“Я дайшоў да Берліна…”: свая вайна
Трыццаць гадоў таму, у сувязі з набліжэннем знамянальнай даты — 40-годдзя Перамогі — я звярнуўся да ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны, кавалера 13 ордэнаў і медалёў, мастака-жывапісца, заслужанага настаўніка БССР, заслужанага дзеяча культуры Польшчы і майга сябра Віктара Вярсоцкага з просьбай распавесці пра сваю ваенную “адысею”. Успаміны кожнага былога воіна могуць стаць неацэнным чалавечым дакументам, з’явіцца працягам летапісу векапомных дзён. Тады я падрабязна запісаў пранікнёную споведзь Віктара Іванавіча, але матэрыял чамусьці так і не быў надрукаваны ў адной газеце. І вось нядаўна я гэтыя запісы знайшоў у хатнім архіве. Прачытаў і падумаў: трэба надрукаваць, бо “культура”ўскі летапіс подзвіга будзе цікавым і карысным для сённяшніх маладых людзей, для каго памяць салдат, якія змагаліся за Радзіму, — гэта памяць самой гісторыі… Віктар Вярсоцкі (1923 — 2004) у свой час быў вельмі папулярнай асобай і як мастак-пейзажыст, і як настаўнік, што выхаваў у сталічнай сярэдняй школе №75 з мастацкім ухілам і Мінскім мастацкім вучылішчы не адно пакаленне творчай моладзі, і як грамадскі дзеяч, які шмат гадоў працаваў адказным сакратаром, а таксама намеснікам старшыні Саюза мастакоў БССР, і проста як добры, інтэлігентны і камунікабельны чалавек.