Не так даўно на шафе ў якімсьці з пакояў Акадэміі навук знайшлі катушку вузкай стужкі. У красавіку 1962 года кінааматар засняў у вёсцы Бялевічы, што на Случчыне, прадстаўленне батлейкі: куфар з лялькамі за плячыма акцёра. Сама назва паходзіць ад Віфлеем (ён жа — Бэтлеем). Сярод гледачоў пазнаём рэжысёра Купалаўскага тэатра Канстанціна Саннікава, тэатразнаўцаў Гурыя Барышава і Уладзіміра Няфёда — будучага акадэміка. Прадстаўленне даваў, хутчэй за ўсё, Нічыпар Дыла: магчыма, апошні вандроўны лялечнік Беларусі. Тэксты “на злобу дня” сачыняў сам лялечнік ці, магчыма, яго зямляк са Случчыны — ананім, аўтар паэмы “Ларывон-муха”. Ну а спектаклі батлеек высмейвалі мясцовых “аўтарытэтаў”, добра вядомых людзям: “ваяводаў, войтаў і князёў усіх калібраў” — таму і былі папулярнымі, жаданымі і чаканымі.
Вандроўныя сатырыкі станавіліся разносчыкамі вострых, рызыкоўных анекдотаў. А “канкрэтнай асобай” у іх мог стаць нават “Імператар Усяе Русі, кароль Польскі, князь Фінляндскі, цар Астраханскі…” Напрыклад: “Аляксандру ІІІ падаюць данос: “Селянін такі з вёскі такой у тракціры паслаў Вашу Вялікасць туды і туды. Якое будзе пакаранне?” Цар наклаў рэзалюцыю: “Перадайце селяніну такому з вёскі такой, што я пасылаю яго туды ж. І наперад: партрэтаў цара ў тракцірах не вешаць!” Было так ці не? Аднак у гісторыю ўвайшло як анекдот.
І тады, і ва ўсе наступныя часы магнаты, уладары-дзяржаўнікі рабілі пераслед “Ларывонам”, бо не жадалі бачыць сябе ў анекдотах, бы ў люстэрку, баяліся быць высмеянымі. Таму куфары з лялькамі і разбівалі, а батлеечнікаў выганялі...
Случчакі — народ асаблівы, патрыёты свайго краю. Гэта ў іх прымаўка: “У Віцебске — усё кепска, у Мінску — усё па-свінску, у Брэсце — усё ў адным месце, і толькі ў Слуцку — усё па-людску”. Але і над сабой пасмейваліся: колькі самаіроніі ў дарэвалюцыйнай паэме “Файнбергада”, што доўгія часы лічылася ананімнай! (Невялікае адступленне. У 2005-м на вуліцы Леніна, побач з кансервавым заводам, зруйнавалі дамок, дзе месцілася крама “Электратавары”. У Слуцку ён быў вядомы як “Дом Файнберга”. Праўда, бадай ніхто не памятаў, што гаспадар яго — уладальнік аднаго з чатырох паравых млыноў. Але Файнберг застаўся ў гісторыі горада, дзякуючы паэме.) Нагадаю, сярод побытавага смецця ў сарайчыку дома памешчыцы Лабановіч-Шпакоўскай знайшоўся стос рукапісных аркушаў, датаваных 1908-м годам. Вось радкі адтуль:
Кто скачет, кто мчится ночною порой,
Чья шуба вздымается мутной волной,
Кто зонтиком чёрным нелепо вертит?
То — Файнберг Савелич в собранье спешит…
“Собранье” — дом Дваранскага сходу (цяпер там Краязнаўчы музей), куды штовечар сцякаўся “высокі свет” Слуцка і да раніцы ішла картачная гульня. Паэму завучвалі, яна хадзіла ў спісках. Менавіта ў Слуцку, лічаць ганарлівыя “тутэйшыя”, зарадзіўся будучы савецкі “самвыдат”! У паэме апісваліся канкрэтныя людзі, добра вядомыя сучаснікам — гэта надавала ёй асаблівую вастрыню! Але некаторыя імёны нешта могуць сказаць сёння і нам. “Где Крупский блистает стариннейшим родом, и всею фигурой нам кажет породу…” — Крупскі, слуцкі памешчык, дзядуля Надзеі Канстанцінаўны, жонкі Леніна. “Где лысиной светит, как лампой, Берёзко…” — Сяргей Бярозка — першы пасля рэвалюцыі дырэктар школы №1, бацька пісьменніка Георгія Бярозкі.
Туда, куда едут с уезда паны,
Но больше играют уже на штаны…
Имения все уж давно у Мигдала,
А с ними и панская слава пропала.
И все эти крики и клубный скандал
Один понимал лишь маститый Мигдал.
Бейнус Мігдал — бязлітасна жорсткі слуцкі банкір, бацька савецкага акадэміка-фізіка Аркадзя Мігдала.
Аўтар “Файнбергады” — той, хто ўжо прайграўся, а цяпер — проста назіральнік за гульнёй. Адсюль — сарказм у апісанні асобаў правінцыяльнага “свету”. З часам аўтарства адкрылася: ён — сябра клуба гульцоў “не з важкіх”, слуцкі земскі начальнік, выпускнік філалагічнага і юрыдычнага факультэтаў МДУ Рыгор Скура.
Працяг — у наступных нумарах "К".
Фота Юрыя ІВАНОВА