Як расказаць пра “сваё”…
З аўтабіяграфіі У.Кудрэвіча: “У 1908 г. у Рызе адкрываецца выстаўка прыбалтыйскіх (і не толькі) мастакоў. У экспазіцыі былі прадстаўлены розныя плыні і стылі. Больш за ўсё мяне прывабілі творы Казіміра Малевіча “Дахі”, “Вуліца”, “Раніца”, напісаныя ў духу імпрэсіянізму: празрыстасць святла, яркасць колеру, лёгкасць ды смеласць мазкоў… З таго часу я стаў захапляцца імпрэсіянізмам і наогул французскім мастацтвам, ачышчаным ад цемры і бруду. Мае духоўныя настаўнікі — Поль Сіньяк, Поль Сезан, Альфрэд Сіслей, Агюст Рэнуар, Клод Манэ, потым Альбер Марке. Праз тры гады ў Гомелі я прымкнуў да групы імпрэсіяністаў на чале з Сяргеем Каўроўскім. Потым праз год упершыню трапіў у Маскву, дзе пазнаёміўся з Траццякоўкай і Музеем заходняга мастацтва. З той пары я стаў імпрэсіяністам у пейзажы і працаваў у гэтым кірунку да канца 1920-х гадоў… У сваіх творах імкнуўся адлюстроўваць сваю любімую радзіму Беларусь і перадаваць настрой таго або іншага моманту ў прыродзе. А палотны “Тракт” і “Беларуская вёска” былі станоўча адзначаны ў часопісе “Искусство” (1925 г., № 5)…”