Іван Кірчук. "Рыбы".
Першыя публікацыі з серыі — у №№ 3, 5, 7.
2009 год. 8 чэрвеня.
...Касцёл быў у сучасным будынку, я нават сказаў бы — у жылым доме. Замест звыклага алтара вісеў агромністы абраз Хрыста. Я шмат бачыў падобных абразоў, але гэты быў моцны, яркі, незабыўны! Промні — вось што адрознівала яго ад іншых. Яны нагадвалі мне яркую, светлую піраміду святла, якая зыходзіла з-пад пальцаў Хрыста. Мне здалося, што святло рухаецца, і я ўвайшоў у транс. Да пачатку службы ўключылі святло, і Абраз яшчэ больш ажыў! Гэта было здорава!
Была літоўская служба, гітара і святары ў нейкіх дзіўных белых адзеннях. Я пасядзеў побач з манашкай, якая спявала на літоўскай мове і праводзіла пальцам па тэкстах. Думала, што я літовец? Узрушаны ўбачаным, выйшаў на вуліцу.
Я павінен абавязкова прыйсці сюды яшчэ раз і набыць Абраз на памяць аб такім Моцным, Святым Месцы. Дзякуй, Вільня! Сколькі ж святынь у табе?..
21.30. Завяршыў падрыхтоўку да свята, склаў сцэнарый, усё адрэпеціраваў. Паглядзім, як гэта спрацуе на возеры. Захацелася сабраць інфармацыю аб месцы, дзе будзе адбывацца Купалле, аб возеры. Можа, ёсць нейкая легенда і г.д. Ёсць задаволенасць ад працы, будзем спадзявацца на надвор’е і поспех.
Я пад уражаннем сустрэчы з Хрыстом! Так, быў момант, які зараз шчыльна сядзіць у мозгу. Я маліўся Хрысту, прасіў дапамогі ў жыцці, калі раптам яскрава пачуў Яго словы: “А язычнікі?” І адбылося азарэнне! Я ж, сапраўды, перамяшаў усё: рэлігіі, магію, вераванні, рытуалы! Паспрабаваў ізноў маліцца, але зноў пачуў: “А язычнікі?” Што я раблю ў Вільні? Рытуал ці спектакль? Падаецца, не разабраўшыся ў каталіцызме (а я хрышчаны ў касцёле), я ўлез у язычніцтва! Значыць, я нармальна ні да чаго не падключаны? Я нічога ні ад каго не атрымліваю? Гэта я пра Сілу і Энергіі…
У думках я спускаўся ў тоўшчу часоў, да далёкіх Прашчураў — Чураў, які веравалі ў Сонца, Ваду, Агонь. У язычнікаў такія прыгожыя тэксты, гэта так заўжды прабірала! Дзве тысячы гадоў хрысціянства не зачынілі моц і сілу Прыроды. Але Стваральнік, Тварэц Свету быў да Хрыста! Што тут пачалося ў маёй галаве! Я ж настроіўся амаль на язычніцкі абрад “Купалле”!..
Працяг фрагментаў кнігі чытайце ў наступных нумарах “К”.