Марына Рафеева:
— Што грэе душу? Выдалі кнігу, заснаваную на ўспамінах пра Вялікую Айчынную вайну, сабраных бібліятэкарамі Гомельшчыны. А літаратурна-мастацкую форму гэтым аповедам надалі нашы супрацоўнікі Алег Ананьеў, Юрый Максіменка і Юрый Рачынскі. Кніга стала асновай краязнаўчага літаратурна-мастацкага праекта. На падставе яе створаны сцэнарый. Бібліятэчны тэатр “Гракі” цяпер гастралюе з пастаноўкай па арганізацыях і ўстановах. Так што праект — доўгатэрміновы. Але тэатр наш паспеў ужо атрымаць у расійскім Навазыбкаве на XIII Міжнародным фестывалі аматарскіх калектываў дыплом у намінацыі “За ўнікальнае ўвасабленне тэмы вайны”. У рамках гэтага ж праекта 9 кастрычніка мы адкрываем музейную экспазіцыю ва Урыцкай сельскай бібліятэцы. Экспазіцыя прысвечана братам Елісею, Канстанціну і Мінаю Крычаўцовым. З імі звязана ўнікальная шчымлівая гісторыя. І не толькі таму, што хлопцы здзейснілі першы ў гісторыі Вялікай Айчыннай вайны танкавы таран. Нарадзіліся яны ва Урыцкім, былі заўзятымі музыкантамі… Справа ў тым, што іх бацька напісаў ліст камандаванню, каб малодшаму сыну далі адтэрміноўку, каб усе трое пайшлі на фронт адначасова і сталі адзіным танкавым экіпажам. Лёс іх быў невядомы аж да 1964 года… Калі ж бацька даведаўся пра таран, дакараў сябе да скону дзён…
Другі ўдалы, як мне падаецца, праект — “Пакаленне Мы”, адрасаваны студэнцтву. Натуральна, мэта звязана з прыцягненнем моладзі да бібліятэкі. Напэўна, мы здзейснілі тое, за што ніколі бібліятэка не бралася. Адбыліся валанцёрскія акцыі. На вуліцах горада гучалі вершы. Прайшоў арт-фэст “Бібліякантакт”. У нашай установе збіраліся навукоўцы, музыканты, жывапісцы і вялі дыялог з маладымі на самых розных бібліятэчных пляцоўках. Ладзіліся выстаўкі твораў гомельскай крэатыўнай моладзі. У сацыяльных сетках з’явілася група “Ленінка”. Атрымалі за паўгоддзе больш за дзесяць тысяч наведванняў!
Яўген Рагін:
— Колькі слоў аб праблемах…
Марына Рафеева:
— Сёлета па вобласці аптымізацыя закранула не толькі сельскія, але і раённыя бібліятэкі. Гэты факт вельмі засмучае. Значна павялічылася нагрузка на тых спецыялістаў, што засталіся.
Яўген Рагін:
— А заробак у сувязі з тым вырас?
Марына Рафеева:
— Там, дзе начальнікі аддзелаў парупіліся, зроблена надбаўка. Прынамсі, такую задачу да 1 верасня абласное ўпраўленне ставіла… Сярэднемесячны заробак бібліятэкараў па Гомельшчыне склаў 3,1 мільёна рублёў.
Тамара Данілюк:
— Пачну з праблем. Нягледзячы на жорсткія фінансавыя ўмовы ўсё ж робім рамонт свайго будынка. Летась мянялі вокны, сёлета — таксама. Хоць і цяжка, але ж спадзяемся, давядзём бібліятэку да ладу.
Яўген Рагін:
— Спонсары дапамагаюць?
Тамара Данілюк:
— Грошы выкрайваюцца з бюджэту.
Яўген Рагін:
— Асноўныя творчыя праекты таксама звязаны з 70-годдзем Вялікай Перамогі?
Тамара Данілюк:
— Безумоўна. Мы запрашалі людзей, якія не маюць непасрэднага дачынення да Вялікай Айчыннай вайны. Гэта былі асобы, што чытаюць і думаюць. І менавіта яны распавядалі старшакласнікам пра кнігі аб вайне, што прачыталі самі, пра сваё стаўленне да гэтых кніг, да рэчаіснасці. Ведаеце, акцыя атрымалася дзівосная! Я не думала, што дзеці будуць так рэагаваць. Узнікла палеміка (вельмі аргументаваная з двух бакоў). Дыялог вызначыўся сугуччам думак, суперажываннем. Ці не гэтую мэту ставіць высокая літаратура? Здорава!
Цяпер мы рыхтуемся да правядзення трэцяй канферэнцыі “Берасцейскія кнігазборы”, прысвечанай гэтым разам 500-годдзю з дня нараджэння Мікалая Радзівіла Чорнага і 350-годдзю з моманту заснавання Брэсцкага манетнага двара. У канферэнцыі возьмуць удзел трынаццаць прафесараў, дактарантаў і магістраў з Варшавы, Лодзі, Любліна, Кракава, Кіева, а таксама Расійскай нацыянальнай бібліятэкі, Маскоўскага гістарычнага музея… Усе гэтыя навукоўцы прывозяць да нас тыя кнігі, якіх у нас няма. Канферэнцыя пройдзе 23 і 24 верасня ў Брэсце і Іванаве, на радзіме Напалеона Орды, Пінску. Яе можа наведаць любы ахвотны… Так што 75-годдзе нашай бібліятэкі святкуем у рабочым, вельмі напружаным рэжыме.
Таццяна Адамян:
— Разам з БРСМ рэалізавалі праект “Чытаем пра вайну”. Вучыліся рыхтаваць буктрэйлеры, пра што “К” пісала. Электроннае галасаванне вызначыла самыя лепшыя ролікі пра кнігі ваеннай тэматыкі. Карацей, розгалас быў вельмі шырокім.
Яўген Рагін:
— Ведаю, што з дня заснавання ў бібліятэцы не было капітальнага рамонту…
Таццяна Адамян:
— Гэта, сапраўды, праблема… Камплектаванне ідзе няблага, падпіска — таксама.
Яўген Рагін:
— А з лікам чытачоў як справы?
Таццяна Адамян:
— Мы пастаянна ствараем інфармацыйныя рэсурсы. Да прыкладу, “Мастакі Віцебшчыны”. Летась зарэгістравалі больш за 700 тысяч наведванняў нашага сайта. А віртуальны чытач у электронным асяроддзі з мінулага года таксама ўлічваецца статыстыкай.
Лідзія Мальцава:
— Сёлета завяршаем рэалізацыю праекта “Мультымедыйныя цэнтры навукі і тэхналогій у Сувалках і Гродне”. Агульны грант праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва Беларусі, Польшчы і Украіны перавышае мільён еўра. Амаль палова сумы дасталася нам. За гэтыя грошы ў дзіцячым філіяле бібліятэкі зрабілі рамонт і стварылі Мультымедыйны цэнтр — першы па сваіх магчымасцях у Беларусі. Закупілі кандыцыянеры, жалюзі, дываны, самую сучасную мэблю (адных канап — 16 адзінак), светладыёдны рэкламны экран, 26 камп’ютараў з вэб-камерамі і мікрафонамі, відэакамеру, гусенічны пад’ёмнік для інвалідаў… Цяпер ствараем рэкламны фільм пра гэты цэнтр. Але самае галоўнае, што мы набываем адукацыйныя праграмы, якія каштуюць 200 тысяч еўра. З дапамогай іх можна вывучаць замежныя мовы, музыку, канструяванне, фільмавытворчасць, домабудаўніцтва… Над гэтым грантам мы працавалі з 2010 года. Адкрыццё Цэнтра запланавана на лістапад.
Яўген Рагін:
— Напэўна, рэзка павялічыцца колькасць чытачоў?
Лідзія Мальцава:
— Несумненна. Настаўнікі з Ізраіля і Польшчы спачатку навучаць нас, потым мы будзем вучыць не толькі дзяцей: паслугі Цэнтра прапануем усім катэгорыям чытачоў… Яшчэ адзін праект звязаны з арганізацыяй выставак і наступнай алічбоўкай рэдкіх кніжных выданняў, у тым ліку і з прыватных калекцый. Праект будзем рэалізоўваць разам з сувалкаўскай бібліятэкай… А 30 верасня споўніцца 185 гадоў з моманту заснавання нашай установы. Адбудзецца міжнародная канферэнцыя. Словам, шчаслівых момантаў вельмі шмат.
Яўген Рагін:
— Дык мо і праблем у вас няма?
Лідзія Мальцава:
— Нас усяляк падтрымлівае кіраўніцтва вобласці, ніхто не збіраецца нас скарачаць, з кніг купляем тое, што хочам… Адзінае пажаданне: спыніць скарачэнне бібліятэчнай сеткі у раёнах. Каб мы потым не плакалі, што нельга ўзнавіць мінулае. А то ў нас нават ў пэўных аграгарадках зніклі бібліятэкі.
Ілона Сарокіна:
— У Дзень бібліятэк Беларусі будзем прэзентаваць сукупную біябібліяграфічную базу даных “Таленты ад роднай зямлі”, якую мы з максімальнай паўнатой з усімі бібліятэкамі Магілёўшчыны пастараліся сабраць аб нашых пісьменніках-земляках. Гэта — каля 400 чалавек ад класіка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча да сучасных маладых літаратараў. Апрача біяграфічных звестак, сабраны псеўданімы, пералікі твораў а таксама — спасылкі на бібліяграфічныя крыніцы. Словам, база энцыклапедычнага характару. Яна з’явіцца на нашым сайце і на трынаццаці сайтах раённых бібліятэк Магілёўшчыны.
Яўген Рагін:
— Мяркуючы па нашых камандзіроўках, бібліятэкі Магілёўскай вобласці — самыя беспраблемныя ў краіне. І камп’ютараў хапае, і крэатыву не бракуе.
Ілона Сарокіна:
— Дзякуй за цікаўнасць да нашай справы… Хацелася б, каб заставаліся маладыя кадры. Крыўдна за прафесію становіцца. Яна — запатрабаваная, але калектывы нашы амаладжваюцца не так хутка, як хацелася б.
Аксана Кніжнікава:
— Найбольш значнай акцыяй стаў праект, скіраваны на прафілактыку дрэннага становішча сям’і і ўмацавання традыцый сямейнага ўзаемадзеяння, у тым ліку — сямейнага чытання. Праект называецца “Здорава разам”. Рыхтавалі яго разам з Мінскім гарадскім цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання сям’і і дзяцей і Нацыянальным цэнтрам усынаўлення. Вынік праекта за паўгоддзе — летняя выстаўка малюнкаў “Шчаслівая сям’я вачыма падлетка”. Чарговая сустрэча ўдзельнікаў праекта адбудзецца ў Абласной бібліятэцы 16 верасня.
Яўген Рагін:
— Мінская абласная, наколькі ведаю па родзічах-чытачах і сябрах-кніжніках, набыла ў сталіцы вялікую папулярнасць. Гэта адчуваецца па вашай статыстыцы?
Аксана Кніжнікава:
— Адчуваецца. І асабліва па аддзеле замежнай літаратуры, дзе працуюць сапраўдныя крэатыўшчыкі. І ўвогуле, бібліятэка аддае прыярытэт праектам, скіраваным на сацыялізацыю. Адсюль, відаць, і папулярнасць. У нас заўжды знойдзецца пляцоўка для камунікацый не толькі з дакументамі. Мы ж не вартаўнікі кніг і пастаянна трансфармуемся на рынку вольнага часа…
А турбуе цякучка кадраў, звязаная з нізкімі заробкамі. Тут хацелася б большай увагі да нашай прафесіі.
Ад рэдакцыі. Вы заўважылі, што ніхто не паўтарыўся у праектах? Тэндэнцыя! А якая еднасць ў вызначэнні балючых кропак? Таксама тэндэнцыя. Але напярэдадні бібліятэчнага свята не будзем пра змрочнае. Насуперак усяму бібліятэкі працуюць, пры гэтым здзіўляюць і радуюць. Дзякуй, шаноўныя! Здароўя вам і ўдачы!