Фрагменты новай экспазіцыі. / Фота аўтара
Пра знаходкі распавяла загадчык аддзела археалогіі музея Наталля Кізюкевіч:
— На выстаўцы прадстаўлены вынікі даследавання горада, пачынаючы ад сенсацыйных адкрыццяў Язэпа Ядкоўскага і заканчваючы 2012 годам. Тут маюцца прадметы як з фондаў музея, так і іншыя, якія, у прыватнасці, захоўваюцца ў Гродзенскім дзяржуніверсітэце імя Янкі Купалы.
На гэтай жа выстаўцы, — працягвае спадарыня Кізюкевіч, — апроч знойдзеных прадметаў, дэманструюцца спробы рэканструкцыі. Напрыклад, мы можам бачыць, як магла выглядаць Замкавая гара ў ХІІ стагоддзі, і ўявіць, што такое сярэднявечны горад, якія там былі дамы, брукаванкі, цэрквы... У Гродне ў ХІІ стагоддзі існавала свая архітэктурная школа, і адзіны яе помнік, што вядомы ўсім, — гэта Каложская царква. Аднак акрамя яе былі яшчэ і іншыя збудаванні. Даследчыкі лічаць, што Ніжняя царква, якая знаходзілася на Замкавай гары, — найстарэйшы з помнікаў ХІІ стагоддзя, і на гэтай выстаўцы мы паказваем увесь той комплекс, які датычыцца Ніжняй царквы: фрагмент маёлікавай падлогі, рэканструкцыя падкупальнай прасторы гэтай падлогі. Дэманструем будаўнічыя матэрыялы — гэта плінфа са знакамі, галаснік; кавалкі звона, які абрынуўся ў час першага разбурэння Ніжняй царквы. На выстаўцы таксама прадстаўлены вядомыя з энцыклапедый пласціны з выявамі святых Паўла, Сімяона, Фядота...
Андрэй МЯЛЕШКА
Гродна