(Працяг. Пачатак у №№ 26, 28 — 29.)
Падземная аўтастаянка была напаўпустой. Некалькі чорных “волг”, пара “чаек”, адна “перамога” і “аўдзі”, якая глядзелася тут чужародна. <...> Мы хуткім крокам ішлі да ліфта, і я на хаду паспрабаваў запомніць хаця б адзін з нумароў аўтамабіляў, каб затым праз сяброў у ДАІ выведаць, каму яны належаць. Але нумарныя знакі чыёсьці прадбачлівай рукой былі завешаны <...>.
— Віктар Сямёнавіч Абакумаў запрасіў мяне для гутаркі. Мы размаўлялі з ім на розныя тэмы больш за паўтары гадзіны. І раптам таварыш Абакумаў запытаўся ў мяне, ці гатовы я выконваць далікатныя заданні, таямніцу якіх павінен буду забраць з сабой у магілу. Ён намякнуў на тое, што гаворка можа ісці пра ліквідацыю некаторых вядомых людзей, чые паводзіны выходзяць за межы, прынятыя ў пасляваенным грамадстве і з’яўляюцца злачыннымі. Я пагадзіўся. І праз пару тыдняў быў ізноў выкліканы ў гэты ж кабінет…
Абакумаў працягнуў Гендліну лісток паперы з прозвішчам, імем ды адрасам зусім не знаёмага Міхаілу Якаўлевічу чалавека. І сказаў: “Запомніце. І спаліце гэта ў маёй попельніцы”. Потым дадаў: “Даю вам тыдзень. Усё павінна выглядаць так, быццам гэта — няшчасны выпадак, магчыма, нават самагубства. А лепш за ўсё — сардэчны прыступ. Прыміце пад увагу, гэтае заданне знаходзіцца пад кантролем самога таварыша Берыя”.
Ю.Пэн. "Пекар".
Я не меў права распытваць, што гэта за чалавек. І толькі потым, ужо бліжэй да сыходу на пенсію, даведаўся з архіваў, што ён быў калісьці даверанай асобай Лаўрэнція Паўлавіча, а дакладней — “ліквідатарам”. Вы ж разумееце, што часам неабходна было прыбіраць праціўнікаў ціха, без шуму.
— Як, напрыклад, Міхоэлса?
— Так. Але тады я яшчэ не ведаў, што гэты “ліквідатар” мае дачыненне да гібелі Саламона Міхайлавіча. На яго сумленні, дарэчы, смерць яшчэ аднаго вялікага яўрэя — мастака Юрыя Пэна. Як я высветліў, стары Пэн быў адным з першых яго заданняў (вылучана мной. — А.П.)
— Міхаіл Якаўлевіч, а вы можаце назваць імя гэтага “ліквідатара”? У рэшце рэшт, прайшло столькі гадоў, няма ўжо ў жывых ні Абакумава, ні іншых вашых начальнікаў, ды і КДБ не існуе, як, зрэшты, і Савецкага Саюза...
— Але я жывы і мая клятва — са мной! Да таго ж, у яго засталіся сваякі — цяпер вельмі ўплывовыя людзі ў Расіі, — і я зусім не хацеў бы ўскладненняў з імі. Скажу толькі: ён быў запісным антысемітам. І ў апошні год жыцця, выйшаўшы з-пад кантролю таварыша Берыя, вельмі часта сам прымаў рашэнне, каго караць смерцю, а каго мілаваць.
— Як ён памёр?
— О, гэта было вельмі цяжкім заданнем! Ён разумеў, што за ім вядзецца паляванне і альбо сядзеў дома, альбо намагаўся акружыць сябе як мага большай колькасцю людзей. Сілкаваўся ён толькі ў нашай сталовай на Лубянцы, дзе атруціць ежу было вельмі складана. Мне давялося выдатна папрацаваць, каб разам з ім ніхто не пацярпеў. На шчасце, у маім распараджэнні была сакрэтная лабараторыя, дзе па асабістым распараджэнні таварыша Абакумава я атрымаў мініяцюрны шпрыц з імгненна дзеючай атрутай, якая потым вельмі хутка раскладаецца. Але і ў яго таксама быў такі шпрыц! Вельмі важна было, каб ён не зразумеў, што менавіта я за ім палюю. Я павінен быў выбраць момант, калі ён страціць пільнасць. А ён мог страціць яе толькі ў той адзіны момант, калі нёс паднос ад акна раздачы да століка ў сталовай. Але там было занадта шмат сведак, і я не павінен быў, як гэта цяпер кажуць, “засвяціцца”...
(Працяг будзе.)
Аркадзь ПАДЛІПСКІ
Віцебск