А дакажыце, што ў вашай вёсцы клуб патрэбны
Калі ўстанову культуры ігнаруюць наведвальнікі, яе неабходна зачыняць. Не думаю, што хтосьці аспрэчыць гэту выснову. Бібліятэкары, напрыклад, яшчэ да пачатку аптымізацыі зразумелі, што варта “варушыцца”, “выкручвацца”. Найбольш прасунутыя з іх займелі ў прафесійным лексіконе крыху іншае слова: “рушыць”. Куды? Неаспрэчна, наперад — да чытача. У выніку з’явіліся бібліятэчныя “прыцемкі”, “бібліяночы”, буккросінг, чытальныя залы ў скверах, кніжныя “рэстараны” з разнажанравым літаратурным меню, агучаны вершамі грамадскі транспарт… Нават самы апантаны бібліятэчны кансерватар дацяміў, што пазбегнуць аптымізацыі дапаможа нестандартны падыход да працы. У пэўных выпадках гэтае разуменне прыйшло, на жаль, недаравальна позна. Што ж клубнікі? Ці засталіся яны ў ценю бібліятэчнага крэатыву? Прынамсі, ліставанне ад бібліятэкараў у нашу рэдакцыю значна большае, чым ад клубнікаў. Каб ліквідаваць прабел і высветліць сённяшні стан клубнай справы, “К” вырашыла запрасіць да ўдзелу ў онлайн-канферэнцыі загадчыка сельскага клуба вёскі Жукоўшчына (Шаркаўшчынскі раён) Надзею КІРЫЕНКА, дырэктара раённага Цэнтра культуры Хоцімска і Цэнтралізаванай клубнай сістэмы Хоцімскага раёна Алену ПРОШКІНУ, кіраўніка Спораўскага (Бярозаўскі раён) цэнтра культуры і вольнага часу Ніну ПАШКЕВІЧ, дырэктара Людвіноўскага СДК з Вілейшчыны Лілію ПРАТАСАВУ.