ў непарыўнае цэлае.
Праграма канцэрта фармавалася паводле не гістарычных або тэматычных, але, хутчэй, інтуітыўна-асацыятыўных прынцыпаў. Недарэмна яе эпіграфам сталі словы Уільяма Блэйка: “Геніяльнасць пачынаецца там, дзе сканчаюцца правілы”. Таму барочны венецыянскі кампазітар Алесандра Марчэла суседнічаў з Моцартам, а завяршаў канцэрт “Струнны квартэт №1” самога Шастаковіча. Створаны ў цяжкім 1938 годзе, ён паклаў пачатак цыклу з пятнаццаці твораў гэтага жанру, які ўвайшоў у залаты фонд сусветнай музыкі.
І ўзнёслы неагатычны храм, і ўражвальныя нарачанскія краявіды стваралі цудоўную аблямоўку для камерных твораў. Таму хацелася б верыць, што падобныя адзінкавыя акцыі з часам стануць сістэматычнымі, даючы аматарам магчымасць прачуць улюбёныя творы неяк па-новаму. Праўда, для гэтага меламанаў трэба забяспечыць іншай магчымасцю: патрапіць на месца канцэрта і вярнуцца дахаты. Пакуль жа і ў гэтым выпадку, і ў многіх падобных яна ёсць хіба ва ўладальнікаў свайго транспарту: грамадскім выбрацца з Нарачы нядзельным надвячоркам было немагчыма.