— Навошта чалавек робіць татуіроўку?
— Калі ён пакутуе душой, калі хоча нешта ў сабе змяніць, скажам, у хвіліны асабістага крызісу, або з-за моды (а моладзь найперш ласая да таго). Пакаленне ж “тых, каму за пяцьдзясят”, калі вырашаецца на тату, то ў асноўным “перабівае” старыя, зробленыя ў юнацтве, у войску, у “месцах, не вельмі аддаленых”. Дый татуіроўку вірусам можна назваць: адна цягне за сабой іншую, а потым іх перарабляюць... Некаторым жа проста цікавыя новыя эмоцыі... Як многія ходзяць у “качалку”, так і тут. Што карыстаецца попытам? Японскія матывы і іерогліфы, “олд скул” — традыцыйная татуіроўка (важныя для чалавека даты і словы, малюнкі), партрэты…
— Ці дарагая такая “забава”?
— Па нашых мерках — так. Але танней, чым у Расіі, Украіне. У нас кошт залежыць ад памеру, а ў Еўропе ацэньваецца час, затрачаны на нанясенне. Гадзінны сеанс можа абысціся, дапусцім, у 100 долараў. А перманентны макіяж для еўрапейцаў — як аперацыю зрабіць: 700 еўра.
— Хто тыя людзі, якія робяць іншым татуіроўкі? Мастацкая адукацыя ў іх хаця б ёсць? Альбо і я магу — па шаблоне?..
— Можаш, вядома. А ў татуіроўцы працуюць і члены Беларускага саюза мастакоў. Але... Ты разумееш розніцу паміж словамі “рамеснік” і... “творца”? Дык вось, каб ты рабіў татуіроўкі па шаблоне, быў бы рамеснікам. Я лічу, што сапраўдны майстар у гэтай справе павінен мець дачыненне да выяўленчага мастацтва.
— І што за крызіс “накрыў” цябе, калі ты зрабіў сабе першае тату?
— Я ў 2003-м скончыў Акадэмію мастацтваў, кафедру графічнага дызайну. (А да яе — Парнат, школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве імя Ахрэмчыка.) Дык вось, гляджу я на “корачку” і думаю: а што далей рабіць? Ну так, ёсць гурт “Znich”, цяпер вось — вышэйшая адукацыя. Далей што?
— Пісаць карціны!
— Я іх і пісаў — у графіцы. І выстаўкі былі. Але... Каму гэта патрэбна? Вось я паступіў на эмоцыях у Акадэмію: думаў, скончу — горы звярну! Наперадзе — пленэры, выстаўкі, будуць прыходзіць людзі, цікавіцца, мяне заўважаць... І вельмі хутка зразумеў, што, прынамсі, у ВНУ нікому маё магчымае будучае “мастацтва” не патрэбна. Часам наш арт-свет называюць “міжсабойчыкам”. Дык мастакі адно да аднаго амаль не хадзілі на выстаўкі, не бачыў я нават жадання зразумець і прыняць нешта не акадэмічнае. Кажу не пустаслоўна: я ж сярод гэтага жыў. Тым больш, мае тата і мама — Рыгор Фядосавіч і Марыя Яўгенаўна — члены БСМ.
Наколькі ведаю, савецкі час быў раем для мастакоў. Яны атрымлівалі дзяржзаказы, “бадзяліся” па ўсёй краіне на пленэры, выстаўляліся (сёння — у Мінску, паслязаўтра — на Далёкім Усходзе), сталыя зносіны захоўвалі паміж сабой, існавалі вытворчыя камбінаты… А ў дарэвалюцыйны час? Таленавітых мастакоў падтрымлівалі і цары, і царква, і мецэнаты. А мы як з пачатку 1990-х аказаліся кінутымі ў ваду, так, па вялікім рахунку, ці шмат “выплыла”?..
— Ну дык падтрымлівалі таленавітых...
— Вырашыць, мастак гэта альбо не, ці таленавіты ён, можа толькі адукаваны чалавек. А названыя мной цары, святары, мецэнаты былі людзьмі ў сваёй масе адукаванымі. Самую ж бесстароннюю ацэнку твору мастацтва, на мой погляд, можа даць толькі асоба з той жа прафесіі.
— А народ?
— У нас шмат тых, каму мастацтва не патрэбна, для каго галоўная імпрэза — “пагалівудзіць” у цэнтры. Вось ты ў мінскім Палацы мастацтва даўно быў? На выстаўцы?
— На Кірмашы мёду быў...
— ...І на выстаўцы котак... Пра што мы гаворым тады?
— Супрацоўнікі ўстановы не пагодзяцца: выстаўкі, перформансы, канцэрты там праходзяць...
— Мяне іх колькасць не задавальняе. Дый хто на іх ходзіць? Мастакі, музыканты і пяць журналістаў.
— Гэта ўжо пытанне рэкламы.
— З рэкламай беларускай культуры наогул “засада”! Што ў нас рэкламуюць, пра што напісана на расцяжках? Там “выступіць Стас Міхайлаў”, у нейкім буціку зніжаны цэны на брыльянты, а ў прэстыжным мікрараёне прадаюць кватэры ў еўрадоме!.. Мне арганізатары беларускіх фестываляў кажуць, што расцэнкі на падобную рэкламу вельмі высокія. Дык чаму не зрабіць зніжку роднаму мастацтву?!.
— Зразумела... Увогуле, трапіўшы ў крызіс, ты набіў...
— Молат Тора. А Тор у германа-скандынаўскай міфалогіі — гэта Бог грому і буры. І ў 2007 годзе з друкарні, дзе займаўся дызайнам, прыйшоў працаваць у салон. Прайшоў сумоўе, месяц далі на трэніроўку…
— Да татуіроўкі ты ставішся вельмі сур’ёзна...
— І я нават перакананы, што татуіроўку як прадмет трэба ўводзіць для выкладання ў Акадэміі мастацтваў. Вывучаюць жа графіку на камені, на лістах жалеза. Татуіроўка, лічу, — таксама мастацтва. А яе майстар — прафесія. Хоць у Адзіным тарыфна-кваліфікацыйным даведніку яе няма. У маёй жа працоўнай кніжцы напісана, што я — мастак-мадэльер.
— Дабраліся да галоўнага! Такім чынам, паўтары, калі ласка, татуіроўка — гэта...
— ...Від мастацтва. Гэта ў чыстым выглядзе выяўленчае мастацтва — проста, палатном, паперай, каменем у ім служыць цела чалавека. І, як любое мастацтва, татуіроўка можа быць дрэннай або добрай, таленавітай або бяздарнай, прыгожай ці жудаснай…
— Я ўжо прадчуваю, як у рэдакцыю “К” могуць патэлефанаваць прадстаўнікі “грамадскасці”, перакананыя, што ўсё звязанае з татуіроўкай мае дачыненне да крымінальнага свету… А ты мала таго, што татуіроўку называеш мастацтвам, дык яшчэ і ўважаеш яе часткай культуры. Дакладна?
— Абсалютна. Дый тая субкультура, пра якую ты згадаў, таксама існуе: згадаем “турэмную літаратуру” (Салжаніцын, Шаламаў і нават Якуб Колас) ў школьных праграмах. Таму давай супакоім чытачоў і аднясём татуіроўку да субкультуры...
— Добра, а штосьці звязанае з мясцінамі Беларусі набіваюць? У Маскве на адным пузе я бачыў выяву сабора Васілія Блажэннага...
— Мірскі замак я ўласнаручна набіваў. Вельмі прыгожа атрымалася. Ёсць такое, што людзі (іх сярод кліентаў нямала) і такім чынам хочуць прадэманстраваць сваё стаўленне да радзімы, да яе культуры.
— Значыць, можна казаць аб беларускай татуіроўцы?
— Вядома. І не толькі таму, што хтосьці набівае якую-небудзь беларускую славутасць. Можна казаць менавіта пра айчынную татуіроўку як такую, што нясе нацыянальныя рысы. Гэта ўжо брэнд, часам нараджэння якога я назваў бы канец
1980-х — пачатак 1990-х.
— Дык у чым яе асаблівасці?
— Гэта можа быць фраза на беларускай мове. Нашы геральдыка, арнамент. Нешта, звязанае са старажытнымі славянскімі матывамі. Нейкія стылізаваныя шаўроны, звязаныя з Вялікім Княствам Літоўскім, статутамi. Людзі, якія набіваюць такое, як правіла, вельмі начытаныя, яны разумеюць, што хочуць, у іх вельмі развіта нацыянальная свядомасць. Нават спрэчкі з імі часам узнікаюць: яны спасылаюцца на нейкія гістарычныя артэфакты, папраўляюць мяне. Набіваюць і партрэты...
— Некаторыя называюць цябе “айцом беларускай татуіроўкі”...
— Смешна гучыць. Я б сябе назваў яе ідэйным натхняльнікам, адным з аўтараў канцэпцыі. Мяркую, мы з жонкай былі першымі, хто набіў сабе беларускі арнамент. Дарэчы, я ўжо амаль скончыў збіраць матэрыял для кнігі, дзе распавяду аб нашай татуіроўцы — з усімі гістарычнымі “зноскамі”, перадумовамі…
А мастакі мяркуюць...
Мы папрасілі пракаментаваць людзей, чыёй кампетэнтнасці можна давяраць — усе члены Беларускага саюза мастакоў, — пасажы з інтэрв’ю.
Уладзімір КОЖУХ, жывапісец:
— Катэгарычна не згодзен з тым, што татуіроўка мае дачыненне да мастацтва, а значыць, і да культуры. Калісьці татуіроўка з’яўлялася складнікам культу. Вось гэты корань — “культ”, і ёсць тым агульным паміж словамі “культура” і “культ”. Паміж словамі, а не паняццямі. І пазней татуіроўка насіла характар пакланення. Нават у крымінальнікаў. Сённяшняя ж татуіроўка — глянец і гламур. Не будзем жа мы вокладку яркага часопіса прылічваць да культуры? Да псеўдакультуры, да арт-дзейства — калі ласка…
Рыгор СIТНIЦА, графік, старшыня БСМ:
— Можаце мяне запісаць у рэтраграды, але я супраць татуіровак. Гасподзь стварыў чалавека, яго цела па сваім вобразе і падабенстве. І штучна змяняць сябе — пластычнай хірургіяй (калі гэта не вымушаная мера), размалёўваннем — я лічу ненатуральным, ненармальным. Тых, хто займаецца нанясеннем татуіровак, я б вызначыў майстрамі спецыфічнымі, своеасаблівымі рамеснікамі. Але да мастацтва, тым больш да культуры, іх дзейнасць дачынення не мае…
Уладзімір ГАНЧАРУК, жывапісец:
— У Азіі, на Усходзе татуiроўка да гэтага часу з’яўляецца культам, яна нясе ў сабе магічны сэнс. Але і ў іншых частках свету чалавек заўсёды імкнуўся змяніць сябе — і ўнутрана, і знешне, стараўся наблізіцца да нейкага ідэалу. На мой погляд, у Еўропе, і ў Беларусі ў прыватнасці, масавае татуiраванне ўяўляе з сябе проста чарговае моднае захапленне. Хаця, калі татуіроўка выканана “з высокім пілатажам”, аднесці яе да незалежнага мастацтва можна, як і бодзі-арт. Права на існаванне яна мае, аднак з хрысціянскага пункта гледжання — гэта грэх…
Ганна СІЛІВОНЧЫК, жывапісец:
— Я не вялікі спецыяліст у тым, каб спрабаваць ацэньваць татуіроўку праз прызму выяўленчага мастацтва і навешваць нейкія ярлыкі. Калі раптам выпадкова звяртаю ўвагу на татуіроўку ў часопісе, па тэлевізары, значыць, яна мяне чымсьці зачапіла. Пытанне не стаіць такім чынам: падабаецца яна мне ці не, — але ж штосьці мяне прымусіла некалькі секунд сузіраць малюнак? Таму, хутчэй, я магла б назваць вось такія неардынарныя, адзінкавыя татуіроўкі творамі мастацтва…