Свята-Пакроўская царква ў Чыжэвічах на здымку больш як стогадовай даўніны.
Увечары пасля працы, у выхадныя дні абыходзіла хаты вёсак з адзіным пытаннем пра абрадавае абыдзённае палатно. Мне не было цяжка, наадварот: пошукі ўсё больш натхнялі і захаплялі. Больш за тое, я проста павінна была даведацца і запісаць імёны, удакладніць дэталі: так сама вырашыла, як зарок дала...
Сёння тых, каго згадваю ў артыкуле, ужо няма, але гісторыя захавае іх поўныя імёны. Імёны жанчын, якія не засталіся ўбаку ад агульнай бяды і самым адкрытым ды бяскроўным спосабам абаранялі сваю Радзіму — маленькую вёсачку.
Дазвольце мне выканаць свой абавязак перад жыхарамі вёскі Чыжэвічы Салігорскага раёна і ў год 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў распавесці пра іх.
У чэрвені 1944-га, калі лінія фронту імкліва адыходзіла на захад, вяскоўцы, якія напакутаваліся ад вогненнага ліхалецця, звярнуліся да старадаўняй народнай традыцыі. “У вайну, калі нас ужо вызвалялі, мы так баяліся, што немцы спаляць хаты, а нас заб’юць за партызан. Вось і вырашылі нашы бабы абараніцца і выткаць абыдзённае палатно — абыдзённiк”, — так пачынала свае ўспаміны Вольга Іосіфаўна Алешка. Яна сама не магла ўдзельнічаць у абрадзе: ёй ужо ішоў 21 год. А да вырабу палатна строга дапускаліся толькі “чыстыя” жанчыны: пажылыя, але здольныя добра, хутка прасці, ткаць, і дзяўчынкі-“недалеткі”. Праца мелася быць не абы-якая: трэба было за адзін дзень ад світанку спрасці лён, снаваць кросны і выткаць палатно. Таму яно і называлася абыдзённым, гэта значыць — вырабленым за адзін дзень. Ад гэтага палатна, па меркаванні ўдзельніц абраду, залежыў лёс вёскі.
Цвёрдая вера ў сілу абыдзённіка была вялікая, а сама падзея яго вырабу — такой значнай для вяскоўцаў, што праз дзясяткі гадоў яны памяталі падрабязнасці. Кацярына Максімаўна Вішнеўская нават дату назвала: панядзелак, 12 чэрвеня, у першы дзень Пятрова поста. Сабраліся завідна ў хаце ў Алімпы Марыніч у пасёлку Пакроўка (сучасны раён чырвоных хатак горада Салігорска). Усяго — чалавек пятнаццаць. Сярод іх — Валянціна Сцяпанаўна Шуневіч і яе маці Марына Пракопаўна (у дзявоцтве — Марыніч) з пасёлка Кудрын.
Пралі на звычайных калаўротах. Кросны снавалі на адну даўжыню палатна, метраў шэсць, гэта значыць — адну “губку”. Ткалі вельмі хутка, не звяртаючы ўвагі на тое, што палатно месцамі атрымлівалася рэдзенькім, з “недасекамі”, без пруга. Не адпачывалі, не вялі старонніх размоў, елі спехам. І бясконца маліліся. Радасць, душэўны спакой, адчуванне выкананага абавязку, пачуццё дачынення да бліжняга і да ўсяго свету — усё гэта не пакідала месца для стомы.
У вёсцы ведалі, што тчэцца абыдзённік і што ў гэты ж дзень да вечара будуць абносіць ім Чыжэвічы. Але ў царкву на асвячэнне гатовага палатна прыйшлі не многія. Такі быў угавор загадзя: баяліся фашыстаў, не хацелі, каб тыя разагналі людзей, якія будуць несці палатно. З рашучасцю і трапятаннем жанчыны прыступілі да галоўнай справы: разгорнутую халсціну панеслі ад царквы вакол вёскі. Неслі чалавек сем, ішлі адно за адным “супраць сонейка” так, каб правая рука была па вонкавым коле. Палатно жанчыны падтрымлівалі за адзін край і такім чынам таксама знаходзіліся ў крузе абярэга. Наперадзе неслі ікону Казанскай Божай Маці. Маліліся за выратаванне вёскі і яго жыхароў, “каб не спалілі”. Нетаропка абышлі ўсю вёску з пасёлкамі і замкнулі кола каля царквы…
Баі праз Чыжэвічы прайшлі хутка, людзі хаваліся ў лесе толькі адну ноч — з 29 на 30 чэрвеня. Хаты засталіся цэлымі, і жыхары заўсёды былі перакананы, што гэта яны ўсім светам з Божай дапамогай збераглі родныя паселішчы.
Што далей сталася з абыдзённым палатном? Па павер’ях, яго нельга рэзаць, нельга мыць. Кажуць, абыдзённік павесілі на іканастас у Свята-Пакроўскай царкве, і ён там знаходзіўся, пакуль не абвясцілі Перамогу…
Абярэжны абрад з абыдзённым палатном праводзілі ў многіх вялікіх і малых вёсках Старобіншчыны: у Краснадворцах, Сяльцы, Чэпелях, Мецявічах ды іншых. Звесткі пра гэта яшчэ можна знайсці і запісаць. Запісаць для нашчадкаў як памяць аб усенароднай сіле і ўсенародным адзінстве ў барацьбе супраць ворагаў Айчыны…
Зінаіда РАМАНОВІЧ, краязнаўца